Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі перамагла ў XV Калядным міжнародным турніры аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі, выйграўшы ў фінале ў зборнай Расіі з лікам 8:5 (3:0, 4:3, 1:2), перадае БЕЛТА [2].
Для каманд Беларусі і Расіі гэта быў ужо 13-ты вырашальны матч за 15 гадоў правядзення турніру. Хакейныя паядынкі гэтых двух каманд заўсёды выклікалі павышаную цікавасць у гледачоў. Не стала выключэннем і сённяшняя гульня.
У актыве кіраўніка дзяржавы ў фінальным матчы гол і дзве выніковыя перадачы.
Лепшымі гульцамі вырашальнай гульні сталі Сяргей Аракаеў (Расія) і Ігар Брыкун (Беларусь). Прызы хакеістам ўручыў міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук.
Абедзве каманды ўпэўнена выступілі на папярэдняй стадыі спаборніцтваў. Лядовая дружына кіраўніка дзяржавы перайграла сапернікаў з Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) - 13: 7, Балтыі - 9: 3. У паўфінале беларусы былі мацнейшыя за каманду ААЭ - 10: 5.
Для хакейнай каманды Прэзідэнта Беларусі гэта ўжо 12-ы тытул пераможцы гэтых спаборніцтваў. Раней беларусы станавіліся першымі ў 2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016, 2017 і 2018 гадах. Расійская каманда ў дзясяты раз заваявала сярэбраныя ўзнагароды, а яшчэ тройчы святкавала поспех на турніры ў 2007, 2011 і 2015 гадах.
Арганізатарамі спаборніцтваў з'яўляюцца Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Рэспублікі Беларусь", Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/sport
[2] http://www.belta.by
[3] https://zviazda.by/be/tags/kalyadny-turnir