Трэці тыдзень у ваколіцах вёскі Камароўка працягваюцца пошукі 26-гадовага Мікалая Бяцені, які знік у навагоднюю ноч.
Жыхар вёскі Дамачава Брэсцкага раёна адзначаў свята ў сваёй сястры ў вёсцы Камароўка. Потым ён працягваў адпачываць на дыскатэцы ў сельскім ДК, затым зайшоў у дом, дзе сустракала Новы год моладзь. Апошні раз ён выходзіў на сувязь з сястрой у 6.15 раніцы 1 студзеня, а потым нібыта пайшоў дадому, але больш яго ніхто не бачыў. Спачатку сваякі шукалі хлопца самі з дапамогай сяброў і знаёмых, а на наступны дзень звярнуліся ў міліцыю. Адразу да пошукаў прыступіла больш за 50 чалавек — супрацоўнікаў міліцыі, вайскоўцаў, супрацоўнікаў МНС. Пазней сталі прыбываць валанцёры з Брэсцкага і суседніх раёнаў. Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа, затрыманы тры чалавекі, які былі ў адной кампаніі з Мікалаем той ноччу.
Як паведаміла карэспандэнту газеты старшыня Тамашоўскага сельскага Савета Алена БУРАК, цяпер у пошуках штодня задзейнічана каля двухсот чалавек. Абследуюцца лясныя масівы, закінутыя будынкі навакольных вёсак, падвальныя і іншыя памяшканні. Алена Іванаўна выказала шчырыя шкадаванні наконт інфармацыі, якая з'яўляецца і ў сацсетках, і ў СМІ. Пішуць, што маладога чалавека білі ледзь не 15 альбо 20 чалавек, а потым схавалі цела. Але ж ніхто нічога не ведае. Праверкі, якія праводзяць праваахоўнікі, пакуль нічога не пацвярджаюць.
Вяскоўцы трывожацца, што хлопец мог трапіць у балота. Балоцістыя мясціны тут небяспечныя. Ужо ў ходзе пошукаў давялося ратаваць вадалаза і валанцёра, якія трапілі ў багну. Да пошуку прыцягвалі экстрасэнсаў. Але яны супярэчаць адно аднаму і вядуць пошукавікаў у розныя бакі.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenne