Дабрачынная акцыя праходзіла з 10 снежня да 11 студзеня. Падчас яе 91 арганізацыя наведала 122 сацыяльна значныя аб'екты: гэта інтэрнатныя ўстановы, дзіцячыя сацыяльныя прытулкі, бальніцы, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы для найлепшых навучэнцаў і студэнтаў. Усяго акцыяй было ахоплена больш за 550 тысяч хлопчыкаў і дзяўчат.
— Па аператыўнай інфармацыі, дапамога, якая была аказана, складае каля 1,5 мільёна рублёў. Гэта ўжо перавышае суму мінулага года амаль на 300 тысяч рублёў. Але канчатковыя вынікі акцыі яшчэ падлічваюцца, — паведаміла галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Алена СІМАКОВА.
Яна дадала, што ўстановы, дзе выхоўваюцца дзеці з уразлівых катэгорый, падтрымліваюцца не толькі напярэдадні зімовых свят, але і на працягу года. Напрыклад, Міністэрства лясной гаспадаркі набыло і ўстанавіла вокны Глускай санаторнай школе-інтэрнату, а Міністэрства абароны дапамагло зрабіць рамонт і ўкамплектаваць мэбляй спальны комплекс у Андрэеўскім дзіцячым доме.
— Пачынае ярка праяўляцца традыцыя аказваць усё больш увагі не толькі інтэрнатным установам, але і сем'ям, у якіх выхоўваюцца сіроты, — заўважае Алена Сімакова. — Гэта таксама важна, паколькі сетка дзіцячых інтэрнатных устаноў за апошнія дзесяць гадоў скарацілася напалову, выхаванцаў там стала на 70 працэнтаў менш, а колькасць дзяцей у дамах сямейнага тыпу вырасла ў два разы.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci
[4] https://zviazda.by/be/tags/nashy-dzeci-0