Галоўны ваенны клінічны медыцынскі цэнтр Узброеных Сіл Беларусі атрымаў напярэдадні сыходзячага 2018 года капітальна адрамантаваны хірургічны корпус. Будынак прыгожа аздоблены ўнутры і літаральна нашпігаваны сучаснай медыцынскай тэхнікай. Міністр абароны Андрэй Раўкоў, які прымаў удзел у адкрыцці, вынес свой вердыкт: “За рамонт не сорамна. Галоўнае, што ўсё мы зрабілі для людзей”.
Намеснік начальніка 432-га галоўнага ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра - начальнік медыцынскай часткі палкоўнік Вітольд Жарын з захапленнем распавядае пра тое, якім корпус паўстаў пасля рамонту:
- У нас створана ўсё, каб аказаць высокаспецыялізаваную медыцынскую дапамогу. А гэта - матэрыяльна-тэхнічная база і кваліфікаваны персанал. Абсталяванне практычна ўсё набыта новае. Высокаспецыялізаваныя новыя стаматалагічныя ўстаноўкі. Ёсць месца для аказання дапамогі пацыентам са сківічна-тваравай паталогіяй, у тым ліку раненнямі ў гэтую частку цела. Ім дапаможа новая анаэробная аперацыйная. Закупілі сучасныя стойкі для выканання фібрагастраскапіі, відэаэндаскапічны комплекс, а таксама сучаснае абсталяванне для апрацоўкі эндаскопаў. Эндаскапію можам выконваць і пад наркозам. Агулам жа мы набылі каля 350 адзінак абсталявання!
Любая бальніца, у тым ліку і Ваенны шпіталь, пачынаецца з прыёмнага аддзялення, дзе дапамога аказваецца кругласутачна. Што ж змянілася ў яго працы?
- Дзякуючы рамонту мы атрымалі не толькі прасторнае памяшканне, але і магчымасць працаваць больш якасна, - кажа начальнік прыёмнага аддзялення палкоўнік Вольга Лаўрэцкая.
- Наша задача – прыняць пацыента і размеркаваць яго ў патрэбнае аддзяленне. Але да таго мы праводзім мінімальнае абследаванне пацыента. У месяц да нас паступае прыкладна паўтары тысячы чалавек. Самыя напружаныя дні – з панядзелка па сераду.
Валяр’ян ШКЛЕННІК
Фота Ганны ЗАНКАВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/author/ganna-zankavich
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/armiya
[6] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue