Аварыя адбылася 20 студзеня ў вёсцы Табала Гродзенскага раёна. Аўтамабіль «Рэно», за рулём якога знаходзіўся 30-гадовы жыхар Гродзенскага раёна, здзейсніў наезд на 44-гадовага мужчыну, які ляжаў на дарозе. Ад атрыманых траўмаў той памёр на месцы.
Па словах намесніка начальніка Гродзенскага РАУС Валерыя Шамрука, пацярпелы ехаў на веласіпедзе. Як і калі ён упаў з яго, пакуль невядома. Ніхто з мясцовых жыхароў гэтага не бачыў. Наезд на веласіпедыста адбыўся каля 19 гадзін вечара. Ці быў ён у нецвярозым стане, таксама пакуль невядома. Ёсць інфармацыя, што пацярпелы неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за парушэнне правілаў дарожнага руху як пешаход.
Валерый Шамрук зазначыў, што апошнім часам павялічылася колькасць аварый з удзелам веласіпедыстаў. Толькі ў Гродзенскім раёне рэгіструецца ад трох да васьмі парушэнняў. А між тым для гэтага транспарту таксама ёсць шэраг абмежаванняў. Нельга карыстацца веласіпедам ва ўмовах снегападу і галалёдзіцы. А гэтымі днямі якраз і назіралася такое надвор'е. Таксама існуюць пэўныя патрабаванні да стану самога сродку. Калі раней на веласіпедах былі простыя святлоадбівальныя катафоты, то зараз павінны быць ліхтары, якія свецяць пастаянна, спераду — белым святлом, а ззаду — чырвоным.
Што датычыцца данай аварыі, веласіпедыст меў на адзенні святлоадбівальныя элементы, але невядома, ці мог кіроўца своечасова іх заўважыць, калі той ляжаў на дарозе. Заведзена крымінальная справа.
Маргарыта УШКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/margaryta-ushkevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdarenni
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdarenni