У рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» госці з МУС наведалі падшэфную Радашковіцкую школу-інтэрнат для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.
Хлопчыкаў і дзяўчынак павіншавалі намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Барсукоў і начальнік Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Алег Маткін.
— Мы жадаем дзецям здароўя, поспехаў і дабрабыту, — сказаў Аляксандр Барсукоў. — Няхай усе непрыемнасці застануцца ў мінулым, а мы, дарослыя, будзем рабіць для гэтага ўсё магчымае. Мы разумеем, што для дзіцяці важна адчуваць любоў і клопат, і імкнёмся дапамагаць не толькі на святы — разам мы круглы год.
Выхаванцам інтэрната падарылі кнігі, мэблю, салодкія прысмакі. Таксама быў арганізаваны канцэрт. Перад прысутнымі выступілі салісты заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь «Ансамбля песні і танца ўнутраных войскаў МУС». Дзеці ў даўгу не засталіся і наладзілі гасцям тэатралізаваны паказ. Там былі і Дзед Мароз з унучкай, і пятачок Фунцік, і мех чароўных снежак. Вечар прайшоў па-сапраўднаму ярка, у цёплай, сардэчнай абстаноўцы.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci