Каб папярэдзіць пажары і гібель людзей ад іх, па 28 лютага ва ўсіх кутках Беларусі праходзіць рэспубліканская акцыя "Бяспека - у кожны дом!".
Неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраабсталявання, дзіцячае свавольства з агнём і няведанне правіл бяспекі па-ранейшаму застаюцца асноўнымі прычынамі пажараў у жыллё. Для прыцягнення ўвагі грамадзян да праблемы ўзнікнення пажараў і гібелі на іх ратавальнікі будуць выкарыстоўваць розныя формы работы. Акцыя складаецца з пяці этапаў, паведамілі ў МНС.
Першы этап пройдзе па 1 лютага. Мэтавай аўдыторыяй стануць людзі, якія злоўжываюць алкаголем і вядуць асацыяльны лад жыцця. Прафілактычная работа будзе праведзена на базе аддзяленняў дзённага знаходжання ў наркалагічных дыспансерах, у апорных пунктах грамадскага правапарадку, а таксама на адкрытых пляцоўках сельскіх саветаў. Менавіта на апошніх пройдуць інтэрактыўныя квэст-гульні.
На другім этапе акцыі, які пройдзе па 12 лютага, акцэнт будзе зроблены на работу з адзінокімі і адзінокапражываючымі пажылымі людзьмі, пенсіянерамі. Спецыяльна для гэтага ратавальнікі адправяцца ў аддзяленні дзённага знаходжання на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Прафілактычныя гутаркі, дэманстрацыя відэафільмаў, віктарыны па АБЖ, канцэртная праграма, яркая наглядна-выяўленчая прадукцыя і нават дыскатэкі -- няпоўны спіс таго, што ўвойдзе ў арсенал навучання работнікамі МНС.
Трэці этап адбудзецца па 19 лютага ў ВНУ, ліцэях, каледжах. Карысную інфармацыю з правіламі бяспекі будуць перадаваць з радыёвузлоў, сцены навучальных карпусоў запоўняць маляўнічыя ўлёткі з лагатыпам акцыі, а для таго, каб звярнуць увагу на важныя пытанні сучаснай моладзі, ратавальнікі будуць выкарыстоўваць максімальна цікавыя формы работы. Акрамя гутарак і забаўляльна-навучальных праграм, гэта будуць гульні “Дзе логіка?”, інтэлектуальныя турніры “Брэйн-рынг” і многае-многае іншае.
Чацвёрты этап пройдзе па 27 лютага ў санаторыях, арганізацыях і на прадпрыемствах. Для гасцей мерапрыемстваў ад ратавальнікаў будуць падрыхтаваны лекцыі, тэматычныя конкурсы і віктарыны, фільмы і ролікі на тэму АБЖ, канцэртная праграма. Нязменнымі памочнікамі ратавальнікаў стануць актывісты маладзёжнай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, а таксама работнікі ўстаноў культуры.
Пяты этап адбудзецца 28 лютага ў месцах масавага знаходжання людзей - на адкрытых пляцоўках, рынках, у буйных гандлёвых і дзіцячых забаўляльных цэнтрах. Падчас святочнага закрыцця акцыі пройдуць канцэрты з удзелам калектываў мастацкай самадзейнасці і “зорак” беларускай эстрады. Ратавальнікі правядуць конкурсы і віктарыны на лепшае веданне асноў бяспечных паводзін, будуць навучаць правільным паводзінам як малых, так і дарослых.
Сяргей РАСОЛЬКА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka-u-kozhny-dom
[2] https://zviazda.by/be/tags/akcyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/mns
[4] https://zviazda.by/be/tags/pazhar