У верасні 2012 года ў Слуцку адбылася значная падзея — далучэнне да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ «Горад, дружалюбны да дзяцей». У межах праекта быў створаны маладзёжны парламент, у які ўвайшлі шэсцьдзясят восем навучэнцаў 9—11 класаў з усіх устаноў адукацыі Слуцка. Самыя ініцыятыўныя былі абраны ў Савет парламента. Юнакі і дзяўчаты ўнеслі ў маладзёжнае жыццё новыя ідэі, ініцыятывы.
— Адзін з самых яркіх праектаў — агляд-конкурс харэаграфічнай творчасці «Вясенні вальс», які ладзіцца ў маі і сёлета будзе праходзіць сёмы раз. Да яго дзеці доўга і старанна рыхтуюцца, літаральна з першых дзён навучальнага года. Каманда кожнай школы рыхтуе яркія, маляўнічыя нумары, — расказала намеснік дырэктара Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці, куратар маладзёжнага парламента Алена Каляда.
— Абавязковая ўмова конкурсу — станцаваць менавіта вальс. Гэтае ўменне спатрэбіцца дзецям у далейшым жыцці. У грацыёзным, вытанчаным танцы юнакі і дзяўчаты закружацца падчас выпускнога школьнага балю, вяселля, — лічыць метадыст па рабоце з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб'яднаннямі, куратар маладзёжнага парламента Вольга Аввакумава. — І задача педагогаў — навучыць выхаванцаў класічнаму танцу, паказаць ім яго хараство, эстэтыку. Агульнае захапленне збліжае дзяцей, умацоўвае дружбу, дае магчымасць больш даведацца адно аб адным у час агульных рэпетыцый.
«Мы танцуем вальс, таму, што гэта — класіка. Тым не менш у выкананне нумара можна ўнесці і нейкую адметнасць, цікавінку, імправізацыю, — упэўнены школьнікі. — Харэаграфія не перашкаджае вучобе, а, наадварот, дапамагае, паколькі дазваляе стаць больш адказнымі, сабранымі, стараннымі, упэўнена трымацца ў любой аўдыторыі.
Па выніках агляду вызначаецца каманда-пераможца, якой уручаецца Гран-пры — пераходны Кубак. У далейшым прызёры паказваюць нумары падчас мерапрыемстваў, якія ладзяцца да Дня Перамогі. Да гэтага свята прымеркавана яшчэ адна акцыя. Хлопцы і дзяўчаты фатаграфуюць віды Слуцка, удзельнікаў вайны, памятныя мясціны горада і падаюць свае работы на конкурс. Тым самым яны заклікаюць сваіх равеснікаў быць удзячнымі ветэранам за тое, што прынеслі наступным пакаленням мір, помніць пра герояў вайны і шанаваць іх. Гэтыя здымкі захоўваюцца ў архіве, выкарыстоўваюцца ў паўсядзённай рабоце, дэманструюцца на выстаўках.
Традыцыйна моладзь праводзіць таксама дабрачынную акцыю «Цуды на Каляды». Піянеры, прадстаўнікі раённай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, школьнікі збіраюць канцылярскія тавары і спартыўныя прылады, цацкі, а члены маладзёжнага парламента рыхтуюць тэатралізаванае прадстаўленне. Затым усе разам наведваюць дзіцячае аддзяленне раённай бальніцы, цэнтр карэкцыйнага развіцця, сацыяльна-педагагічны цэнтр, спецыялізаваны Дом дзіцяці, віншуюць малых і ўручаюць ім падарункі.
Сёлета чацвёрты раз у горадзе арганізуюць пляцоўкі для маладзёжнага адпачынку, якія ініцыяваў парламент: спартыўная, творчая, гісторыка-культурная. Як паказвае папярэдні вопыт, такія тэматычныя мерапрыемствы карыстаюцца папулярнасцю. З кожным годам яны ўдасканальваюцца, збіраюць усё большую колькасць удзельнікаў.
Але, як лічаць Алена і Вольга, маладзёжны адпачынак неабходна, разнастаіць. Таму на лета мяркуюць уладкаваць адкрытыя тэматычныя пляцоўкі на вуліцы.
Што наогул чакаюць куратары ад сваіх падапечных, пацікавілася ў суразмоўнікаў. Магчыма, мараць аб тым, каб у будучыні выхаванцы былі абраны ў парламент краіны, вырашалі дзяржаўныя справы, уносілі свае прапановы ў заканадаўства?
— Мы ў іх верым. Яны вучацца працаваць з людзьмі, становяцца лідарамі, праходзяць трэнінгі, дзе набываюць неабходныя навыкі, каб іх не толькі выслухалі, але і пачулі, — кажуць куратары.— Маладзёжны парламент — гэта звяно ў партнёрскім супрацоўніцтве паміж дзецьмі і прадстаўнікамі раённай улады. Іх запрашаюць у райвыканкам для абмеркавання пытанняў, звязаных з маладзёжнымі ініцыятывамі горада. У кіраўніцтва раёна іх ідэі заўсёды знаходзяць падтрымку.
Дзеці сустракаліся з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Ражанец. Наталля Віталеўна правяла для іх экскурсію па Авальнай зале, расказала аб рабоце сваіх калег. Слуцкія парламентарыі наведваюць таксама іншыя маладзёжныя парламенты. Пабывалі ў Брэсце, Барысаве, Полацку, Маладзечне, наладзілі сувязі са сваімі равеснікамі, пачарпнулі ў іх карысны вопыт ды і сваім падзяліліся.
І нават калі яны не стануць дэпутатамі, то, безумоўна, вопыт работы ў маладзёжным парламенце дапаможа ім у жыцці.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/sluck