— Як мне надакучылі людзі! — усклікнула Яна.
— І я часам не хачу на іх глядзець! — адказаў Ён.
— Я хацела б збегчы куды-небудзь далёка-далёка, у іншы свет, дзе няма людзей. І каб у нас, як у Маленькага Прынца, была ўласная планета, — прамовіла Яна.
— І што б мы з табой на ёй рабілі?
— Ты пасадзіў бы ружы, а як вырастуць, прыносіў бы іх кожную раніцу мне ў ложак і прызнаваўся б у каханні, — прадоўжыла Яна.
— Прыгожая мара, — пагадзіўся Ён. — А што, калі і мы надакучым аднойчы адно аднаму?
— Гэтага не здарыцца, бо там у нас не будзе іншага выбару, — растлумачыла Яна.
— Але ж у чалавека павінен быць выбар! — адказаў Ён.
— Не заўсёды, — запярэчыла Яна. — Мы ж не выбіраем, напрыклад, дзе нарадзіцца...
— Але тады мы ўсяго гэтага больш не ўбачым! — паказаў Ён на акно.
— Атрымліваецца, што так, — адказала Яна.
— Дык, можа, пакуль нікуды не паляцім? — перапытаў Ён.
— Тады замкнём дзверы, адключым тэлевізар, тэлефон і інтэрнэт, — Яна ўлюбёна зірнула каханаму ў вочы. — А заўтра раніцай ты падорыш мне ружы, няхай і зямныя...
— Згодны, — адказаў Ён. — Толькі... Давай, не сёння.
— Чаму? — здзівілася Яна.
— Сёння якраз гуляе «Дынама». А яшчэ трэба зрабіць некалькі важных званкоў, зайсці ў «Фэйсбук», ды і сябар абяцаў завітаць.
— А як жа мы? — ледзь чутна спытала Яна, але Ён ужо адчыняў дзверы.
І толькі ў вечаровым небе ледзь бачным блакітным агеньчыкам свяцілася паміж мільярдаў зорак іх маленькая планета.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://zviazda.by/be/syamya-i-demagrafiya
[3] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[4] https://zviazda.by/be/tags/syamya