Выязное пасяджэнне [4] Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ў Чачэрскім раёне Гомельскай вобласці стала першым у 2019 годзе. Работа членаў Савета Рэспублікі з выездам у рэгіёны будзе працягнута і накіравана на павышэнне эфектыўнасці рэгіянальнай палітыкі ў вырашэнні праблем жыццезабеспячэння насельніцтва.
Усе члены камісіі адначасова правялі прыёмы грамадзян у сельсаветах раёна, вывучылі праблемы жыхароў, наведалі мясцовыя школы, магазіны, Дамы культуры і медыцынскія ўстановы.
На выніковым пасяджэнні было адзначана, што разам з поспехамі ў эканоміцы і ростам будаўніцтва жылля (у тры разы больш, чым за аналагічны перыяд 2017 года) у Чачэрскім раёне яшчэ захоўваецца шэраг нявырашаных пытанняў у выкананні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў эфектыўнасці работы. Нягледзячы на тэндэнцыю росту сярэднямесячнай заработнай платы, намінальна налічаная зарплата работнікаў раёна ў студзені — лістападзе 2018 года была на 16,8 працэнта ніжэй за абласны ўзровень. Застаецца напружанай сітуацыя на рынку працы. Колькасць занятых у эканоміцы працягвае скарачацца, ёсць праблемы з працаўладкаваннем.
Зыходзячы з гэтага, Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні рэкамендавала органам мясцовага кіравання і самакіравання Чачэрскага раёна вызначыць пункты эканамічнага росту і выпрацаваць адпаведныя напрамкі развіцця рэгіёна з улікам наяўных канкурэнтных пераваг: выгаднага геаграфічнага становішча, развітога аграпрамысловага комплексу, створанай прамысловай і сацыяльнай інфраструктуры.
Перспектыўнымі напрамкамі ў развіцці эканомікі і канкурэнтнымі перавагамі раёна можа стаць стварэнне перапрацоўчых вытворчасцяў з упорам на першасную перапрацоўку сельскагаспадарчай прадукцыі. Сельгаспрадпрыемствам неабходна прадугледзець меры па павелічэнні аб'ёмаў вытворчасці канкурэнтаздольнай сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання з высокай дабаўленай вартасцю — праз укараненне прагрэсіўных «дакладных» тэхналогій у земляробстве і жывёлагадоўлі. Таксама, на думку спецыялістаў, вяртанне ў гаспадарчы абарот зямель, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС, і вырошчванне на іх хуткарослай драўніны дазволіць стварыць рабочыя месцы і павысіць дзелавую актыўнасць мясцовага насельніцтва.
Немалыя перспектывы для рэгіёна могуць адкрыцца з развіццём транспартнай дзейнасці і турызму. Геаграфічнае становішча раёна спрыяе актыўнаму развіццю прадпрымальніцтва ў сферы тураператарскай дзейнасці, экскурсійнага абслугоўвання.
Гомельскаму абласному Савету дэпутатаў сумесна з Гомельскім аблвыканкамам і органамі мясцовага самакіравання рэкамендавана прапрацаваць і ўнесці ў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні прапановы па ўдасканаленні заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе дзейнасць органаў мясцовага самакіравання ў частцы актывізацыі іх работы, і прыцягненні грамадзян да вырашэння пытанняў мясцовага значэння.
Паводле слоў старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандра Папкова, такая практыка выезду на месцы, вывучэння сітуацыі і поўнага ахопу ўсёй праблематыкі розных сфер жыцця канкрэтнага раёна цяпер будзе рэгулярна прымяняцца ў рабоце членаў Савета Рэспублікі.
Наталля БІТЭЛЬ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/natallya-bitel
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] http://zviazda.by/be/news/20190124/1548340553-zakanadaucy-vyvuchayuc-situacyyu-u-chacherskim-rayone-gomelskay-voblasci
[5] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[6] https://zviazda.by/be/tags/chacherski-rayon