Навучэнцы Ліцэя БДУ заваявалі шэсць медалёў і ўдастоіліся дыплома III ступені ў камандным заліку на XV Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе школьнікаў па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы ў Алматы (Казахстан).
Залаты медаль па матэматыцы — на рахунку адзінаццацікласніка Уладзіслава Зверыка. Яго аднакласнікі Аляксандр Каленчыц, Міхаіл Макей і Аляксей Быкаў занялі п'едэстал па фізіцы, заваяваўшы “золата”, “серабро” і “бронзу” адпаведна. Па інфарматыцы залатым медалём узнагародзілі дзесяцікласніка Сяргея Процкага, а бронзавым прызёрам стаў адзінаццацікласнік Ігар Балюк.
Кіраўнікамі каманды выступілі настаўнік матэматыкі Ліцэя БДУ Таццяна Бахціна і чацвёртакурснік фізічнага факультэта Арцём Піваварчык.
Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 540 школьнікаў у складзе 82 каманд з 16 краін.
Міжнародная Жаўтыкаўская алімпіяда праводзіцца ў гонар вядомага казахскага акадэміка і выдатнага вучонага-матэматыка Арымбека Жаўтыкава. Унікальнае інтэлектуальнае спаборніцтва працягвае традыцыі ўсесаюзных алімпіяд і дае ўдзельнікам унікальны шанц для далейшага росту ў вывучэнні дакладных навук.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/adukacyya