Вольга Жадзеева — журналістка, бізнес-вуман, да таго ж маці пецярых дзяцей. Яна стваральніца першага беларускага партала пра моду РRЕTАРОRTАL, саўладальніца крамы адзення і аксесуараў «Канцэпт-крама». Пра каханне, кар'ерны шлях, сакрэты ўдалага планавання часу і выдатнага мацярынства мы спыталі ў нашай прыгожай суразмоўніцы.
— Вольга, якой у юнацтве вам бачылася ідэальная сям'я?
— З дзяцінства ў галаве была выразная схема асабістага жыцця, дзе абавязкова павінен быць муж і максімум два дзіцяці. У 21 год я сустрэла каханага чалавека, які падчас нашага знаёмства сказаў, што я падобна на яго будучую жонку. Шчырыя пачуцці і жаданне мець дружную сям'ю паўплывалі на тое, што мы пажаніліся ўсяго праз паўгода стасункаў.
— Зараз у вас пяць цудоўных дзяцей. Знешне яны вельмі падобныя адно да аднаго: блакітнавокія, светленькія. А па характары?
— Нягледзячы на тое, што нарадзіліся малыя ў адных і тых жа бацькоў, растуць у адной і той жа сям'і, тэмпераменты ў іх розныя. Хоць, напэўна, няправільна казаць пра адных і тых жа бацькоў, бо ў пэўныя перыяды жыцця па ўнутраным адчуванні мы з мужам мяняліся. З кожным годам я і Саша станавіліся больш мудрымі, падрыхтаванымі.
Наша старэйшая дачка Арына, якой зараз 15 гадоў, з чатырох пачала прафесійна займацца фігурным катаннем, цяпер танцуе ў групе падтрымкі хакейнага клуба «Дынама». Калі дзіця «сябруе» са спортам, гэта пакідае свой адбітак на характары: яна баец. І яшчэ мой неаб'ектыўны мацярынскі погляд можа сказаць і аб тым, што Арына вельмі прыгожая і мэтанакіраваная.
Адзінаццацігадовы сын Андрэй — бунтар: заўсёды мае сваё меркаванне, якое гучна адстойвае. Не любіць вучыцца ў школе, але любіць спорт: займаецца дзюдо, футболам. З раніцы да вечара захоплены толькі гэтым.
Дачцэ Магдалене дзевяць гадоў, яна ў нас цікавая асоба: як казачная фея, ласкавая, жыве ў сваім свеце прынцэс і аднарогаў. А яшчэ дзяўчына вельмі высокая для свайго ўзросту, напэўна, будучая мадэль расце!
Стэфаніі шэсць гадоў. Яна, у адрозненне ад Андрэя, цягнецца да вучобы і любіць камандаваць. Ну, і самы маленькі ў сям'і — Мікіта, яму паўтара гадкі. З упэўненасцю магу сказаць, што ён вельмі актыўны і любіць паесці!
— Чым вы кіраваліся, калі напаўнялі кожную хвіліну вольнага часу сваіх сыноў і дачок дадатковымі заняткамі?
— Я ўпэўнена, што бацькам трэба займаць дзяцей рознымі актыўнымі дзеяннямі, тлумачыць ім, навошта гэта спатрэбіцца ў жыцці. А яно абавязкова спатрэбіцца. Напрыклад, Арыну мы аддалі на прафесійнае фігурнае катанне, калі ёй было чатыры гады. Штодзённыя трэніроўкі па некалькі гадзін, паралельна — гімнастыка. Часам дачцэ ўвогуле не хацелася ісці, але я заўсёды матывавала, падтрымлівала. Так і з іншымі дзецьмі. Да іх трэба прыслухоўвацца, але не патураць капрызам.
— Якая вы матуля?
— Дзеці кажуць, што я вельмі добрая мама. (Усміхаецца.) Але люблю быць паслядоўнай, бо разумею каштоўнасць свайго часу. Мае сілы, энергія патрэбны як для сям'і, так і для працы. Таму часам даручаю малым хатнія клопаты — яны ўсё выконваюць. Ведаюць, што калі чагосьці не зробяць, пакрыўджуся.
— А хто выконвае хатнія абавязкі, падтрымлівае чысціню ў доме?
— Ён у нас вялікі. Мыю, прыбіраю, гатую ў асноўным сама, але з нядаўняга часу ў нас з'явілася памочніца па доме, якая прыходзіць раз на тыдзень і прыбіраецца. Шчыра кажучы, гэтага хапае ненадоўга: у прасторы, дзе ёсць маленькія дзеці, парадак доўга не захоўваецца. Што датычыцца трэніровак, секцый, гурткоў, паездак па бальніцах (а гэта велізарны пласт работы), мы з мужам усё робім самі. Часам дапамагаюць дзядулі і бабулі, на шчасце, яны жывуць у Мінску.
— Вы выхоўваеце дзяцей, аглядваючыся на вопыт сваіх бацькоў, або абапіраецеся на ўласны?
— Так, часам лаўлю сябе на думцы, што некаторыя фразы, дзеянні раблю так, як мая мама. Але нельга ігнараваць тое, што цяпер іншы час, іншыя магчымасці, а значыць, іншыя метады выхавання. Напрыклад, мне ў маім дзяцінстве было забаронена глядзець тэлевізар, з-за гэтага я да 18 гадоў не бачыла савецкага кіно, нават самых вядомых кінакарцін. Затое вырасла начытаным чалавекам. А мае дзеці кожны дзень сядзяць у гаджэтах на фоне ўключанага тэлевізара. Я разумею, што забараняць ім карыстацца гэтымі магчымасцямі няма сэнсу, бо яны быццам нарадзіліся з уключанай функцыяй «гугліць, лайкаць, падпісвацца».
— Як мяняўся светапогляд з нараджэннем кожнага дзіцяці?
— Узрастала разуменне многіх рэчаў. Дзеці вучаць цярпенню: пакуль мы выхоўваем іх, яны выхоўваюць нас. Раней я была больш запальчывай, нервавалася без прычыны, цяпер гэта знікла. Малыя вучаць шанаваць простыя рэчы: яны па-асабліваму радуюцца першаму снегу або паходу ў лес. Да таго ж з часам дарослыя становяцца менш дапытлівымі, і дзеці ім з гэтым дапамагаюць, як ніхто іншы: расказваюць пра новыя модныя плыні, папулярныя кнігі, вядомых блогераў.
Калі б у мяне не было Арыны, Андрэя, Магдалены, Стэфаніі і Мікіты, думаю, маё жыццё было б такім жа насычаным, як зараз: шмат падарожжаў, цікавых сустрэч, але я б дакладна не шанавала... сон, напрыклад. Або магчымасць паесці ў адзіноце, калі ніхто не лезе рукамі ў талерку. (Усміхаецца.)
— У вас ідэальная фігура! Як хутка прыходзілі ў патрэбную форму пасля цяжарнасцяў?
— Дзякуй за камплімент. Быць у форме — не праблема. Магчыма, вялікую ролю іграюць гены і стыль жыцця. Дазваляю сабе розныя прысмакі, бо разумею, што тая энергія, якую я выдаткоўваю кожны дзень, нашмат большая, чым тая, якую атрымліваю. Першыя месяцы пасля родаў я не ставіла сабе звышмэты хутка прыйсці ў форму. Давала арганізму час на адпачынак, самааднаўленне. Чым старэйшай станавілася, тым больш разумела важныя рэчы: напрыклад, каб захаваць грудное малако, трэба добра харчавацца, не сядзець на дыетах.
— Заўважыла, што вялікую ўвагу вы аддаяце вонкаваму выгляду. Як сфарміраваўся ваш стыль?
— Пэўны ўплыў у гэтым аказала мама, нават у нялёгкі час дэфіцыту тавараў і фінансавых цяжкасцяў яна намагалася добра выглядаць і прыбіраць мяне: шыла, вязала, нешта прыдумляла.
— Вольга, як вы ўспрымалі час дэкрэтаў? Хацелася хутчэй збегчы на працу?
— Калі ў нас з мужам з'явілася старэйшая дачка Арына, я толькі скончыла ўніверсітэт. Першы дэкрэт я адседзела амаль увесь належны тэрмін — два з паловай гады, і аддавала сябе толькі сям'і. У наступных ужо сумавала, хацелася рэалізавацца. Здавалася, што дарэмна марную час, цяпер разумею, што разважала няправільна. Час знаходжання з малым дзіцем для жанчыны вельмі важны, прадукцыйны, ён дапамагае разабрацца з сабой, зразумець, чаго ты хочаш ад жыцця, усвядоміць жаночую сутнасць.
Цікава, што пасля нараджэння першынца я ставіла перад сабой мэту адразу нарадзіць дваіх, каб не страчваць час без працы. А працавала я журналістам у інфармацыйным агенцтве і для таго, каб знаходзіцца ўвесь час «на хвалі», павінна была мець кантакты, сувязі, сустрэчы. Маё жаданне ажыццявілася — за другі дэкрэт нарадзіла Андрэя і Магдалену. Апошнія два дэкрэты ў мяне былі прадукцыйнымі: з чацвёртым дзіцем стартаваў праект аб модзе РRЕTАРОRTАL, а калі нарадзіла самага маленькага Мікіту, я ўжо займалася «Канцэпт-крамай», паралельна выкладала дысцыпліну «Фэшн-журналістыкі» на факультэце журналістыкі БДУ.
— Звернемся да РRЕTАРОRTАL. Першы ў Беларусі партал пра моду быў створаны ў 2012 годзе. Чаму інтэрнэт-рэсурс, а не папяровае выданне?
— Таму што блог можна зрабіць любому чалавеку з адносна невялікімі ўкладаннямі. На той момант, калі стварала РRЕTАРОRTАL, у Беларусі не было вялікай разнастайнасці выданняў аб модзе, хацелася ажыццявіць тое, што будзе адпавядаць маім жаданням. Спачатку на сайт пісала толькі я, ужо пасля знайшла добрую каманду, з якой працую і дагэтуль. А да таго часу вяла розныя калонкі ў папяровых выданнях аб модзе, але разумела, што гэтага мала, — адзін тэкст у тыдзень. На сваім жа партале можна пісаць колькі заўгодна.
Увогуле, захапляцца моднай тэматыкай я пачала тады, калі ў мяне ўжо было трое дзяцей. Пісала пра ўсё, што мяне цікавіла, і метадам спроб і памылак зразумела, што добра атрымліваецца развівацца менавіта ў гэтым напрамку. Некаторым людзям здаецца, што мода — вузкая сфера, але гэта не так. Гэта паўнавартасны кірунак у журналістыцы. Калі не валодаеш патрэбнымі ведамі, уласнай пазіцыяй, то меркаванні і артыкулы будуць павярхоўнымі.
— Зацікаўленасць фэшн-сферай у Беларусі пяць гадоў таму і зараз: развіццё ёсць?
— Безумоўна. Кожныя некалькі месяцаў у краіне з'яўляюцца новыя дызайнеры, гэта я бачу па тым, як яны прыходзяць да нас у «Канцэпт-краму» і хочуць узаемадзейнічаць. «Канцэпт-крама» — гэта пляцоўка, дзе праводзяцца сустрэчы з аўдыторыяй, майстар-класы, прэзентацыі новых калекцый і імёнаў. Радуе, што гэта запатрабавана. А яшчэ прыемна, што мужчыны сталі нашмат больш цікавіцца модай. Па статыстыцы нашага партала, іх наяўнасць чатыры гады таму складала каля 6 %, цяпер — 40 %. Самы папулярны артыкул за мінулы год — падборка мужчынскіх вобразаў на пэўны сезон.
— Калі вы былі студэнткай і вучыліся на факультэце журналістыкі БДУ, таксама вылучаліся сярод іншых працалюбствам, як зараз?
— Працы я ніколі не баялася, энергіі было шмат, таму хацела паспрабаваць сябе ў розных сферах. Спачатку займалася мадэлінгам, супрацоўнічала з вядомым мадэльным агенцтвам, нават удзельнічала ў буйным конкурсе прыгажосці «Топ-мадэль» Беларусі (а калі ўжо нарадзіла чатырох дзяцей — у «Місіс Беларусь — 2014»). Дзякуючы гэтаму былі і паказы, і кішэнныя грошы. Таксама ўзаемадзейнічала з рэкламнымі акцыямі — піярыла пэўныя вядомыя прадукты. Памятаю, як падчас кастынгаў журы глядзелі не толькі на знешнасць, а і на камунікатыўныя навыкі, на стрэсаўстойлівасць. Ужо на апошніх курсах вучобы ва ўніверсітэце працавала сакратаром, паралельна супрацоўнічала з рознымі перыядычнымі выданнямі. Але праз некаторы час дакладна для сябе вызначыла, што журналістыка — у прыярытэце.
— Сям'я, журналістыка, бізнес... Як усё паспяваеце?
— У мяне не фіксаваная праца «з дзевяці раніцы да шасці вечара», яна аддаленая. З нашай сям'ёй мы жывём за горадам, на нейкія сустрэчы, мерапрыемствы выязджаю ў горад, займаюся важнымі справамі. Калі заканчвала ўніверсітэт, у галаве было: «Працаваць — значыць сядзець у офісе, выконваць даручэнні кіраўніцтва». А цяпер разумею, што рабіць гэта можна ў любым месцы: у машыне, у кавярні, дома.
Але магу сказаць, што да такога ўсведамлення прыйшла не адразу. На пачатку мацярынства я ўставала ў пяць гадзін раніцы, гатавала, збірала дзяцей, збіралася сама, адвозіла іх па напрамках, спяшалася на планёрку. А ўвечары ўсіх забірала, рабіла з дзецьмі ўрокі. У хуткім часе адчула эмацыянальнае выгаранне. Ператварылася ў чалавека-функцыю, таму вырашыла змяніць жыццё так, каб было добра і мне, і маім родным. Зараз мой унутраны стан знаходзіцца ў гармоніі, адчуваю сябе шчаслівай.
Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/darya-shlapakova
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta