У 2019 годзе ўрад запускае пілотны праект па апрабацыі нарматыўнага фінансавання дзяржаўных устаноў дашкольнай адукацыі. Ён накіраваны на ўдасканаленне бюджэтнага фінансавання ў галіне адукацыі. Сутнасць новай схемы — фінансаванне дзіцячых садкоў будзе «прывязвацца» да колькасці выхаванцаў.
Пілотны праект ахопіць дзяржаўныя ўстановы дашкольнай адукацыі, якія функцыянуюць на тэрыторыі Баранавіч, Віцебска, Гомеля, Магілёва, Лідскага, Слонімскага і Салігорскага раёнаў, а таксама ў Першамайскім раёне сталіцы.
Пастановай вызначаны базавы нарматыў для выхаванцаў устаноў дашкольнай адукацыі, размешчаных у гарадах, пасёлках гарадскога тыпу, у памеры 1943,65 рубля ў год, у сельскіх населеных пунктах — у памеры 2423,08 рубля ў год, і карэктуючыя каэфіцыенты, якія прымяняюцца да базавага нарматыву. У прыватнасці, каэфіцыент залежыць ад тыпу групы, якую наведвае выхаванец (санаторная, спецыяльная, група інтэграванага навучання і выхавання, пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі), ад колькасці выхаванцаў (для дашкольных устаноў з рознай напаўняльнясцю прымяняюцца розныя карэктуючыя каэфіцыенты). Каэфіцыенты залежаць таксама і ад працягласці знаходжання дзяцей ва ўстанове дашкольнай адукацыі (гэта можа быць 10,5, 12 ці 24 гадзіны або група кароткатэрміновага знаходжання). Пад увагу бярэцца і магчымасць наведвання ў дашкольнай установе басейна.
Мясцовыя Саветы дэпутатаў маюць права павялічваць аб'ём бюджэтных сродкаў пры наяўнасці крыніц пакрыцця такіх выдаткаў.
Міністэрству адукацыі даручана да 1 лютага 2020 года прадставіць у Савет Міністраў справаздачу аб выніках рэалізацыі пілотнага праекта.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya