«Дзінка не бачыла твараў і целаў, толькі гэтыя страшныя рукі — нечалавечыя, узгорыстыя, чатырохпальцавыя. Яны вырасталі з туману, утыкаліся ў зямлю — усе бліжэй і бліжэй. Не вытрымаўшы, дзяўчына зажмурылася і ў голас закрычала...» (Алека Вольскіх. «Павуцінне старога горада».)
Фэнтэзі — адзін з самых папулярных літаратурных кірункаў у сучасных дзяцей. Па падобныя кнігі стаяць у чарзе ў бібліятэках краіны, а асабліва нецярплівыя трацяць усе свае кішэнныя грошы, каб чарговы раз «праглынуць» твор за два дні.
— Ведаеце, мяне нават мама аднойчы за гэта адчытала, — са смехам успамінае Каця Пазыніч, трынаццацігадовая жыхарка Мінска. — На дзень нараджэння мне падарылі шмат грошай. І як толькі выдалася магчымасць, я пабегла ў кнігарню і на ўсю суму набыла сабе кніг. Што было, вам не перадаць!
Каця расказвае, што кнігі побач з ёю з самага дзяцінства. Спачатку ёй чыталі бацькі, потым яна — разам з імі, і, канешне, быў перыяд, калі маці трошкі прымушала чытаць... А ў чацвёртым класе сяброўка эмацыянальна прапанавала адну кнігу з серыі «Светашукальнікаў». І ўсё! З таго часу, як прызналася Каця, яе ніхто болей на прымушаў. Яна сама знаходзіць магчымасць чытаць. Спачатку гэта былі серыі кніг фэнтэзі, потым перайшла на класіку і прыгоды. Дарэчы, адной з самых любімых стала трылогія аб мушкецёрах Аляксандра Дзюма.
— Калі чытаю, дык нібыта паглыбляюся ў свет кнігі, як ў нару, — кажа Каця. — Раптам аказваюся цалкам у нейкім нерэальным свеце! Бывае, такая фантастычная бурда, але ўсё роўна адарвацца немагчыма!
І сапраўды, падлеткі з шостага па восьмы клас, якія прыходзяць у бібліятэку па кнігі, аддаюць перавагу фэнтэзі.
— Фэнтэзі чытаюць і дзяўчаткі, і хлопчыкі, — расказвае загадчыца сектара старэйшага абанемента Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі імя М. Астроўскага ў Мінску Людміла Дуброўская. — Гэта серыі кніг Джаан Роўлінг пра Гары Потэра, серыя «Часадзеі» Наталлі Шчэрбы. Яшчэ вельмі папулярныя кнігі «Таямнічыя прыгоды» Юрыя Сітнікава, Уладзіміра Шломана і Кацярыны Карэтнікавай і жахі для дзяцей Роберта Штайна і Стывена Кінга.
Вучні 6—8 класаў выбіраюць:
- Джаан Роўлінг. Серыя кніг «Гары Потэр»;
- Наталля Шчэрба. Серыя кніг «Часадзеі»;
- Гір Керсцін. Серыя кніг «Таймлес»;
- Яўген Глаголеў. Цыкл кніг серыі «Зярцалія», «Пардус»;
- Серыя жахаў «Таямнічыя прыгоды».
Сучасныя 9—11-класнікі пераходзяць на класіку. Напрыклад, усе рэкорды ў бібліятэцы пабіў Рэй Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў» і Джэрам Сэлінджэр «Над безданню ў жыце».
— Кантраляваць попыт сённяшніх старшакласнікаў немагчыма, — упэўнена бібліятэкар. — Дзеці ведаюць, што хочуць, і прыходзяць да нас ужо з гатовым спісам. Перачытваюць «Джэйн Эйр», «Птушкі ў цярноўніку», «1984»... Напрыклад, у нас 16 кніг Рэя Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў», але іх амаль ніколі няма, бо сёння малады чалавек здаў, і тут жа іншы забраў.
Пакаленне Z выбірае:
- Рэй Брэдберы. «Віно з дзьмухаўцоў»;
- Джэрам Сэлінджэр. «Над безданню ў жыце»;
- Харпер Лі. «Забіць перасмешніка»;
- Джоджа Маес. «Да сустрэчы з табой»;
- Шарлота Бронтэ. «Джэйн Эйр».
Родная мова з маленства
А вось на беларускай мове чытаюць няшмат, сказалі ў бібліятэцы. Нават «Палескіх рабінзонаў» Маўра просяць на рускай. І гэта нягледзячы на тое, што ў некаторых маладзёжных суполках лічыцца крутым чытаць творы на мове арыгінала. Але кнігі на беларускай усе ж заказваюць. У бібліятэкі просяць беларускамоўныя выданні Аляксея Шэіна «Сем камянёў» і Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак «Гімназія № 13» (дарэчы, падзеі ў рамане адбываюцца ў сучасным Мінску). Таксама сярод беларускамоўных карыстаюцца попытам кнігі Валерыя Гапеева «Мая мілая ведзьма», «Урокі першага кахання» і маладой аўтаркі (пра яе некалі пісала «Звязда») Ксеніі Шталянковай «Адваротны бок люстра».
А вось на кніжным рынку попыт на кнігі на роднай мове набірае абароты. Пра гэта расказала памочнік РR-менеджара інтэрнэт-крамы ОZ.bу Лізавета АРЦУЕВА:
— У апошні год цікавасць да беларускамоўных кніг значна павялічылася, — гаворыць прадстаўнік кнігарні. — Так, у хатнія бібліятэкі сталі набываць пераклады класічнай сусветнай літаратуры: «Хронікі Нарніі», «Скрозь люстэрка, і што там убачыла Аліса», «Прыгоды барона Мюнхгаўзэна», а таксама кнігі аб прыгодах Пэтсана і Фіндуса. Яшчэ попытам карыстаюцца кнігі Марыіі Чарвяковай і Марты Чарновай «Смелая дзяўчынка», Аляксея Якімовіча «Сем гісторый пра Воўка і Вожыка», Міхася Зізюкі «Янка, Шмурдзік, Бухматка ды іншыя» і Ганны Янкуты «Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў», а таксама Уладзіміра Караткевіча, Аляксея Шэіна і Вольгі Гапеевай.
Падобная сітуацыя склалася і ў сектары малодшага абанемента бібліятэкі. Работнікі ўстановы мяркуюць, што дзеці больш ахвотна чытаюць на роднай мове таму, што сучасныя выдавецтвы паклапаціліся, каб кнігі для маленькіх былі яркімі і вельмі прыгожымі.
— У малодшым абанеменце, як і ў старэйшым, карыстаюцца попытам серыі кніг, — гаворыць загадчыца сектара аддзела абслугоўвання Цэнтральнай дзіцячай бібліятэкі Вольга КРАСІЛЕВІЧ. — Напрыклад, серыя кніг шведскага пісьменніка і мастака-ілюстратара Свэна Нурдквіста пра старога Пэтсана і яго смешнага коціка ў паласатых штанах Фіндуса. Папулярнасцю карыстаюцца кнігі гэтай серыі як на беларускай, так і на рускай мовах.
Для самых маленькіх мамы выбіраюць кнігі з мінімальнай колькасцю тэксту і вельмі прыгожымі малюнкамі.
— Сёння такія кнігі выдаюць у вялікай колькасці, — расказвае бібліятэкар. — Звычайна да нас прыводзяць дзетак, якія ўжо разумеюць, што такое кніга, і могуць штосьці разглядваць, пакуль маці чытае. Найчасцей для малых бяруць дзіцячую прыгодніцкую літаратуру — як правіла, героямі гэтых кніг з'яўляюцца жывёлы, а ў самім выданні ілюстрацыі размяшчаюцца на ўвесь разварот.
Першакласнікі часта бяруць літаратуру, якую неабходна чытаць па школьнай праграме, з тэкстам, надрукаваным вялікім шрыфтам. Таксама дзеці любяць гісторыі пра дзёрзкую карову маму Му. Серыя створана Юяй Вісландэр і Свэнам Нурдквістам. Прычым любяць гэтыя прыгоды як дашкольнікі, так школьнікі.
Незвычайнай дзеці лічаць серыю пра Мага Захарыю аўтараў Ахіма Альгрыма і Сілке Морытц. Гэта кнігі-загадкі, у якіх трэба знайсці смешныя памылкі: напрыклад, ваду, што «капае» з намаляванага акіяна, ці траву, якая «расце» на стуле.
Сярод папулярных беларускіх аўтараў у малодшым абанеменце — Вольга Гапеева. Яна стварыла маленькія казачныя гісторыі, якія нікога не пакінуць абыякавым. Героі ў аўтаркі дзіўныя: суп, які не хоча быць нудным, гузік, які шукае сэнс у жыцці, вожык, які ніяк не можа зразумець, чаму людзі перад сном лічаць авечак.
З малымі і малодшымі школьнікамі можна пачытаць:
- Томас і Юя Вісландэр. «Мама Му і снегакат»;
- Свэн Нурдквіст. «Пэтсан і Фіндус святкуюць каляды»;
- Свэн Нурдквіст. «Калядная каша»;
- Зімовы зборнік выдавецтва «Звязда». «Падарунак ад Дзеда Мароза»;
- Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак. «Праўдзівая гісторыя Дзеда Мароза».
Становяцца дарослымі не разам, а побач
Ужо ў трэцім-чацвёртым класах дзяўчаткі і хлопчыкі пачынаюць чытаць усё больш. Школьніцы чытаюць раманы для дзяўчат, хлопчыкі — фантастыку і прыгоды на касмічную тэматыку. Але яны па-ранейшаму любяць, каб героямі кніг былі школьнікі.
Вельмі папулярным праектам тут можна лічыць «Дзённік Нікі» Рэйчал Рэнэ Расэл. Кнігі гэтай аўтаркі любяць не толькі юныя беларусачкі. Дзеннікі ўвайшлі ў топ-10 самых папулярных серый па версіі «Кнігі рэкордаў Гінеса» і заваявалі мноства літаратурных узнагарод. Гэта вельмі трапны і вясёлы дзённік няўдачніцы з цудоўнымі ілюстрацыямі. У кнізе апісаны пытанні, знаёмыя кожнай дзяўчынцы: як паводзіць сябе з хлопчыкам, каб яму падабацца, як будаваць адносіны з бацькамі і сястрой, як завесці сяброў ў класе і потым іх не страціць.
Яшчэ адзін папулярны жанр сярод дзяцей — гэта дэтэктыў. Бадай, самай запатрабаванай можна назваць аўтарку Холі Вэб і яе серыю кніг пра дзяўчынку Мэйзі Хітчынс. Дарэчы, з гэтым згодны і прадстаўнікі названай кніжнай крамы. Кнігі гэтай аўтаркі ўваходзяць у топы продажу ў нашай краіне. Творы апавядаюць пра раследванні разумнай, смелай і цікаўнай дванаццацігадовай дзяўчынкі Мэйзі і яе вернай сабакі Эдзі. Кнігі напісаны ў жанры класічнага англійскага дэтэктыва. Хлопчыкам (хаця і дзяўчаткам таксама) падабаюцца кнігі Ганса Юргена Прэса «Па гарачых слядах. 50 дэтэктыўных загадак» і «Прыгоды «Чорнай рукі». Гэта гісторыі, укладзеныя ў малюнкі для дзяцей, якім не дае спакою слава Шэрлака Холмса і Эркюля Пуаро. Захапляльныя дэтэктыўныя загадкі і рэбусы.
А вось папулярная серыя «Вялікая маленькая дзяўчынка» беларускай аўтаркі Марыі Бяршадскай расказвае пра сямігадовую дзяўчынку і яе сяброў, пра жыццё і турботы звычайных дзяцей.
— Разумееце, серыі кніг — добра не толькі таму, што папулярна, — гавораць бібліятэкары.— Дзеці, якія палюбілі героя, хочуць знаходзіць яго на старонках зноў і зноў. Гэта не толькі мудры маркетынгавы ход, але і вельмі карысная справа. Праз кнігі дарослыя могуць знаходзіць кантакт з дзецьмі.
Наталля ТАЛІВІНСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-talivinskaya
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/knigi
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta