Гэты загаловак я пазычыла з газеты «Шахцёр» 1995 года, у якой Павел Цвірко ўспамінаў пра падзеі, што адбываліся ў часы Вялікай Айчыннай вайны. Павел Сцяпанавіч быў адным з арганізатараў падпольнай групы ў Грэскім раёне (сёння гэта тэрыторыя Случчыны), прымаў удзел у баявых аперацыях — у партызанскіх засадах, у многіх баях, у знішчэнні тэлефонна-тэлеграфнай сувязі.
Менавіта ён аднавіў выданне раённай газеты «Сталінец» у партызанскай зоне і да снежня 1943 года рэдагаваў яе, а пасля з-за пагаршэння здароўя перайшоў на пасаду намесніка рэдактара. Ім было падрыхтавана і напісана больш за сто лістовак і зваротаў да насельніцтва і асоб, якія трапілі на службу да немцаў. І ўсю гэтую працу ён вёў нягледзячы на цяжкую хваробу, вострыя эпілепсічныя прыпадкі...
А сёння яго праўнучка Даша Новікава, навучэнка 9 «Б» класа 23-й сталічнай гімназіі, вывучае старыя дакументы. Сямейную гісторыю і архіў яна выкарыстала ў сваёй навуковай рабоце, прысвечанай партызанскім газетам і лістоўкам. На конкурсе школьных даследчых работ, што праводзіўся ў Савецкім раёне Мінска, яе праект прызнаны найлепшым.
Мы вырашылі звязацца з Дашай і надрукаваць урыўкі з праекта, тым больш што яе прадзед пасля вайны працаваў уласным карэспандэнтам газеты «Звязда» па Баранавіцкай вобласці (захавалася пасведчанне, выдадзенае Паўлу Сцяпанавічу ў 1945 годзе). Да таго ж і сама Даша марыць пра прафесію журналіста...
Спадчына падпольшчыка
Родныя Паўла Сцяпанавіча змаглі зберагчы архіў, які ён старанна збіраў. Амаль цалкам захавалася падшыўка газеты «Сталінец» за 1944 год, а таксама лістоўкі і звароты, успаміны былых калег па падполлі, характарыстыка на члена КПСС, якую выдалі Паўлу Цвірко, і нават даведка, што ён прайшоў спецправерку пры ўпраўленні спецлагера № 174 (праз такую «працэдуру» прапускалі людзей, якія падчас вайны знаходзіліся на акупаванай тэрыторыі).
У сямейным архіве захаваліся і старыя фотаздымкі, адзін з іх зроблены за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай. У гэты час Павел Цвірко быў малодшым палітруком, праходзіў курсы ў Смаленскай вобласці і ўжо тады ведаў, што вайна непазбежная...
— Дзед плённа працаваў з рознымі дакументамі, большасць фатаздымкаў у яго падпісана. Таксама ён збіраў успаміны людзей, якія разам з ім дзейнічалі ў падполлі. Сярод іх ёсць ліст аднаго з членаў падпольнай групы А. Ф. Байкоўскага, які праслухоўваў зводкі Саўінфармбюро, якія пасля друкаваліся на машынцы і распаўсюджваліся. Варта сказаць, што ён разам з жонкай і чатырма малымі дзеткамі жыў непадалёк ад жандармерыі! Можна толькі дзівіцца смеласці гэтых людзей, — расказвае маці Дашы, Надзея Цвірко. — На жаль, дзядулі не стала, калі мне было 17 гадоў. Не так многа я паспела пачуць пра вайну ад яго, ды ён і не любіў пра яе расказваць, магчыма таму, што ў гэты час страціў сваіх родных — нацысты забілі яго бацькоў, сястру з маленькім дзіцем, сям'ю дзядзькі, спалілі разам з жыхарамі родную вёску Адамова. А вось бабуля, якая ў вайну працавала сувязной і распаўсюджвала партызанскі друк, расказвала пра жахі вайны. Яна ўспамінала, як падчас адной з аблаў, калі партызаны ўцякалі ад карнікаў, прасіла прыстрэліць яе, бо проста не было больш сіл ісці...
«Пропуск» да партызанаў
Разглядаем сямейны архіў разам з Дашай. Асабліва дзяўчынку зацікавілі звароты, якія партызаны пісалі да тых, хто служыў у паліцыі, дзе ў канцы пазначана: «Гэту лістоўку пры пераходзе да партызан паказвай разам са зброяй». Пацвярджэнне таму, што падобная друкаваная прадукцыя сапраўды давала эфект, знаходзім у падшыўцы газеты «Сталінец». Тут багата заметак, аўтары якіх дзеляцца, што пад прымусам былі загнаныя на службу да немцаў, але змаглі ўцячы і змагаюцца за вызваленне Беларусі.
Заўважаем, што супрацоўнікі друкарні «Сталінец» пускалі ў справу ўсё, чым удавалася разжыцца — асобныя звароты, набраныя на тонкай абгортачнай паперы, на шпалерах і нават на нямецкіх бланках (на адваротным баку можна ўбачыць фрагмент нямецкай свастыкі). Тут ёсць у тым ліку і фальшывы «Загад віцэ-прэзідэнта Беларускай Цэнтральнай Рады» — жартаўлівы адказ партызан на стварэнне прафашысцкай арганізацыі. Таксама ў падпольнай друкарні быў набраны зварот да працоўных Грэскага раёна, дзе выкрываецца нямецкая прапаганда: «У фашысцкім падбрэхічы «Газэта Случчыны» ад 13 лютага 1944 года змешчана брахня нямецкага халуя «прэзідэнта» Астроўскага. Гэты здраднік беларускага народа... гаварыў, што «немцы дапусцілі вялікія памылкі, спальваючы вёскі і забіваючы людзей. Але гэта больш не паўторыцца» — заявіў ён.
Пасля гэтага загаду... нямецкія злачынцы разам з бобікамі 29 лютага ўварваліся ў вёску Краснае Палікараўскага сельсавета і спалілі яе дашчэнту. Такія ж самыя «нявінныя памылкі» былі зроблены з многімі вёскамі Слуцкага раёна, якія былі спалены, а жыхары знішчаны».
На старонках газеты «Сталінец» можна знайсці інфармацыю і пра іншыя злачынствы нацыстаў. Таксама знаходзім тут верш Максіма Танка і зварот да моладзі Кандрата Крапівы. Багата матэрыялаў пра баявыя дзеянні партызанаў. А яшчэ са старых газет можна даведацца пра тое, як вызваляліся населеныя пункты Беларусі, як яны аднаўляліся.
— Не боязна было брацца за такую складаную тэму, як «падпольны друк», пераглядаць вялікую колькасць матэрыялаў? — цікаўлюся ў Дашы.
— Мяне падтрымлівала мая настаўніца гісторыі Алена Барысаўна Пірагова. І працаваць было вельмі цікава. Мяне гэтая тэма глыбока закранула, калі я стала вывучаць яе не па старонках падручнікаў, а па сямейных дакументах і гісторыі жыцця майго прадзеда і прабабкі. Я шмат ведала пра вайну з заняткаў па гісторыі і літаратуры, але ў асноўным у школе мы вывучаем інфармацыю пра баявыя дзеянні і не асэнсоўваем да канца значнасць, боль, жах і гераізм тых часоў. Напрыклад, раней я не ведала пра работу падпольных груп: як усё там было прадумана, зладжана працавала, людзі з розных груп дзейнічалі аўтаномна, нічога не ведалі пра сваіх калег. Па ўспамінах майго прадзеда, у ліпені 1941 года ён прайшоў у Гомелі трохтыднёвыя курсы падпольшчыкаў і ў жніўні быў накіраваны ў тыл ворага, на радзіму ў Грэск. Пры падтрымцы іншых мясцовых камуністаў ён арганізаваў Грэскую партыйна-камсамольскую групу ў складзе 25 чалавек. Падполле сфарміравалася па ўсіх правілах канспірацыі. Група была разбіта на тры падгрупы, і ў кожнай мелася свая справа. У склад адной падгрупы ўваходзілі медыцынскія работнікі Грэскай бальніцы. Яны забяспечвалі падпольшчыкаў лекамі, лячылі параненых партызан. Другая группа займалася разведвальнай дзейнасцю. Яе ўдзельнікі працавалі ў мясцовай управе немцаў і мелі доступ да сакрэтных звестак. На трэцюю былі ўскладзены абавязкі па інфармацыйна-палітычнай рабоце. У далейшым я хацела б заняцца гісторыяй Першай сусветнай вайны. Недалёка ад вёскі Нагорнае, адкуль родам мая бабуля, ёсць пахаванне салдат, пра якіх ніхто не згадвае. Трэба выпраўляць становішча...
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота Андрэя САЗОНАВА
На ідэалагічным фронце
Газета «Сталінец» — орган Грэскага раённага камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі — была заснавана яшчэ ў мірны час у 1935 годзе. Да вайны Павел Цвірко працаваў тут літаратурным работнікам, а пасля і адказным рэдактарам. Выданне «Сталінца» было адноўлена ў падполлі ў чэрвені 1943 года. Газета выходзіла да моманту вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1944 года. Не магу сабе ўявіць, як у тых найскладанейшых умовах, амаль кожны дзень гледзячы ў твар смерці, супрацоўнікі газеты здолелі забяспечыць яе штотыднёвы выхад. Увогуле ў падполлі быў надрукаваны 31 нумар у 1943-м і 36 — у 1944 годзе. Наладзіць масавы выпуск газет на тэрыторыі, якую кантралюе вораг, — справа не з лёгкіх. На дапамогу прыйшлі «суседзі» — Слуцкая падпольная група на чале з А. Д. Фаміным. Са Слуцка ў партызанскую друкарню былі дастаўлены шрыфты, мастыка і папера.
Друкаванае слова ў гэты час было ідэалагічнай зброяй як з боку савецкай улады, так і з боку нацысцкай Германіі, асабліва на акупаваных тэрыторыях, дзе насельніцтву было цяжка атрымліваць інфармацыю аб рэальным становішчы на фронце, чым і карысталіся захопнікі. Нацысты былі добрымі спецыялістамі ў сферы дэзынфармацыі, вялі ў Беларусі масіраваную прапаганду. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны з самалётаў раскідваліся нямецкія лістоўкі. У іх сцвярджалася, што вайна вядзецца не супраць савецкага народа, а супраць бальшавізму. Да таго ж на тэрыторыі Беларусі выдавалася каля 37 фашысцкіх газет і часопісаў. Так, у Грэску і Слуцку распаўсюджвалася «Газэта Случчыны», якая заклікала: «Беларусы, уключайцеся ў адзіны эўрапэйскі фронт барацьбы супраць бальшавізму і плютакратыі — гэтых ворагаў цывілізацыі і культуры!»
З першых дзён акупацыі БССР савецкія падпольныя газеты, у тым ліку і «Сталінец», супрацьстаялі падобным выданням і нямецкай прапагандзе. Падпольны друк стаў асноўнай крыніцай дакладнай аператыўнай інфармацыі аб падзеях на франтах, што ўзмацняла патрыятычныя настроі жыхароў акупаваных тэрыторый і давала ўпэўненасць у перамозе, садзейнічала пашырэнню партызанскага руху і прытоку патрыётаў у шэрагі народных мсціўцаў.
Дар'я НОВІКАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/alena-dzyadzyulya
[2] https://zviazda.by/be/author/andrey-sazonau
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva
[4] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi
[5] https://zviazda.by/be/tags/partyzanskiya-gazety