“Не месяцы, не тыдні, а дні засталіся да пачатку вяшчання ў Беларусі ўкраінскага каналу UATV”, – паведаміў 22 студзеня Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, размаўляючы з журналістамі, запрошанымі на ўрачысты вечар з нагоды 100-годдзя саборнасці Украіны. Так яно і адбылося: учора Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміла [4], што тры замежныя тэлепраграмы, у тым ліку ўкраінская, атрымалі дазвол на распаўсюджванне ў нашай краіне, тэрмін дзеяння якога – тры гады.
Перамовы аб трансляцыі ў Беларусі ўкраінскага тэлеканалу вяліся з 2014 года. У лістападзе мінулага года на І-ым Форуме рэгіёнаў Украіны і Беларусі Пётр Парашэнка і Аляксандр Лукашэнка таксама абмяркоўвалі гэтае пытанне.
Цяпер стала вядома, што ў нашай краіне будзе транслявацца UATV. “Гэта міжнародны канал, які вяшчае на трох мовах: украінскай, рускай і англійскай, – растлумачыў Ігар Кізім. – У Беларусі прымальныя і ўкраінская мова, якую беларусы разумеюць без перакладчыка”.
UATV паказвае, па словах дыпламата, “што ёсць сёння Украіна”. Таксама ў прыярытэце праграмы пра культуру, народныя традыцыі і невялікі блок навінаў. “Кантэнт фарміруе беларускі бок, – сказаў Ігар Кізім. – Пэўныя абмежаванні заўсёды існуюць. Калі напаўненне праграм не будзе адпавядаць бачанню беларускага боку, могуць быць заўвагі і нават папярэджанні”.
Па аналагічнай схеме практычна на ўсю тэрыторыю Украіны пяты год вяшчае тэлеканал “Беларусь 24”. У нашай краіне трансляцыя UATV будзе ажыццяўляцца па кабельных сетках.
Аксана ЯНОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/aksana-yanouskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/medyya
[4] http://zviazda.by/be/news/20190124/1548342645-kanaly-ua-kazakh-tv-i-habar-24-atrymali-dazvol-na-raspausyud
[5] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[6] https://zviazda.by/be/tags/ukraina
[7] https://zviazda.by/be/tags/telekanal