Як паведамляе раённая газета «Драгічынскі веснік», у прыватнасці, жыхары мікрараёна Хлебазавод і крамы «Санта» скардзіліся на тое, што раніцай, калі многія дабіраюцца на вучобу і работу, грамадскі транспарт раз-пораз спазняецца, да таго ж не ўсе наогул маюць магчымасць змясціцца ў аўтобусах. Былі таксама нараканні з боку жыхароў іншых вуліц райцэнтра.
— Стаім на прыпынку па 200 чалавек ледзьве не кожную раніцу. Калі прыходзіць аўтобус, то ён набіваецца так, што едзем, як селядцы ў бочцы. Да таго ж не ва ўсіх атрымліваецца наогул з'ехаць — многія, у тым ліку і дзеці школьнага ўзросту, так і застаюцца на прыпынку. Даводзіцца шукаць альтэрнатыўныя спосабы, як дабрацца на вучобу ці на работу — прасіцца ў машыну да суседзяў, знаёмых, — прыкладна такія словы выказвалі абураныя жыхары той часткі горада.
У тыя ж дні скаргі на работу грамадскага аўтатранспарту сталі з'яўляцца і з боку насельніцтва мікрараёна Стараселле. Па словах мясцовых жыхароў, людзей, якія жадаюць дабрацца ў цэнтр горада, там шмат, а вось аўтобус падводзіць. Шмат хто стаіць на прыпынку, а транспарту ўсё няма і няма.
Вось што, у сваю чаргу, растлумачыў дырэктар філіяла «Аўтамабільны парк № 15 г. Драгічына» Уладзімір МАЗОЛЬ:
— Людзей з хлебазавода, якія жадаюць скарыстацца паслугамі грамадскага транспарту, сапраўды шмат, але і аўтобусаў дастаткова. Раніцай праз гэтую частку горада праходзіць 5 аўтобусаў. Тыя, хто не змог трапіць у першы, садзяцца ў другі, трэці і гэтак далей. Усе маюць магчымасць з'ехаць і своечасова дабрацца да месца вучобы, работы (апошні з гэтых пяці аўтобусаў прыбывае на прыпынак у 7.30), — адказаў кіраўнік транспартнай арганізацыі. — Праблема ў тым, што гараджане ў першую чаргу садзяцца ў прыгарадны аўтобус, праезд у якім каштуе танней (35 капеек ад хлебазавода да аўтастанцыі), чым у аўтобусе гарадскіх маршрутаў (60 капеек). Таму і ўзнікае сітуацыя, калі аўтобусы па прыгарадных маршрутах, якія маюць меншую ўмяшчальнасць, бітком забітыя, а гарадскія (МАЗ-103 — адны з самых вялікіх, што ёсць у нас, умяшчальнасцю да 100 чалавек) цалкам не запаўняюцца. У сувязі з гэтым намі і было прынята рашэнне з 1 студзеня 2019 года зраўняць кошт праезду на прыгарадных і гарадскіх маршрутах.
Таксама суразмоўнік дадаў, што ў тыя дні, калі з'явіліся скаргі ад гараджан, былі снегапады, не ўсе дарогі своечасова расчышчаліся ад снегу, і, магчыма, з гэтай прычыны былі нязначныя спазненні грамадскага транспарту — у тым ліку і па мікрараёне Стараселле.
— Мы імкнёмся рэагаваць на кожны зварот жыхароў горада і раёна па пытаннях курсіравання пасажырскага аўтатранспарту, часта саступаем у плане ўнясення змяненняў у маршруты, час руху, аж да некалькіх хвілін, — дадаў ён.
Прадставіўшы ўвазе чытачоў абедзве пазіцыі, раённая газета паабяцала ў найбліжэйшы час глыбей вывучыць сітуацыю і праехацца па асобных маршрутах руху пасажырскага аўтатранспарту як у горадзе, так і за яго межамі.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[4] https://zviazda.by/be/tags/dragichynski-rayon