Работнікам дыпламатычнай службы Рэспублікі Беларусь
Паважаныя супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў, замежных устаноў Рэспублікі Беларусь, ветэраны дыпламатычнай службы!
Стагоддзе беларускай дыпламатычнай службы, пачатак якой быў пакладзены ў студзені 1919 года, — важная гістарычная вяха для нашай краіны.
У гэты перыяд адбылося мноства знакавых падзей. Самыя яркія з іх — падпісанне ў 1945 годзе Статута ААН і ўваходжанне Беларусі ў склад заснавальнікаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый.
Развіццё нацыянальнай дыпламатыі непарыўна звязана са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці, рашэннем задач па забеспячэнні раўнапраўнай інтэграцыі нашай краіны ў сусветную палітычную, эканамічную, навуковую, культурную і інфармацыйную прастору.
За гады незалежнасці Рэспубліка Беларусь дамаглася прыкметных дасягненняў на сусветнай арэне: захавала і ўмацавала традыцыйныя сувязі, пашырыла кола замежных партнёраў і саюзнікаў, стала ўдзельнікам інтэграцыйных праектаў, многіх аб'яднальных міжнародных ініцыятыў, адкрыла і асвоіла новыя перспектыўныя рынкі, зарэкамендавала сябе як донар рэгіянальнай бяспекі.
У гэтых дасягненнях — немалая заслуга дыпламатаў. Сваёй напружанай працай, высокім прафесіяналізмам і адказным падыходам да справы вы не раз пацвярджалі здольнасць эфектыўна абараняць законныя інтарэсы Беларусі, правы і свабоды яе грамадзян за мяжой.
Перакананы, што Міністэрства замежных спраў і надалей застанецца на «перадавой» барацьбы за суверэнітэт і рэальную незалежнасць, павышэнне ролі нашай дзяржавы ў свеце.
Віншую супрацоўнікаў міністэрства і замежных устаноў Рэспублікі Беларусь са знамянальным юбілеем. Асаблівыя словы ўдзячнасці адрасую ветэранам дыпламатычнай службы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё беларускай дыпламатыі, з'яўляючыся прыкладам служэння Айчыне.
Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і поспехаў у вашай дзейнасці на карысць Радзімы.
З павагай, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/prezident
[3] https://zviazda.by/be/tags/mzs