Актрыса і спявачка Наталля АРЭЙРА – пра любімыя серыялы, сямейнае шчасце і Беларусь.
Серыялы я любіла глядзець, калі была зусім маленькая. Па тэлебачанні тады круцілі мыльныя оперы – “Дзікая ружа”, “Багатыя таксама плачуць”, “Луіс Альберта”. Праз пэўны час я і сама стала зоркай экрана. Усё магчыма, калі марыць шчыра і працаваць плённа.
Прыгажосць – даволі адносная рэч. Яе нельга аб’ектыўна ацаніць. Мне здаецца, важна атрымліваць задавальненне ад жыцця і добра харчавацца, каб быць здаровай і прыгожай. Я вегетарыянка ўжо амаль 18 гадоў, таму даводзіцца быць вельмі ўважлівай у выбары ежы, каб атрымліваць дастаткова бялкоў. Быць вегетарыянцам – гэта ўвесь час думаць, што б такое з’есці, каб мець дастаткова сіл. З дадатковых крыніц энергіі мне падабаюцца кветкавы пылок і эхінацэя. Акрамя таго, я ніколі не кладуся спаць, не змыўшы з твару макіяж – як бы ні стамілася. І досыць добра даглядаю за валасамі. Мая мама працавала цырульнікам і часта прымала кліентак дома. Я з дзяцінства зразумела, як правільна даглядаць за валасамі.
Жанчыны, на якіх раўняюся? Канкрэтных асоб няма. Але я шчыра захапляюся жанчынамі, якія дзяцей выхоўваюць без бацькі. Гэта даволі цяжка, але так пашырана ва ўсім свеце. У мяне толькі адзін сын, і ён расце ў поўнай сям’і.
Мужчыны… Калі я была зусім маладая, мне б падабаліся старэйшыя мужчыны, паколькі яны шмат чаму мяне вучылі. Зараз мне 41, і я паглядваю на маладзейшых. Жартую! Я шчаслівая ў замужжы (муж Наталлі – 61-гадовы аргенцінскі музыкант Рыкарда Мольо. – “Алеся”). Каханне ёсць каханне – для яго не існуе паняццяў расы, узросту ці іншых абмежаванняў.
Шчасце – гэта быць сабой і нікога не слухаць. Я не веру ні крытыцы, ні кампліментам, бо сама ведаю межы сваіх магчымасцяў. Стала вядомай, калі мне не было і 18-і, таму да славы стаўлюся спакойна. Не разумею тых, хто займаецца самапіярам, пастаянна посціць фота ў сацыяльных сетках: вось я ем, вось я адпачываю ці працую. Гэта проста смешна. Такія людзі, як правіла, даволі павярхоўныя. Слава не робіць людзей шчаслівымі. Маё шчасце – гэта сям’я, дом, сябры, мае жывёлы і расліны.
Футбол люблю глядзець па тэлебачанні разам з сынам. Праўда, мы фанаты розных каманд: я – уругвайскай, ён – аргенцінскай. У гэтым годзе спецыяльна да Чэмпіяната свету па футболе я запісала песню “United By Love” (“Аб’яднаныя любоўю”).
У Беларусі я была некалькі разоў. Яна нагадвае мне родны Уругвай. Хаця адтуль да вас – 24 гадзіны на самалёце. У Беларусі шырокія палі, шмат дрэваў і лугоў. Чыстыя гарады, выхаваныя людзі. Як можна не любіць такую краіну? Яна цудоўная!
У гэтым годзе я ўпершыню выступала на “Славянскім базары ў Віцебску”. Музычны конкурс і сам фестываль мяне вельмі ўразілі. Усё прафесійна арганізавана і спрадзюсіравана, столькі народу прыязджае на канцэрты! Моцная каманда артыстаў. Музыка, мастацкае афармленне сцэны, святло – усё проста шыкоўна!
Ганна КУРАК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ganna-kurak
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-areyra
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/alesya-0