Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля КАЧАНАВА сустрэлася з кіраўніцтвам Салігорскага раёна і працоўным калектывам «Беларуськалія». Сустрэча са старшынёй райвыканкама Алегам Паскробкам і яго камандай дапамагла прааналізаваць выкананне задач, якія ставілі перад рэгіёнам.
«Парадавала, што праблемных прадпрыемстваў, на якія варта было б звярнуць асаблівую ўвагу на рэспубліканскім узроўні, як мне дакладваў старшыня райвыканкама, няма. Пытанні, якія ўзнікаюць, вырашаюцца на мясцовым узроўні. І гэта правільна. Менавіта ад працы старшынь гар- і райвыканкамаў залежыць грамадска-палітычнае становішча, сацыяльна-эканамічнае развіццё рэгіёна. Калі гэта прадпрыемствы камунальнай або рэспубліканскай формы ўласнасці, усё роўна з іх кіраўнікамі даводзіцца мець справу ўладам на месцах. Таму што на ўсіх гэтых прадпрыемствах працуюць людзі, якія жывуць у вашых рэгіёнах. І яны павінны разумець, што тут ім забяспечаны заробак, сацыяльная абарона. Адхіляцца ад праблем нельга. Вы гаспадары на сваёй тэрыторыі, знаходзіцеся на перадавой. І адказнасць вялікая», — сказала Наталля Качанава, звяртаючыся да раённых і гарадскіх чыноўнікаў.
На парадку дня застаюцца цэны, занятасць і заробкі. «Неабгрунтаванага росту цэн у гандлёвых сетках быць не павінна, тым больш, як я паглядзела, канкурэнцыя ў вас тут дастаткова высокая», — падкрэсліла яна. Таксама кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта заўважыла, што, акрамя «Беларуськалія», павінны развівацца і іншыя прадпрыемствы, каб даваць працоўныя месцы. Да таго ж неабходна ствараць умовы для развіцця жаночай працы і прадпрымальніцтва, асаблівую ўвагу ўдзяляць моладзі. Што датычыцца камісій па садзейнічанні занятасці, Наталля Качанава папрасіла не дапускаць памылак: «Гэтымі пытаннямі павінны займацца самыя кампетэнтныя людзі. Для гэтага і створаны камісіі. У вас 900 вакансій і 300 беспрацоўных. Унікайце ў сітуацыі людзей і дапамагайце».
Пазней яна сустрэлася з працоўным калектывам «Беларуськалія». Адзіны дзень інфармавання быў прысвечаны Году малой радзімы. Наталля Качанава закранула тэмы забеспячэння жыллём шматдзетных сямей, павышэння заробкаў у бюджэтнай сферы, роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і іншыя. Пасля гэтага адказала на пытанні прысутных.
Паводле БелТА
Фота газеты «Шахцёр»
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/tags/natallya-kachanava