Рэалізацыю пілотнага праекта “Стыпендыі Wargaming” разгледзелі ў рамках візіту вядучага распрацоўшчыка камп'ютарных гульняў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Удзельнікамі сустрэчы сталі першы намеснік міністра адукацыі Ірына Старавойтава, рэктар БДУ Андрэй Кароль, саўладальнік Wargaming Уладзімір Кіслы і дырэктар аналітычнага цэнтра “EcooM” Сяргей Мусіенка. Таксама на мерапрыемства былі запрошаны дэканы і звыш як сто студэнтаў універсітэта.
Ініцыятыва па прысуджэнні стыпендый накіравана на стымуляванне і матывацыю моладзі да навуковай дзейнасці. Уладзімір Кіслы падкрэсліў, што фінансавая падтрымка дазволіць стварыць ў БДУ кластар студэнцкіх ідэй і праектаў рознай навуковай тэматыкі, не звязанай са спецыфікай работы кампаніі.
Галоўным пытаннем падчас абмеркавання стаў механізм рэалізацыі праекта. Было вызначана, што на пачатковым этапе прэтэндаваць на атрыманне стыпендый змогуць студэнты 2-3 курсаў чатырох факультэтаў БДУ: фізічнага, хімічнага, прыкладной матэматыкі і інфарматыкі, а таксама радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій. Формай адбору абраны конкурс, згодна з якім кандыдатам неабходна мець высокі бал паспяховасці, яны павіны займацца навукова-даследчай дзейнасцю і напісаць матывацыйнае эсэ. Усяго будзе выдзелена 16 стыпендый -- па чатыры на кожны згаданы факультэт. У абмеркаванні актыўна прымалі ўдзел таксама студэнты. Шматлікія іх заўвагі будуць улічаныя пры дэталёвай распрацоўцы палажэнні аб “Стыпендыі Wargaming”. Яго выніковы варыянт прадставяць да канца лютага.
Пры паспяховай рэалізацыі пілотнага праекта на першых факультэтах БДУ плануецца пашырэнне колькасці ўдзельнікаў як за кошт іншых факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, так і іншых беларускіх ВНУ.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[2] https://zviazda.by/be/tags/wargaming