Выдавецтва «Мастацкая літаратура» прадаўжае серыю кніг «100 вершаў».
Праект нарадзіўся невыпадкова. Чытачы, бібліятэкары звяртаюць увагу на тое, што часам сёння кнігі паэзіі выходзяць вялікімі фаліянтамі. Здараецца, у некалькі соцень старонак. Сустракаючы такое выданне, задумваешся, а ці будзе чытаць сучаснік такі збор вершаў як раман. Паэзія — заўсёды вобразы, параўнанні, адзіны радок...
— Вось мы і задумаліся, што і як зрабіць, каб вярнуць увагу чытача да паэзіі, — тлумачыць дырэктар «Мастацкай літаратуры» Алесь БАДАК. — І прыйшлі да такой высновы, што і ў вялікага, знакамітага і, магчыма, меней вядомага паэта можна выбраць сто самых лепшых вершаў і выдаць адной невялікай кнігай. Так склалася серыя «100 вершаў». Часам нам падказваюць кнігарні, бібліятэкі, каго перш-наперш выдаць. Часам мы арыентуемся на меркаванні літаратурнай грамадскасці. У выніку, пачынаючы з 2017 года, выдалі пяць кніг. Адзін калектыўны зборнік паэзіі прысвяцілі вершам пра малую радзіму. Аўтары іншых збораў, дзе пастараліся выбраць самае лепшае са спадчыны паэтаў, — Міхась Стральцоў, Яўгенія Янішчыц, Пімен Панчанка. Цяпер вось — «Ніці лёсу» Генадзя Бураўкіна.
«Ці то раніцай звонкай, / Ці то вечарам ціхім — / Прыязджайце дадому, / Прыязджайце дадому / На сустрэчу / З яшчэ не забытым дзяцінствам, / Дзе матуля / Калыску люляла малому...» Гэтыя радкі верша «Прыязджайце дадому» нарадзіліся пасля знаёмства чытача са знакамітым вершам Рыгора Барадуліна — і ў эпіграф нават Генадзь Бураўкін вынес: «Трэба дома бываць часцей...» Многія творы аўтара кнігі «Ніці лёсу», якую ўклаў чуйны да паэтычнага слова Віктар Шніп, — гэта добра вядомыя беларусам песні. «Снежная імпрэсія» — гэта ж «Завіруха» («Ты куды мяне клічаш, / паслухай? — / На дварэ ні машын, ні людзей. / Белы снег, / Белы цень, / Белы дзень...» А хіба вы не ведаеце на памяць з маленства вось гэтыя словы: «Доўгі дзень, / Цёплы дзень / Адплывае за аблокі. / Сіні цень, / Сонны цень / Адпаўзае ў кут далёкі. / Збеглі зайкі ўсе ў лясы...» ?.. Вядома ж, «Калыханка»!.. Не песня, а цэлы драматычны спектакль, які можна ўяўляць у любое надвор'е, у любую пару года. Бо ў вершы «спяць і мышкі, і стрыжы. / Спяць машыны ў гаражы», а толькі не спяць словы, ствараючы вобразныя карціны, узбагачаючы нашы ўяўленні дзеямі, насычаючы паветра вакол нас сняжынкамі. І нясецца, выбіваючы капытамі галасы прыроды, «Конь незацугляны». Упэўнена нагадвае пра спаконвечнае «Малітва» («Божа, / Захіні маю Радзіму / Мудрасцю, / Спакоем / І цяплом!»)...
«Ніці лёсу» — выдатны напамін пра неўміручасць беларускай паэзіі, пра яе вышыні. І яшчэ — якраз той выпадак, калі вершаваная кніга чытаецца ад першай да апошняй старонкі.
Мікола БЕРЛЕЖ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikola-berlezh
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/litaratura
[4] https://zviazda.by/be/tags/litaratura