Як паведаміў амерыканскі часопіс Foreіgn Polіcy, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у тэлефоннай размове з памочнікам дзяржаўнага сакратара ЗША па еўрапейскіх і еўразійскіх справах Ааранам Уэсам Мітчэлам 10 студзеня расказаў, што Беларусь зняла абмежаванні на колькасць дыпламатаў ЗША ў Мінску. Звесткі далі дзве крыніцы часопіса.
Нагадаем, з 2008 года амерыканскае пасольства ў Беларусі функцыянуе без пасла. Больш за тое, колькасць супрацоўнікаў першапачаткова была зменшана да пяці, аднак пазней ліміт павялічылі да дзесяці чалавек.
Дарэчы, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з памочнікам Ааранам Уэсам Мітчэлам у канцы кастрычніка мінулага года.
«Калі мы з вамі прасунемся ў нашых адносінах, я вам абяцаю, што беларусы ў вас будуць самымі надзейнымі, сумленнымі і шчырымі партнёрамі. Прынамсі, калі мы дамовімся, калі беларусы нешта вам паабяцаюць, нават у шкоду сабе, мы гэта выканаем», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка на той сустрэчы.
Міністэрства замежных спраў Беларусі пракаментавала БЕЛТА інфармацыю аб тэлефонных размовах паміж кіраўніцтвам ведамства і Дзяржаўнага дэпартамента ЗША. Начальнік упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі — прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз расказаў наступнае:
«Мы можам пацвердзіць факт некалькіх тэлефонных размоў, якія адбыліся апошнім часам паміж кіраўніцтвам Міністэрства замежных спраў Беларусі і Дзяржаўнага дэпартамэнта ЗША».
Паводле яго слоў, падчас гэтых гутарак бакі абмяркоўвалі розныя аспекты беларуска-амерыканскіх адносін, у тым ліку магчымасць іх паляпшэння. Аднак згодна з правіламі дыпламатычнай этыкі дэталёвы змест гэтых размоў не выдаецца.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/uladzislau-lukashevich
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/belarus-i-svet
[4] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[5] https://zviazda.by/be/tags/zsha