Так расшыфроўваецца назва мабільнай праграмы «RіBFoP» для вывучэння гэтага прадмета пры дапамозе аўтаматычнага ўстройства. Праект прыдумаў не вучоны, а дзесяцікласнік слуцкай сярэдняй школы № 11 Цімафей Стамброўскі. З ім ён перамог у раённай школьнай канферэнцыі, а потым стаў першым у фінале ІІІ Рэспубліканскага конкурсу маладзёжных праектаў «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу».
Ідэйная «лямпачка» ў яго галаве загарэлася акурат на ўроку фізікі. «На дошцы былі начэрчаны квадрацікі, — распавядае вынаходнік. — Яны азначалі цела, якое рухаецца раўнамерна і прамалінейна. Я падумаў: было б здорава, калі б замест іх былі нашы робаты! Вучні ж так любяць візуалізаваць...»
Праграмаваць тэхніку Ціма навучыўся ў школьным гуртку па інтарэсах. А ажыццявіць прыдуманае дапамог яго настаўнік фізікі Дзмітрый Чарноў.
Пасля раённай канферэнцыі Цімафей зразумеў, што праект патрэбны школам. Таму і стварыў мабільную праграму ў сістэме Androіd. Яна заклікана дапамагчы настаўнікам тлумачыць фізічныя законы, а школьнікам — іх разумець. З ёй вучань выйшаў у фінал Рэспубліканскага конкурсу «Інфармацыйныя і мабільныя тэхналогіі для адукацыйнага працэсу», які праводзілі Міністэрства адукацыі і кампанія МТС.
— Самае лёгкае, што можа паказваць робат, — траекторыю, — абараняе праект хлопец. — Настаўнік запускае яго, а той рухаецца ўперад і назад. Падчас дэманстрацыі ў вучняў можна спытаць: ці заўсёды траекторыяй з'яўляецца прамая лінія? Канешне, не! І тады запускаюць астатнія варыянты шляхоў. А яшчэ робат можа бачыць перашкоду і аб'язджаць яе, маляваць крэйдай на падлозе ці іншай плоскасці, па якой ездзіць...
Фінал праходзіў цягам трох дзён. Напружанне зашкальвала.
— Гэта быў самы маштабны конкурс, у якім я ўдзельнічаў! — дзеліцца ўражаннямі Цімафей. — А канкурэнты якія дастойныя! Больш за ўсё спадабаўся праект Ільі Архіпава, які заняў другое месца, — мабільная праграма, што паскарае працэс чытання ў чатыры разы. Зараз ужо многія чытаюць усё на тэлефоне, так што праграма карысная.
Пасля конкурсу, у якім, дарэчы, Цімафей стаў абсалютным пераможцам, вынаходніцтвам слуцкага школьніка зацікавіліся ў педагагічным універсітэце і запрасілі прадэманстраваць яго выкладчыкам кафедры інфарматыкі і методыкі выкладання інфарматыкі. Першы ўрок з выкарыстаннем робата правялі і ў роднай школе Цімафея. Вучням спадабалася. А выкладчык заўважыў, што яны пачалі лепш разбірацца ў тэме. Да таго ж пры дэманстрацыі робата ў школьнікаў — толькі пазітыўныя эмоцыі. А з іх дапамогай інфармацыя запамінаецца лепш.
...Ціма захапляецца настольным тэнісам і шахматамі, летась асвоіў гітару. Аднак вольнага часу на цікавыя заняткі цяпер стала прыкметна менш: усе сілы скіраваны на робатаў. Ужо пачалі з'яўляцца новыя ідэі для далейшага развіцця праекта...
Юлія АДАМОВІЧ, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/yuliya-adamovich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya