Стваральнікі фальклорнага праекта «Жывая класіка», якія ўжо не адзін месяц калясяць з экспедыцыямі па роднай краіне, каб потым паказаць унікальныя нематэрыяльныя каштоўнасці гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі ў тэлевізійным эфіры на «Беларусь 3», зладзілі сустрэчу з гледачамі.
Вядучая Кацярына Ваданосава, прадзюсар і рэжысёр, іншыя ўдзельнікі здымачнай групы не толькі адказалі на пытанні гасцей імпрэзы, падзяліліся вопытам работы з носьбітамі аўтэнтычных беларускіх традыцый і рамёстваў, але таксама і расказалі багата гісторый пра тое, што звычайна застаецца па-за кадрам праграмы: напрыклад, расказалі, як пазнаёміліся з сапраўднымі шапаваламі і іх асаблівай тайнай мовай «катрушніцкі лемезень», у якой з беларускіх вёсак жывуць нашчадкі шведаў, дзе знаходзіцца «душа» ў клёцках...
Разынкай вечара стала адмысловая выстаўка, падрыхтаваная... гукарэжысёрам праграмы. Ілья Хмяльніцкі падчас шматлікіх творчых камандзіровак часта здымаў на мабільную камеру элементы дэкору і побыт вяскоўцаў. Калекцыя атрымалася настолькі цікавая і нетрывіяльная, што ўжо скарыстоўваецца як дадатковае аздабленне ў тэлепраекце «Жывая класіка», а з 10 студзеня да 10 лютага падборка найлепшых кадраў будзе адкрытая для ўсіх ахвотных у сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Таксама прыемнымі сюрпрызамі вечара сталі выступленні навучэнцаў гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі і ўласна Кацярыны Ваданосавай — як паэткі і ўдзельніцы музычнага гурта Kасіаrуnа Vаdаnоsаvа & Fаntаsу Оrсhеstrа.
Вікторыя ЗАХАРАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/viktoryya-zaharava
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[4] https://zviazda.by/be/tags/zhyrandolya
[5] https://zviazda.by/be/tags/etnagrafiya