У сярэднім у кожнай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы на лячэнні штомесяц знаходзіцца па 10—15 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, ва ўзросце ад некалькіх месяцаў і да 10 гадоў. Дактары і медсёстры абследуюць такіх дзетак, бяруць у іх аналізы, лечаць. Але ніхто з імі не гуляе, не бярэ іх на рукі, не размаўляе... У медсясцёр на гэта проста няма часу, а няня, якая займалася б з дзецьмі-сіротамі, у штатным раскладзе нашых бальніц не прадугледжана...
«Шкада было гэтых малютак да слёз!»
Сітуацыя крыху змянілася, калі ў Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа вырашылі запусціць праект «Няня замест мамы». Мая суразмоўніца Вольга Грыцкевіч у рамках гэтага праекта з ліпеня мінулага года працуе сацыяльнай няняй у Гомельскай дзіцячай абласной клінічнай бальніцы — у аддзяленні, дзе ляжаць дзеткі да двух гадоў, якія засталіся без апекі бацькоў.
Вользе Грыцкевіч 58 гадоў. Кажа, што да пенсіі працавала ў аддзеле кадраў у будаўнічай арганізацыі. «Раней няньчыла дарослых, а цяпер перайшла на дзяцей, — смяецца яна. — З дзецьмі лягчэй. А вось дарослыя будаўнікі, ведаеце, і на работу могуць не выйсці, і запіць... І з усімі трэба было аддзелу кадраў разбірацца».
— Ёсць сем'і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, бацькі часцей за ўсё п'юць, — тлумачыць Вольга Іванаўна. — І калі дзеці ў такіх сем'ях недагледжаныя — галодныя і халодныя, брудныя, — сацработнікі іх з сям'і забіраюць. Малых змяшчаюць у бальніцу, дзе дактары іх абследуюць. А потым мы чакаем рашэння суда: што з імі рабіць далей. Некаторым бацькам даюць шанц выправіцца і аддаюць дзяцей назад у сям'ю, але гэта адзінкавыя выпадкі. Часцей за ўсё дзетак адпраўляюць у дом малюткі.
Сацыяльная няня расказвае, што бачыла малых, якія нават не рэагавалі на сваіх бацькоў, калі тыя прыходзілі іх наведаць. «У нас быў хлопчык, яму было паўтара года, і ён не хацеў ісці да мамы, плакаў, — кажа Вольга Грыцкевіч. — Ён да мяне больш ішоў, таму што прывык ужо. Я ж тут кожны дзень з паловы дзявятай і да пяці. Кармлю іх, мыю, пераапранаю, магу на ручках патрымаць, прылашчыць — дзіцяці, асабліва хвораму, такая ўвага проста неабходна. Гэта і выздараўленню спрыяе... Маленькаму дзіцяці як паветра патрэбна цяпло, ласка, і яго не падманеш: калі ты да яго добра ставішся — тады і яно да цябе з усёй душой. Гэта цяпер мае дзеці! У аддзяленні так і кажуць: дзеці Вольгі Іванаўны (смяецца). Вось у мяне зараз дзевяць дзяцей. Самай маленькай — пяць месяцаў»...
Вольга Іванаўна прызнаецца, што на работу зараз ідзе з вялікім задавальненнем, бо ведае, што яе чакаюць маленькія выхаванцы. Хоць так было не заўсёды. «Я спачатку наогул думала, што не змагу тут працаваць, — успамінае яна. — Шкада было гэтых малютак да слёз! І часам я абуралася нават, калі ў некаторыя сем'і дзяцей вярталі, лічыла, што гэтыя бацькі не заслугоўваюць такога шанцу. Вы б іх бачылі, якімі яны сюды прыходзілі: счарнелыя ад п'янак, дрыжачыя! Прыносілі даведку, што закадзіраваліся, але гэта часта было толькі да атрымання дзіцячай дапамогі. Таму ў нас былі выпадкі, калі дзеткі паступалі сюды зноў...»
У 2017 годзе грамадскасць сабрала сродкі на зарплату 18 сацыяльным няням
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа працуе над праектам, які дапамагае знайсці няняў для дзяцей без бацькоў у бальніцах краіны, з 2016 года. У бальніцы любое дзіця перажывае моцны стрэс з-за таго, што яно ў незнаёмым месцы, вакол — незнаёмыя людзі, і заўсёды трэба быць гатовым да ўкола ці яшчэ нейкай балючай працэдуры. Але часцяком простай чалавечай цеплыні і ласкі бывае дастаткова, каб дзіця адчула сябе лепш. Медыкі нават адзначаюць, што ў малых, якіх гладзяць і носяць на руках, хутчэй праходзяць прастуды і іншыя захворванні!
Цесны кантакт з маці ці нават з любым іншым клапатлівым дарослым — пытанне эмацыянальнай бяспекі для любога дзіцяці. Таму Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа і вырашыла наняць такіх сацыяльных няняў. Па задумцы няні павінны былі стаць людзьмі, якія дораць малым свой клопат, пераапранаюць, кормяць, водзяць на працэдуры, а яшчэ — бяруць на рукі, гуляюць, чытаюць казкі...
Наогул, першая сацыяльная няня, якая даглядала малых-сірот, з'явілася ў дзіцячай бальніцы Гродна ў 2015 годзе. А ў 2017-м грамадскасць сабрала сродкі на зарплату ўжо 18 сацыяльных няняў у 16 бальніцах Мінска, Гомельскай, Гродзенскай, Брэсцкай і Мінскай абласцей.
Праект «Няня замест мамы» працягваецца, кажуць у БТЧК. Пры падтрымцы грамадскасці сацыяльныя няні, якія будуць даглядаць дзяцей-сірот, у найбліжэйшы час з'явяцца ў бальніцах ва ўсіх рэгіёнах краіны.
Святлана БУСЬКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-busko
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/sacyyalnaya-padtrymka
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/sacyyalnyaa-nyanya
[6] https://zviazda.by/be/tags/belaruskae-tavarystva-chyrvonaga-kryzha-1