У канцы мінулага года дэпутаты гарадскога Савета разам з кіраўніцтвам выканкама абмяркоўвалі і прымалі бюджэт абласнога цэнтра на 2019 год. Гэта галоўны дакумент, які зацвярджаецца на сесіі і прадугледжвае фінансаванне па ўсіх кірунках. Як і раней, асноўныя сродкі будуць выдаткаваны на сацыяльную сферу. Разам з тым не ўсе атрымаюць па сваіх патрэбах. Для гэтага неабходна «падцягваць» эканоміку горада, ствараць новыя рабочыя месцы і заахвочваць работнікаў. Выканаўчыя ўлады і дэпутаты збіраюцца знайсці такі лакаматыў, які будзе ўдала працаваць у сучасных умовах.
Што ў прыярытэце?
Як заўсёды, бюджэт сацыяльна накіраваны. Крыху больш за палову — 52 % — пойдзе на адукацыю, ахову здароўя, культуру, спорт, турызм.
— Хацелася больш увагі звярнуць на ахову здароўя, бо сродкаў для галіны не хапае, — адзначыў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой. — У сувязі з гэтым было прынята рашэнне аб выдзяленні дадатковых фінансавых сродкаў. У першую чаргу за кошт гэтага будзе набыта абсталяванне для паліклінік і бальніц. Многія маюць у гэтым значную патрэбу.
Таксама сродкі пойдуць на будаўніцтва новых аб'ектаў аховы здароўя. У мікрараёне Альшанка «запусцяць» яшчэ адну амбулаторыю і купяць абсталяванне. Пачнуцца работы па праектаванні другой па ліку паліклінікі. Новы мікрараён пакуль востра адчувае недахоп сацыяльнай інфраструктуры.
Усяго на ахову здароўя горада будзе выдаткавана 95 мільёнаў рублёў. А самыя значныя сродкі пойдуць на адукацыю — 150 мільёнаў рублёў. Гэта асноўныя сферы бюджэтнага фінансавання. Дарэчы, на 2019 год расходы па ім павялічацца на 13 і 20 мільёнаў рублёў адпаведна.
Спроба кааперацыі
Бюджэт фарміруецца з некалькіх крыніц. Асноўны прыбытак — 47 % — дае падаходны падатак грамадзян. Яны плацяць 13 % сваёй заработнай платы. Адчувальную частку бюджэту фарміруе таксама падатак на прыбытак з юрыдычных асоб. Яшчэ адна важная крыніца даходнага артыкула — падатак на зямлю і нерухомасць.
— У 2018 годзе шэрагу прадпрыемстваў мы знізілі гэты паказчык, некаторым — з паніжальным каэфіцыентам, што дасць ім магчымасць далей развівацца, — падкрэсліў старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Барыс Фёдараў.
У даходную скарбонку паступаюць адлічэнні ад продажу дзяржаўнай маёмасці і зямельных участкаў. Летась за кошт гэтага атрымалася значна папоўніць бюджэт, бо назіраўся добры попыт на зямельныя ўчасткі.
— Атрыманыя ад іх продажу сродкі накіроўваюцца на стварэнне інфраструктуры ў раёнах індывідуальнай забудовы, — паведаміў Барыс Фёдараў. — Напрыклад, у 2018 годзе добраўпарадкавана шэсць вуліц у індывідуальным сектары. На 2019 год плануем з гэтых жа крыніц і дадатковых бюджэтных сродкаў увесці яшчэ як мінімум дванаццаць вуліц. Думаю, што атрымаецца зрабіць і больш. Будзем падключаць і грамадзян, каб людзі ўдзельнічалі ў будаўніцтве дарог з выкарыстаннем сваіх сродкаў. І такія прыклады ўжо ёсць.
З гэтага вынікае, што жыхары вуліц кааперуюцца з дзяржаўнымі органамі, каб вырашыць праблему добраўпарадкавання. Вопыт паказаў, што грамадзяне больш беражліва ставяцца да тых аб'ектаў, якія зроблены ў тым ліку і за іх грошы.
Знайсці флагман
Вынікі года паказалі, што горад добра спрацаваў па экспарце тавараў і паслуг. Многія прадпрыемствы трымаюць «нос па ветры» і шукаюць рынкі збыту дзе гэта толькі магчыма. Напрыклад, прадпрыемства «Малочны свет» адпраўляе прадукцыю ў Іарданію, знаходзяцца заказчыкі гродзенскіх тавараў у Катары і іншых далёкіх краінах. Гэта першыя крокі ў дыверсіфікацыі рынку, які будзе значна перакройвацца. Так, згодна з рэспубліканскай праграмай, беларускія прадпрыемствы павінны зменшыць экспарт тавараў у Расію да 30 % (зараз у гродзенцаў ён складае да 80 %).
Яшчэ на 30 % трэба забяспечыць экспарт у ЕС і на 30 % — у іншыя дальнія краіны. Да такіх суадносін трэба імкнуцца і прадпрыемствам горада. Акцэнт у гэтым кіраўніцтва абласнога цэнтра робіць на развіцці СЭЗ. Работа прадпрыемстваў свабоднай эканамічнай зоны можа забяспечыць і паступленне прамых замежных інвестыцый. А гэта праблемнае для горада пытанне.
— Зыходзячы з вопыту работы 2018 года, экспарт паслуг і тавараў можна спрагназаваць. Мы выйшлі на новыя рынкі збыту, новыя віды прадукцыі — з гэтым не будзе праблем, — упэўнены кіраўнік гарвыканкама. — Цяжэй з прамымі замежнымі інвестыцыямі. На працягу апошніх двух гадоў мы не змаглі знайсці буйнога інвестара, які пацягне за сабой іншыя кірункі. Напрыклад, у Смаргоні такім прадпрыемствам стаў завод «Кранаспан» і група кампаній «Садружнасць», якія стварылі кластар і вядуць за сабой іншыя вытворчасці.
Старшыня гарвыканкама спадзяецца, што такі флагман сёлета будзе знойдзены і праект пачне рэалізавацца.
Бонусы для работнікаў
Дэпутаты звярнулі ўвагу на праблему кадраў. Не сакрэт, што многія спецыялісты едуць на заробкі ў іншыя краіны, у тым ліку — у суседнюю Польшчу. Асабліва гэта датычыцца будаўнічай галіны. Таму запланавана павелічэнне сярэдняй заработнай платы са 102 да 112 працэнтаў. Такі рост дазволіць затрымаць працоўныя рэсурсы, палепшыць бюджэт сем'яў. А галоўнае — не шукаць лепшай долі за мяжой, а працаваць у сваім горадзе і добра зарабляць. Такую задачу, па словах Мечыслава Гоя, ставяць перад сабой гарадскія ўлады на 2019 год.
— Ёсць добрая дынаміка за апошнія два месяцы. І мы зараз павінны ўтрымліваць планку ў тысячу рублёў. Мяркую, што сярэдняя зарплата будзе ў памеры 1100 рублёў на 2019 год, — падкрэсліў кіраўнік горада.
Даволі радыкальны бонус для работнікаў вынес на абмеркаванне член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, генеральны дырэктар Гродзенскага мясакамбіната Анатоль Грышук. Ён прапанаваў даць магчымасць прадпрыемствам пагашаць працэнты за жыллёвы крэдыт сваіх работнікаў. Што і казаць, меры даволі смелыя і не кожнае прадпрыемства можа сабе гэта дазволіць. Таму ініцыятыва будзе разглядацца пазней і прынята як рэкамендацыя. Разам з тым Анатоль Грышук упэўнены, што такая мера — адна з самых дзейсных па замацаванні работніка на вытворчасці.
На сесіі прагучаў зварот да дэпутатаў-кіраўнікоў аб удзеле на прынцыпах кааперацыі ў будаўніцтве арэндных кватэр. Увогуле, будаўніцтва жылля будзе актывізавана. У першую чаргу кватэры атрымаюць шматдзетныя і тыя, хто мае патрэбу, а такіх у горадзе больш за 1200 чалавек.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/grodna
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne