Кітай прыступіў да стварэння першай у краіне эксперыментальнай базы для развіцця касмічных сонечных электрастанцый (КСЭ), перадае «Жэньмінь жыбаа» анлайн» [3].
Пагадненне аб стварэнні гэтай базы было заключана Чунцінскім універсітэтам, Сіаньскім аддзяленнем Кітайскага даследчага інстытута касмічных тэхналогій, Сіаньскім універсітэтам электроннай навукі і тэхнікі, а таксама народным урадам раёна Бішань горада Чунцын (Паўднёва-Заходні Кітай). Таксама было вызначана месцазнаходжанне названай базы.
Ідэя касмічных сонечных электрастанцый распрацоўвалася даўно, навукоўцы займаюцца падобнымі даследаваннямі яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Згодна гэтай ідэі, электрастанцыя, выведзеная на геастацыянарную арбіту, «завісне» над адной кропкай зямной паверхні, яе кругласутачна будзе асвятляць Сонца. Такім чынам, яна будзе практычна бесперапынна выпрацоўваць электраэнергію і бесправадным спосабам перадаваць яе на Зямлю.
У параўнанні з наземнымі сонечнымі электрастанцыямі эфектыўнасць работы КСЭ відавочная. Як паведаміў акадэмік Інжынернай акадэміі Кітая, прафесар Чунцінская універсітэта Ян Шычжун, калі максімальная генеравальная магутнасць з кожнага квадратнага метра сонечнай батарэі, усталяванай у паўночна-заходніх раёнах Кітая, складае каля 0,4 кВт, то ў стратасферы яна складае 7-8 кВт, а на геастацыянарнай арбіце ў 36 тыс. км ад паверхні Зямлі, можа дасягнуць 10-14 кВт.
Зараз уласныя праграмы па развіцці КСЭ вылучылі Кітай, ЗША і Японія, але ўсе яны знаходзяцца на стадыі фундаментальных даследаванняў. Па паведамленні акадэміка Акадэміі навук Кітая, начальніка навукова-тэхналагічнага камітэта Кітайскай карпарацыі касмічных тэхналогій Баа Вэйміня, для стварэння КСЭ неабходна вырашыць тры ключавых пытанні: як вывесці з дапамогай ракеты-носьбіта генератарныя ўстаноўкі на геастацыянарную арбіту і зманціраваць іх, як перадаваць электраэнергію з КСЭ на Зямлю і як забяспечыць бяспеку працы КСЭ і бяспеку навакольнага асяроддзя. «Пакуль усе гэтыя праблемы знаходзяцца на этапе фундаментальных даследаванняў», - заўважыў акадэмік.
Як прадугледжваецца ў пагадненні, у перыяд 2019-2020 гг. у раёне Бішань горада Чунцын будуць пабудаваны інфраструктурныя аб'екты эксперыментальнай базы, уключаючы палігон для запуску, павільён для правядзення выпрабаванняў платформы шароў-зондаў, лабараторны корпус і жалезную вежу. Агульны аб'ём асігнаванняў у іх будаўніцтва складзе 200 млн юаняў (каля 29 мільёнаў долараў). На гэты перыяд таксама запланавана правядзенне эксперыментаў па перадачы электраэнергіі мікрахвалевым метадам з платформы, якая знаходзіцца на вышыні 50-300 метраў. У перыяд 2021-2025 гг. будзе пабудавана КСЭ ў стратасферы і ажыццёўлена выпрацоўка электраэнергіі на гэтай станцыі. Пасля 2025-га пачнецца праца па стварэнні і эксплуатацыі буйной КСЭ.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/u-svece
[2] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[3] http://russian.people.com.cn
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya