У музеі аднаго з найбуйнейшых сусветных СМІ — газеты «Жэньмінь жыбаа», што ў Кітаі — адзін з экспазіцыйных стэндаў прысвечаны сумеснаму праекту з беларускім Выдавецкім домам «Звязда». Супрацоўніцтва, замацаванае ў Мемарандуме, які падпісалі раней газеты «Звязда» і «Жэньмінь жыбаа», прадаўжаецца.
А б тым, як рэалізуецца міжнародны праект, а таксама пра паездку ў кітайскую правінцыю Хайнань і ўдзел у юбілейным V Форуме супрацоўніцтва СМІ «Адзін пояс, адзін шлях» — наша гутарка з дырэктарам — галоўным рэдактарам Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Выдавецкі дом “Звязда”» Паўлам Сухарукавым.
— Павел Якаўлевіч, дзе можна чытаць артыкулы, якія рыхтуюцца журналістамі абедзвюх краін у адпаведнасці з сумесным праектам рэдакцый газет «Звязда» і «Жэньмінь жыбаа»?
— Супольны праект прадстаўлены на нашых інтэрнэт-парталах. У прыватнасці, на партале ВД «Звязда» ёсць раздзел «Весткі з Кітая» [1]. А беларускія навіны змяшчаюцца ў інтэрнэце на рускамоўным партале газеты — рэсурс «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [2]. Рыхтуючы такія матэрыялы, мы імкнемся паказаць, чым жывуць Беларусь і Кітай.
— Калі казаць у цэлым, то якія вашы ўражанні ад нядаўняй паездкі?
— Добрыя, пазітыўныя. Да таго ж вельмі прыемна, што мне выпаў гонар ужо двойчы паўдзельнічаць у такім найбуйнейшым маштабным форуме.
— Як мы разумеем, «Адзін пояс, адзін шлях» — гэты праект інтэграцыйны, да таго ж і шматпрофільны…
— Так і ёсць. І мы ў ім у шэрагу іншых краін прымаем удзел. Гэты праект — не толькі эканамічны, сацыяльны, гуманітарны, ён яшчэ й медыйны. Так, нам вядома: ягоная глабальная мэта — аднаўленне гандлёвых шляхоў, якія былі яшчэ ў старажытнасці. У праект уключаны многія краіны — не толькі тыя, што ў свой час фармальна знаходзіліся на Вялікім шаўковым шляху. Цяпер у ім нават краіны Афрыкі. Таксама існуе Марскі шаўковы шлях — Кітай і яго развівае. Ідзе, можна сказаць, сусветны шырокафарматны інтэграцыйны працэс, на чале якога стаіць Паднябесная. Цяпер, як вядома, у большасці інтэграцыйных арганізацый час крызісны — возьмем той жа Еўрасаюз, які звязаны з брэксітам Вялікабрытаніі. Ці яшчэ вось ЗША выйшлі з Кіёцкага пратакола (міжнароднае пагадненне, дадатковы дакумент да Рамачнай канвенцыі ААН аб змяненні клімату (1992), прынятае ў Кіёта (Японія) у снежні 1997 года, якое абавязвае развітыя краіны і краіны з пераходнай эканомікай скараціць або стабілізаваць выкіды парніковых газаў.— Аўт.). Мы добра памятаем, як ЗША заявілі пра выхад з Парыжскага пагаднення па клімаце 1 чэрвеня 2017 года.
— І Кітай пры тым нібы перахапіў ініцыятыву…
— Так, і вось гэтая вялікая краіна становіцца цэнтрам інтэграцыйных працэсаў. І актыўна іх развівае. Прычым у інтэграцыйных пачынаннях практычна ўсе развітыя краіны ў той ці іншай ступені прымаюць удзел. Кітай як дзяржава, я б сказаў, цярпліва-філасофская, усім прапаноўвае сяброўства — і магчымасці паўдзельнічаць у гэтым праекце. І, па-мойму, не адмаўляе нікому, хто жадае ўключыцца ў такі працэс.
Лічбы, якія прыводзіць у сваім аналітычным артыкуле мой намеснік Мікалай Літвінаў — уражваюць. (гл. артыкул «Ініцыятыва, скіраваная на развіццё» — у гэтым нумары на стар. 8— Аўт.) Мікалай, дарэчы, быў у складзе нашай беларускай каманды, якая пабывала на форуме. Відавочна, што за час існавання праекта ва ўсіх дзяржаў, якія ўдзельнічаюць у ім, тавараабарот з Кітаем значна павялічыўся.
— Гэта значыць, мы так разумеем, што ўжо адчуваецца немалы эканамічны эфект для ўсіх удзельнікаў праекта?
— Безумоўна. Кітай укладвае ва ўсе гэтыя мерапрыемствы каласальныя рэсурсы. І вось у адным з праектаў, пра які вы спыталі, мы і ўдзельнічаем. Дагавор аб супрацоўніцтве з вядучай кітайскай газетай «Жэньмінь жыбаа» быў падпісаны некалькі гадоў таму. Тое зрабіў мой паважаны папярэднік на пасадзе ў ВД «Звязда», цяперашні Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.
— Праект «Весткі з Беларусі» выходзіць, яшчэ раз удакладнім, у рускамоўнай версіі газеты «Жэньмінь жыбаа»?
— Так, і журналісты «Звязды» рыхтуюць у падборкі навінны кантэнт, а таксама й цікавыя аўтарскія матэрыялы. Яны размяшчаюцца на электронным рэсурсе газета «Жэньмінь жыбаа». І на партале «Звязды» ў інтэрнэце падаюцца навіны з Кітая — іх рыхтуюць кітайскія журналісты.
— Дзякуючы дамоўленасці чытачы электроннай рускамоўнай версіі газеты «Жэньмінь жыбаа» па ўсім свеце даведаюцца пра тое, што адбываецца ў Беларусі — а чытачы нашага рэсурсу заўсёды ў курсе апошніх навін у Кітаі?
— Так, і гэта вельмі каштоўны момант супрацоўніцтва.
— Пэўна, іншыя беларускія СМІ таксама будуць развіваць яго?
— Кітайскі бок вызначыў газету «Жэньмінь жыбаа» галоўнай, адказнай за прасоўванне медыйнага супрацоўніцтва ў рамках праекта «Адзін пояс, адзін шлях». Рухаюцца ж у гэтым кірунку таксама іншыя беларускіх СМІ — напрыклад, Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» і Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА). Таму вось і я ўдзельнічаю ў найбуйнейшым міжнародным медыяфоруме ўжо другі раз. Летась ён праходзіў там, дзе пачынаўся раней Вялікі шаўковы шлях. (Гэта Дуньхуан — аазіс і гарадскі павет у гарадской акрузе Цзюцюань кітайскай правінцыі Ганьсу. Менавіта ён у старажытнасці служыў варотамі ў Кітай на Вялікім шаўковым шляху.— Аўт.). Сёлета ж мы гасцявалі у горадзе Боаа на востраве Ханьнань, на медыяфоруме былі прадстаўнікі 90 краін.
— Якія пытанні абмяркоўваліся на медыяфоруме‑2018?
— Мы абменьваліся думкамі пра тэхналогіі развіцця медыя. Перш за ўсё, упор рабіўся на электронныя тэхналогіі. Гаварылі пра інавацыйныя падыходы ў развіцці медыя. Дакладчыкі ўздымалі й шэраг іншых важных праблем: проціборства фэйкавым навінам, тэрарыстычныя пагрозы, які прасоўваюцца праз СМІ… Былі вельмі цікавыя даклады. У прыватнасці, расіяне казалі пра тое, як уваходзяць у нашае жыццё новыя тэхналогіі прасоўвання інфармацыйных прадуктаў. Сваім досведам дзяліліся прадстаўнікі кітайскіх медыя, у тым ліку й газеты «Жэньмінь жыбаа», і з Вялікабрытаніі, ЗША былі дакладчыкі.
— Што скажаце пра атмасферу на форуме?
— Тут варта згадаць, што праходзіў ён у вялікім Дзелавым цэнтры: там штогод праходзіць і азіяцкі форум — гэта накшталт Сусветнага эканамічнага форуму ў швейцарскім Давосе. Атмасфера ж медыяфоруму была не проста сяброўскай — ледзь не брацкай. І мне як грамадзяніну Беларусі, кіраўніку вядомай структуры, падобная атмасфера — блізкая. Прыемна, што нягледзячы на рознагалоссі паміж асобнымі дзяржавамі, на падобных сустрэчах усё ж ёсць паразуменне. Выклікі ва ўсёй сусветнай супольнасці сёння — як ніколі раней падобныя, і трэба яднацца, каб эфектыўна вырашаць агульначалавечыя праблемы, важныя для сусветнай супольнасці. І ў гэтым гучала кансалідаваная аднадушнасць. На форуме былі, скажам, прадстаўнікі як украінскіх, так і расійскіх СМІ — але яны не выносілі ў дыскусійнае поле медыяфоруму сваіх міждзяржаўных праблем. А, як правіла, у сучасным свеце такія міжнародныя пляцоўкі часта выкарыстоўваюцца для прасоўвання нейкіх вузканацыянальных інтарэсаў. Дык вось, на медыяфоруме ў Боаа таго не было.
— Пэўна ж, праўду кажуць у нашым народзе: сапраўдных сяброў толькі яднае сумесная дарога, нават калі яна й цяжкая… А ці ўдалося вам знутры разгледзець Кітай?
— Хіба што вельмі невялікую яго частку… Бо краіна ж велізарная, незвычайная — і розная, калі глядзець па рэгіёнах. Для нас арганізоўваліся цікавыя пазнавальныя экскурсіі. Мы пазнаёміліся з інфраструктурай, якая бурнымі тэмпамі развіваецца ў Кітаі — у прыватнасці, на востраве Ханьнань. Дарэчы, сёння гэтая правінцыя на поўдні краіны прызнаная найбуйнейшым курортным і медыцынскім цэнтрам Кітая. Там бурнымі тэмпамі ствараецца такая буйная інстытуцыя пад назвай Медыцынскі кластар. На плошчы звыш 50 квадратных кіламетраў кітайцы ствараюць медыцынскія ўстановы, прычым так, што там усё з усім узаемазвязана. Да таго ж завязана ўсё на кітайскай медыцыне. Як вядома, гэта сусветны брэнд. У Ханьнані будуецца велізарная, проста каласальная інфраструктура. Лечаць там як сваіх грамадзян, так і пацыентаў з іншых краін. Ёсць у кітайцаў там і яшчэ такая мэта: прыцягваць у свае праекты замежных інвестараў. Гэты кластар будзе мець не толькі ўсе медыцынскія ўстановы, але й бытавую інфраструктуру — скажам, аэрапорт, чыгуначны вакзал. Мы наведалі шэраг аб’ектаў, якія будуюцца вельмі дыхтоўна. І ёсць упэўненасць: у належны тэрмін усё, што запланавана — там будзе выканана без затрымкі.
— Ёсць там і дзейсныя медыцынскія цэнтры?
— Адзін з іх мы наведвалі. Дарэчы, сярод фітнэс-інструктараў там працуе рускамоўная дзяўчына. Як бачым, усё пралічана: калі будуць прыязджаць пацыенты, якія размаўляюць на рускай мове, лячыцца — ім там будзе камфортна.
— А вам не прапаноўвалі якую-небудзь працэдуру на сабе выпрабаваць?
— Прапаноўвалі. Але ж у нас была вельмі насычаная праграма.
— У Дуньхуане, дзе вы летась былі, таксама інфраструктура такімі ж тэмпамі развіваецца?
— Так, вельмі бурна. Гэта — цэнтр знакамітай кітайскай пустыні Гобі. Там знаходзіцца аб’ект Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА: будыйскія пячоры, іх каля 3000. Дык вось, кітайцы ствараюць турыстычны кластар. У невялікім горадзе пабудавалі аэрапорт, гатэлі, бізнес-цэнтры… Там, як кажуць, па метры адваёўваецца ў пустыні тэрыторыя, у аазіс завозіцца глеба, садзяць пальмы, якія вязуць з пітомнікаў. Там удыхаецца новае жыццё ў кожны лапік зямлі. Уявіце сабе: у цэнтры пустыні — прэснае возера, аазіс… Гэта летась нам паказвалі. Уражвае!
— Павел Якаўлевіч, быць часткаю праекту «Адзін пояс, адзін шлях» — прэстыжна для вас?
— Паўтаруся, гэта — гонар для Выдавецкага дома «Звязда» і для мяне. Усе ўдзельнікі форуму сыходзіліся на думцы: праект, задуманы Кітаем, — адно з найперспектыўных інтэграцыйных пачынанняў ва ўсім свеце. Што цікава, у ім няма прымусовых хадоў, накшталт: калі ты ўдзельнік праекта, то павінен… Усё празрыста: калі табе цікава, то ўдзельнічай, а не хочаш — твая воля. Гэта важны псіхалагічны момант, і хоць ён, вядома, не галоўны, але маральна тое — прыемна. Калі ты там, у гэтай вялікай плыні, то адчуваеш сябе часткаю чагосьці вялікага, істотнага. Дарэчы, ВД «Звязда» ўвесь час у гэтай плыні, штодзённа, — толькі ў самім Кітаі тое вастрэй адчуваеш.
— Нешта беларускае ў Кітаі сустрэлі, пабачылі?
— Сустрэў! У музеі газеты «Жэньмінь жыбаа» быў прыемна здзіўлены: там і наш сумесны праект адлюстраваны. Мы ж і ў Пекіне былі тры дні — там экспазіцыйны стэнд і пабачыў. Пабываць недзе яшчэ, дзе ёсць «сляды» беларусаў, у тым ліку й нашай Амбасадзе, не склалася. Была ж у сталіцы цікавая сустрэча з Міністрам інфармацыі Кітая — у Доме народных сходаў. Абмяркоўвалася важнае пытанне кансалідацыі. Яшчэ ладзілася сустрэча ў рэдакцыі газеты «Жэньмінь жыбаа» — на ёй былі ўсе ўдзельнікі форуму.
— Ці вялікі там штат, у той галоўнай кітайскай газеце?
— Нам казалі: паўтары тысячы супрацоўнікаў, толькі журналістаў — 500. Газета цяпер — шматпрофільны холдынг. Наогул, я так зразумеў, пад холдынг «Жэньмінь жыбаа» адведзена каля 30 паверхаў, але там у асноўным студыі размяшчаюцца. Кітайцы разумеюць, што папяровыя носьбыты інфармацыі ўжо цяпер не такія актуальныя, як раней, і таму актыўна развіваюць тэлекантэнт у газеце, ладзяць розныя ток-шоў… Але, што цікава, папяровая версія выдання знешне, вёрсткаю застаецца прыкладна такой, як была. Гэта, як вядома, друкаваны орган ЦК кампартыі Кітаю з класічнай стандартнай вёрсткай — падобнай да ранейшай савецка-партыйнай газеты «Правда». Так, у ёй цяпер ілюстрацыі могуць быць і вялікімі, і меншымі, але першая паласа застаецца класічнай. Ну а класіка, як вядома, не старэе…
— Ці не выказвалі прадстаўнікі медый Кітая намераў прасоўваць свой кантэнт не толькі ў інфармацыйным фармаце, але і ў нейкім іншым?
— Такіх прапаноў мне асабіста пакуль не паступала. Між тым ведаю: ім цікавыя любыя праекты, якія могуць расказаць пра Кітай — у іншых месцах свету. І такім чынам будзе фармавацца пазітыўная грамадская думка пра Кітай, ягоных грамадзян — далёка за межамі краіны. Гэта іх доўгатэрміновыя інвестыцыі ў будучыню і, я перакананы, яны вельмі эфектыўныя. Бо чым больш па свеце сяброў — тым больш перспектыў для развіцця самой краіны. Так што я вазьму на сябе смеласць сцвярджаць: любыя нашы захады, якія спрыяюць прасоўванню кітайскіх праектаў, для іх каштоўныя. Але кітайцы ж — мудрыя людзі, яны прытрымліваюцца этычных правіл і ніколі не скажуць: вось гэты для нас важны, а той не надта… Кожны госць для іх, калега і партнёр, які з дабром і адкрытай душой да іх — паважаны. Прыклад магу прывесці. Назіраў, як генеральны дырэктар «Российской газеты» Павел Негоіца меў зносіны з калегамі з «Жэньмінь жыбаа». Было бачна, што сувязі ў яго даўнія, сяброўскія, і ён ледзь не самым першым на форуме выступаў, і адчувалася: для кітайцаў Расія — вельмі важны кірунак для супрацоўнітва. Але падобнае стаўленне я бачыў толькі ў нейкіх дробязях, на якія можа нехта й не зверне ўвагу. Кітайскія калегам, скажам так, не акцэнтавалі неяк яўна свае прыярытэты. Усе для іх, паўтаруся, важныя — тое й па ўзроўні прыёму, адносінах да сябе асабіста я адчуваў.
— Вы кажаце пра сяброўскую атмасферу медыяфоруму — а як там, у Пекіне, з рэальным паветрам у горадзе? Ці змог вас уразіць пекінскі смог?
— Ой, не тое слова… Хмарачосы там з-за яго не бачныя, і людзі ў масках ходзяць. З Беларуссю, Мінскам у гэтым сэнсе — гарадской экалогіі — параўноўваць, то ў нас — проста райская краіна. Мяркую, мяне зразумеюць кітайскія сябры — яны ж і самі пра гэтую пекінскую экапраблему шмат гавораць, пішуць, і меры прымаюць. Між тым на выспе Ханьнань, вядома ж, рай у сэнсе клімату самы што ні ёсць сапраўдны: было 30 градусаў цяпла, сіняе неба, пальмы, какосы прама над галовамі… Востраў гэты бліжэй да В’етнаму. Але ж і ў тым раі — шмат працаваць патрэбна. Бачыў ноччу, напрыклад, як там возяць пальмы з гадавальнікаў — у спецыяльных кантэйнерах, вельмі акуратна, каб усё прыжылося…
— Як там на вуліцах у сэнсе прыязнасць, гасціннасці? Усмешкі бачылі?
— Кітайцы — гасцінная нацыя, добра нас прымалі, прыязна. І мы ім, і яны нам усміхаліся пры сустрэчах, часам нават раскланьваліся…
— Колькі дзён вы там прабылі?
— Усяго пяць дзён, і кожны дзень быў насычаным. Адзін дзень, праўда, заняў пераезд з выспы Хайнань у Пекін: 4-5 гадзін лёту.
— А ў Боаа пагуляць па горадзе атрымалася?
— Мы любілі выбірацца ноччу ў горад: бралі таксі, ехалі да мора. Было цёпла, нават купаліся ўвечары, чым здзівілі кітайцаў. Бо там, аказваецца, не сезон — хвалі вялікія. А нам — экзотыка! Мясцовыя людзі глядзелі на такіх начных беларусаў-купальшчыкаў добразычліва.
— Што з сувеніраў прывезлі дадому?
— Набыў некаторыя дробязі, наведаўшы ў Пекіне шаўковую вуліцу, дзе шмат у магазінах, шапіках кітайскай прадукцыі: вопратка, электроніка, сувеніры… Вочы разбягаліся. Многія там гавораць па руску. Гандлявацца было весела: для кітайскіх прадаўцоў гэта ж лад жыцця. Абвяшчаюць вельмі высокую цану, а потым яе патрохі зніжаюць, калі пакупнік не згаджаецца. Такая своеасаблівая гульня. На той вуліцы журналістам пабываць вельмі цікава.
У цэлым Кітай робіць уражанне шчаслівай краіны. Ідзеш па горадзе, бачыш: дзеці гуляюць, хтосьці гімнастыкай займаецца, танчыць нехта… Твары добразычлівыя, усмешлівыя. Я разумею, што не трэба, як той казаў, блытаць турызм з эміграцыяй. Ёсць і там, безумоўна, праблемы: як і ва ўсіх людзей. Але кітайцы іх вырашаюць: умеюць ставіць мэты, паступова ўвасабляць жаданні ў жыццё. Яны рухаюцца, — прыйдуць туды, куды хочуць. А як там спакойна ўсё ў атмасферы, зносінах паміж людзьмі! Яны, нехта сказаў, жывуць з такім светаадчуваннем: калі табе выгадна з Кітаем, то значыць і Кітаю выгадна з табой. І нікога нікуды не зазываюць, дабрачыннасцю адкрыта не займаюцца. З аднаго боку ёсць адкрытасць, з другога — жорсткая, сказаў бы, гаспадарлівасць, прынцыповасць. І я думаю: калі ад таго залежыць іх дабрабыт, то можа так і трэба. Такому й нам павучыцца не грэх…
Гутарылі Валянціна і Іван Ждановічы
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[2] http://russian.people.com.cn/
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/kitay