Рэканструкцыю археалагічнага музея "Бярэсце" плануецца завяршыць летам бягучага года. Наведвальнікам прадставяць абноўленую пастаянную экспазіцыю, паведаміў БЕЛТА [1] дырэктар абласнога краязнаўчага музея, філіялам якога з'яўляецца "Бярэсце", Аляксей Міцюкоў.
Мадэрнізацыя музея вядзецца паводле распараджэння Прэзідэнта аб падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя Брэста. Работы на аб'екце пачаліся ў 2017 годзе. Праект прадугледжвае рамонт даху, падвалаў, службовых памяшканняў, узмацненне апорных канструкцый, добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Паралельна ствараецца новая экспазіцыя "Бярэсця". Яе канцэпцыя ў навуковым плане зменаў практычна не зведае, мастацкае ж напаўненне істотна зменіцца. Будзе ўстаноўлена сучаснае абсталяванне, з'явяцца інтэрактыўныя пляцоўкі, аб'ёмныя інсталяцыі, плануецца прымяніць элементы аўдыявізуалізацыі, QR-коды.
"У залах будуць адлюстраваныя схемы сельскай гаспадаркі, гандлю, палявання, культуры - усё тое, чым займаліся старажытныя берасцейцы. Новым стане абсталяванне залы, прысвечанай Берасцейскаму замку і гораду пасля XIII стагоддзя, каб наведвальнікі разумелі, што было пасля старажытнага Бярэсця, чаму горад перамясціўся на востраў Цытадэль, а потым там паўстала крэпасць. Будзе паведамлена пра гісторыю будаўніцтва музея і археалагічныя раскопкі", - адзначыў Аляксей Міцюкоў. Ён дадаў, што ў адным з залаў гасцям прадставіцца магчымасць для прагляду дакументальных фільмаў пра Бярэсце.
"Бярэсце" з'яўляецца унікальным музеем, аналагаў якога няма ў Еўропе. Ён адкрыўся ў сакавіку 1982 года на Шпітальным востраве Брэсцкай крэпасці на месцы дзяцінца старажытнага горада Бярэсця. З 1969 па 1981 год год на гэтай тэрыторыі праводзіліся раскопкі. Навукоўцы пад кіраўніцтвам прафесара Пятра Лысенка выявілі драўляныя пабудовы XI-XIII стагоддзяў. Адна з іх захавалася на 12 вянкоў, што з'яўляецца вялікай рэдкасцю для раскопаў старажытных гарадоў. Археалагічная калекцыя музея налічвае каля 40 тыс. прадметаў.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/culture/view/rekonstruktsiju-arheologicheskogo-muzeja-berestje-zavershat-letom-333693-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/byaresce