Двое мінчан спрабавалі выбіць грошы з даўжніка, а ў выніку «зарабілі» крымінальную справу.
Як паведамілі ў Следчым камітэце, 30-гадовы мужчына і яго 26-гадовая сяброўка па просьбе свайго знаёмага вырашылі дапамагчы яму вярнуць доўг. Яны сустрэліся з даўжніком каля аднаго са сталічных супермаркетаў. Але дамовіцца «па-добраму» не ўдалося. Не прыдумаўшы нічога лепшага, маладая пара адабрала ў даўжніка мабільны тэлефон і запіхнула бедака ў аўтамабіль, пагражаючы фізічнай расправай. Прыехаўшы да гаража, які належаў дзяўчыне, абвінавачаныя паспрабавалі зацягнуць пацярпелага ў падвал. Але ў іх нічога не выйшла, паколькі даўжнік аказаў актыўнае супраціўленне.
Тады яны патэлефанавалі маці пацярпелага і запатрабавалі аддаць ім аўтамабіль коштам больш за сем тысяч рублёў, выказваючы пры гэтым пагрозы прымянення гвалту да яе сына. Аднак, не дабіўшыся свайго, яны пакінулі мужчыну каля гаража і з'ехалі.
Дзеянні выкрадальнікаў кваліфікаваны паводле ч. 1 арт. 183 (незаконнае пазбаўленне волі), ч. 2 арт. 206 (рабаванне), ч 2. арт. 208 (вымагальніцтва) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Мужчына заключаны пад варту, а дзяўчына знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/kryminal
[5] https://zviazda.by/be/tags/minsk