Заводскі (г. Мінска) раённы аддзел Следчага камітэта завяршыў расследаванне крымінальнай справы аб вымагальніцтве, паведаміў Следчы камітэт [1].
Па дадзеных следства, у кастрычніку 2018 года 30-гадовы мужчына па просьбе свайго знаёмага звярнуўся да яго даўжніка, каб вярнуць грошы. "Фігурант разам з 26-гадовай сяброўкай 14 кастрычніка сустрэўся з даўжніком каля аднаго са сталічных супермаркетаў на вуліцы Убарэвіча, аднак дамовіцца не ўдалося. Тады маладыя людзі забралі мабільны тэлефон і, пагражаючы, заштурхалі даўжнiка ў аўтамабіль, - распавялі ў СК. - Прыехаўшы ў гараж, які належыць дзяўчыне, спрабавалі зацягнуць мужчыну ў падвал гаража. Затым яны патэлефанавалі ягонай маці і запатрабавалі перадаць ім аўто коштам больш як Br7 тыс., пры гэтым неаднаразова выказвалі пагрозы ў адрас яе сына". Атрымаўшы адмову ў выкананні сваіх патрабаванняў, яны пакінулі даўжніка каля гаража і з'ехалі.
Следчым дапытаныя ўсе фігуранты справы, канфіскаваныя і вывучаныя запісы камер відэаназірання, праведзены вобыск па месцы жыхарства абвінавачаных, накладзены арышт на іх маёмасць. Дзеянні пары кваліфікаваныя па ч. 1 арт. 183 КК (незаконнае пазбаўленне волі), ч. 2 арт. 206 КК (рабаванне), ч. 2 арт. 208 КК (вымагальніцтва). Абвінавачаны знаходзіцца пад вартай, яго сяброўка - пад падпіскай аб нявыездзе. Крымінальная справа перададзена пракурору для накіравання ў суд.
Спасылкі
[1] https://sk.gov.by/ru/news-usk-gminsk-ru/view/trebovali-vernut-dolg-ugrozhali-primenit-nasilie-rassledovanie-dela-o-vymogatelstve-v-minske-zaversheno-7541/
[2] https://zviazda.by/be/tags/sledchy-kamitet
[3] https://zviazda.by/be/tags/minsk