Склалася так, што асоба шматграннага беларускага творцы ХVІІ стагоддзя Сімяона Полацкага для сучаснага айчыннага чытача, на мой погляд, выглядае куды драбнейшай, чым таго заслугоўвае. Лепш даведацца пра асобу пісьменніка нашага вялікага земляка дапамагае трагедыя Івана Штэйнера «Между драконом и яростью его» [1], якая выйшла ў часопісе «Нёман» (№ 9, 2018).
Але ўтульна расслабіцца ў крэсле і атрымаць задавальненне з катарсісам ад прагляду і праслухоўвання спектакля-трагедыі Штэйнера наўрад ці калісьці атрымаецца. Як было б немагчымым захапляльнае шоу з расслабленымі ў крэслах тэатраламі і пры дакладнай пастаноўцы папярэдняй штэйнераўскай п’есы — камедыі «Мудрости зачало и конець, або Спакушэнне Скарыны» (2012 г.). У новым творы пісьменнік яшчэ больш ускладніў магчымую пастаноўку.
Апошні дзень зямнога жыцця Сімяона насычаны падзеямі на сем карцін, на паўсотні старонак. Аб’ём ладнай аповесці. Аўтар абраў форму п’есы. У камедыі Штэйнера дзевяць персанажаў: восем мужчын і бландзінка, з-за якой твор і набывае абвешчаны жанр. У трагедыі персанажаў сямнаццаць як мінімум. Мужчыны безальтэрнатыўна дамінуюць колькасна, але ў меншай прапорцыі да жанчын, чым раней, а трагічнасць акцэнтуе вычварная старая — ці не сама смерць?! Пастаноўка — не для гледачоў. Для каго ж? Хутчэй для саўдзельнікаў.
П’есы Штэйнера — ролевыя гульні-лекцыі, што са старасвецкай традыцыі ўзялі дыдактычнасць універсітэцкіх пастановак адраджэнскай Еўропы, з адноснай сучаснасці — інтэрактыў удзельнікаў дзеяння, дзе выканаўцы і спажыўцы спалучаюцца ў адной супольнасці, а ўласна ад аўтара — лекцыйнае напаўненне.
У п’есах — толькі сутнасць: лекцыям ні пра Скарыну, ні пра Сімяона Полацкага не патрабуюцца апісанні прыроды і элементы дэкору. Форма п’есы, такім чынам, дазваляе абысціся без другарадных элементаў.
Затое тут ёсць вялізная колькасць разнастайных разумных і характарных цытат з безлічы крыніц ды звязная кампазіцыя дзеяння з дыялогамі-падводкамі там, дзе стаяць гэтыя цытаты. Аніякіх паддобрыванняў да залы.
Больш за тое: у шостую (перадапошнюю) карціну п’есы аўтар уводзіць паказ яе героямі спектакля з тэкстам Сімяона Полацкага па яго творах з устаўкамі з народных інтэрмедый — складанае для ўспрымання сённяшняга гледача-слухача відовішча. Але відовішча ўсё ж успрыняць лягчэй за чытанне; і такі дыдактычна-азнаямляльны сэнс гэтай карціны нам застаецца прыняць за лепшае.
У сёмай (апошняй) карціне нагнятаецца і ўрэшце адбываецца трагічная развязка. Не толькі для Сімяона, але і для любога творцы, які рэалізоўваецца падобным шляхам у любыя гістарычныя часы.
Трагедыю Штэйнера нескладана ўявіць дакументальна-гульнявым фільмам. Накшталт тых, што глядзім па Discovery ці айчыннага «Зваротнага адліку», дзе пра героя і падзеі, звязаныя з ім, распавядаюць людзі з яго асяродка, а бывае, і сам ён каментуе свае ранейшыя дзеянні і іх матывацыю.
У выглядзе навучальнага ці навучальнамастацкага фільма альбо калектыўнай гульні — для абодвух п’ес бачыцца куды лепшая перспектыва, чым для магчымых спроб паставіць іх як спектаклі.
Гульня, якую прапаноўвае Штэйнер, змястоўная. Падрыхтоўчая — для тых, хто цікавіцца жыццём Скарыны, больш складаная, інтэлектуальная — для тых, хто спасцігае Пятроўскага-Сітніяновіча-Полацкага.
Андрэй МЕЛЬНІКАЎ
Спасылкі
[1] http://zviazda.by/sites/default/files/1-192_9_verstka_0.pdf
[2] https://zviazda.by/be/tags/krytyka