Сацыяльны праект з такой назвай стартаваў у Беларусі для ініцыятыўных жанчын, якія жадаюць заняцца вырошчваннем сельскагаспадарчых культур для атрымання прыбытку. Мяркуецца, што не менш як 500 яго ўдзельніц створаць на сваіх сядзібных участках практычныя лабараторыі і бясплатна атрымаюць у карыстанне цяпліцы, насенне, грунт і ўгнаенне.
Увесь год сяльчанак будуць бясплатна вучыць асновам аграбізнесу. Першы этап праекта, у якім паўдзельнічалі 25 жанчын, прайшоў, дарэчы, у канцы снежня. Удзельніцы даведаліся пра ўжо рэалізаваныя праекты і шляхі ўвасаблення бізнес-ідэй.
Арганізатары аграрнага рамяства для жанчын, «Беларускі дзіцячы фонд» і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна кажуць, што праграма адукацыйнага праекта скіравана на навучанне вырошчванню, апрацоўцы і рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі з мэтай занятасці і самазанятасці насельніцтва.
Як адзначыла загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аршанскага раёна Таццяна САЛТАНАВА, падчас навучання аграрныя бізнесвумен атрымаюць комплексную падтрымку ў рэалізацыі прадпрымальніцкіх праектаў. Ім абяцаюць прапанаваць дакладны план дзеянняў, апрабаваныя рашэнні, тэхналогіі і інструменты кіравання праектамі. Жанчыны атрымаюць працуючую мадэль фермерскай гаспадаркі па раслінаводстве для далейшай рэалізацыі.
Падчас наступнага этапу праекта, які пачнецца ў студзені, удзельніцы наведаюць шэраг аграсядзіб і бізнес-інкубатар Маладзёжнай сацыяльнай службы ў Мінску, дзе для іх пройдуць лекцыі і майстар-класы.
— Усе гэтыя ўстановы — нашы патэнцыйныя партнёры, якія ў будучыні змогуць дапамагчы ўдзельніцам у вытворчасці, перапрацоўцы, упакоўцы і прасоўванні прадукцыі, — заўважыла Рыма ЕПУР, выканаўчы дырэктар праекта. — Азнаёміўшыся з прыкладамі ўдалых фермерскіх і асабістых падсобных гаспадарак, жанчыны атрымаюць вопыт рашэння нестандартных задач, рэалізацыі творчага і прадпрымальніцкага патэнцыялу, кансультацыі экспертаў.
Да канца года кожная ўладальніца прысядзібнага ўчастка зможа сабраць уласны ўраджай і падлічыць прыбытак ад яго рэалізацыі. Сярод удзельніц праекта з'явяцца ментары, якія змогуць далучыць да бізнесу аднасяльчанак, упэўнены арганізатары.
«Звязда» будзе сачыць за рэалізацыяй праекта і абавязкова пазнаёміцца з яго ўдзельніцамі, каб даведацца, наколькі цяжка і рэальна пачаць свой аграрны бізнес і стаць прадпрымальнай землеўласніцай.
Ірына СІДАРОК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/iryna-sidarok-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/pryvatny-biznes
[4] https://zviazda.by/be/tags/agrabiznes