Вясковая сям’я Гапоненкаў, што жыве ў Рэчыцкім раёне, справіла дыяментавае вяселле
У кожнага паселішча беларускага ёсць свой характар, свой нораў і запал. І ў вёсцы Азершчыне, што багатая на рэчку, лес, азёры, ёсць сваё эмацыйнае жыццё. Прыгожы куток у нашым раёне Гомельшчыны, і людзі тут — працавітыя, з адкрытымі душамі, добрымі сэрцамі. Звязалі свой лёс з Азершчынай, з людзьмі, якія сталі аднавяскоўцамі, Іван ды Марыя Гапоненкі. Прыгледзьцеся ў твары мужа і жонкі: як яны падобныя і якія прыгожыя! Нібыта гады іх упрыгожваюць. Яны стварылі сям’ю 60 гадоў таму, і святкавалі летась разам з роднымі, блізкімі сваё дыяментавае вяселле.
Марыя Іванаўна родам з вёскі Баравікі: раней то быў Парыцкі раён, Бабруйскай вобласці, цяпер — Светлагорскі раён Гомельшчыны. З сялянскай сям’і. Як і ўсе вяскоўцы, з дзяцінства — у працы. Ад маці, родных пераняла шмат традыцый і абрадаў, з гадамі сама стала іх захавальніцай. Выдатна вышывае, шые, вяжа. У Цэнтры культуры й вольнага часу вёскі Азершчыны ладзіліся выставы яе прац: “З крыніцы народнай”, “Ад вытокаў да сучаснасці”, “Жыватворныя вытокі” ды іншыя. Сустрэнеш яе працы й на гарадскіх імпрэзах, выставах, на абласных святах, Дажынках. І ў працы, і ў творчасці дапамагаюць спадарыні Марыі народныя песні, яны ж падтрымліваюць заўсёды, нават калі бывае нясцерпна цяжка.
Расказвала: у маленстве адным з найвялікіх жаданняў Машы было — вырасці. Але пачалася вайна. Марыя памятае ўсе жахі фашысцкай акупацыі: як голадам людзей марылі, як зганялі ў Нямеччыну. І як маці ратавала дзяцей, хаваючы іх у склепе й падполлі, а потым не стрымлівала слёз радасці, калі прыйшло вызваленне. Таму цяпер Марыя лічыць: самая вялікая радасць для чалавека — жыць пад мірным небам, працаваць, бачыць шчаслівыя ўсмешкі блізкіх, родных. Пасля вайны дзяўчына пайшла ў школу пераросткам, потым, у 50-я, падлеткам, з’ехала ў горад Шчучын да родзічаў: дзяцей даглядаць. Дзядзька яе працаваў рэдактарам раённай газеты, цётка выкладала ў тэхнікуме. Там дзяўчына закончыла вячэрнюю школу. Далей — праца на Рэчыцкай ткацкай фабрыцы, у Светлагорску — на будоўлі. Але менавіта ў родных Баравіках яна сустрэла Івана Гапоненку. Ён пяць гадоў адслужыў у войску, у Севераморску Мурманскай вобласці, потым закончыў Рэчыцкую школу механізацыі. Уладкаваўся памочнікам машыніста на меліярацыйную станцыю — і таксама прыехаў у Баравікі. Там і сустрэліся, пакахалі адзін аднаго. Марыя прызнаецца: падкупіла яе высакароднасць, выхаванасць і дабрыня Івана. У хуткім часе, 6 кастрычніка 1958 года, згулялі вяселле, атрымаўшы ад жыцця каштоўны падарунак: вялікае каханне.
Сёння для іх найдаражэй за ўсё — дзеці: сын Павел, дочкі Ала, Людміла, Валянціна. Цяпер яшчэ й чатыры ўнукі ды праўнучка Амелія. Трое дзяцей з сем’ямі жывуць у Таліне, Валянціна — у Рэчыцы. Усе яны вельмі дружныя й працавітыя: у вёсцы ж усё навідавоку, і людзі ведаюць, хто чаго варты. Суседзі кажуць, што дзеці Гапоненкаў пабралі ўсе лепшыя якасці ад маці й бацькі. З маленства дапамагалі весці гаспадарку: нарыхтоўвалі сена, дровы, умелі даіць карову, трымалі курэй, качак, гусей. У нядзелю ў хаце было свята: на стале святочныя стравы, прысмакі. Адпачынак у іх сям’і быў прадуманым і зладжаным. І па жыцці бацькі навучылі дзяцей таму, што ведалі самі з вуснай народнай творчасці, традыцый, абрадаў.
Жывучы ў Таліне, Ала, Павел і Людміла шануюць беларускія абрады, а каларыт хатніх святаў і сямейных традыцый перадаюць сваім дзецям і ўнукам. Штогод дзеці едуць да бацькоў, у Азершчыну. Бацькі — пенсіянеры: Марыя Іванаўна адпрацавала 26 гадоў, а Іван Паўлавіч — 40 гадоў у ПМК-73. Летась была яшчэ адна важная падзея ў родзе Гапоненкаў: у Дзень Перамогі нашчадкі ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Іванавіча Гапоненкі пабывалі у Расіі, усклалі кветкі на яго магілу. Гэта бацька Івана Паўлавіча. Родам ён з вёскі Вятхінь, працаваў у Рэчыцкім вайсковым камісарыяце. Як пачалася вайна, сышоў на фронт. Аднавяскоўцы памятаюць словы малодшага лейтэнанта Гапоненкі: “Мы вернемся...”. Потым прыйшла пахаронка... Ведалі, што ён загінуў, пахаваны недзе пад Ленінградам. Дзеці Івана настойліва шукалі магілу дзеда, аб’ездзілі ўсю Наўгародскую вобласць, чыталі прозвішчы на многіх абелісках і брацкіх магілах. І, нарэшце, знайшлі на адной імя дзеда: у вёсцы Кузьмінка, дзе пахавана каля 330 савецкіх салдат. 9 мая 2018 года ўнукі і праўнукі пабывалі на магіле дзеда Паўла Іванавіча і ўшанавалі яго памяць. У год 75-годдзя вызвалення Рэчыцы і Рэчыцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дарога памяці прывяла яго нашчадкаў з Прыбалтыкі праз Ноўгарад на родную Рэчыцкую зямлю, дзе заўсёды іх чакаюць дзядуля і бабуля — Іван ды Марыя.
Жыццё гэтых прыгожых вясковых людзей па-ранейшаму напоўнена сэнсам, яно суладнае, гарманічнае. Іван ды Марыя застаюцца жыццялюбамі, працавітымі, закаханымі кожны ў сваю палавіну. І жыццёвым досведам, шмат перажыўшы ды перадумаўшы, падзяліцца могуць, іншым нешта каштоўнае падказаць. Ніводнае пасяджэнне клубаў “Жывіца” і “Сям’я”, што былі створаны 25 гадоў таму ў Азершчынскім Цэнтры культуры й вольнага часу, не абыходзіцца без удзелу гэтай пары. Тут лічаць іх старэйшынамі аб’яднання, ганаровымі яго ўдзельнікамі. Мае старэшыя сябры стаялі ля вытокаў клуба, іхні жыццёвы досвед іншым сем’ям дапамагае ўмацавацца, прайсці праз усе выпрабаванні — з гонарам.
Людміла Грызунова, мастацкая кіраўніца Рэчыцкага гарадскога палаца культуры
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/gazeta-golas-radzimy