Старт тыднёвай праграме будзе дадзены 18 лютага. Мерапрыемства прымеркаванае да 140-годдзя псіхалагічнай навукі. Ідэя яго арганізацыі належыць студэнтам-псіхолагам факультэта філасофіі і сацыяльных навук (ФФСН) Белдзяржуніверсітэта.
Удзельнікам маштабнай падзеі можа стаць любы школьнік, студэнт, магістрант або аспірант сталічных устаноў адукацыі. Для іх падрыхтавана разнапланавая праграма, якая ўключае каля 30 майстар-класаў, семінараў, дыягнастычных гульняў, трэнінгаў і іншых мерапрыемстваў. Усе яны бясплатныя. Іх правядуць вядучыя спецыялісты псіхалагічнай службы БДУ, выкладчыкі і студэнты кафедры псіхалогіі ФФСН.
У спіс акцый для школьнікаў уключаны практычныя заняткі, дзе падлеткам дапамогуць у вырашэнні асабістых праблем, яны змогуць лепш даведацца аб прычынах сваіх звычак, навучацца ставіць мэты і дасягаць іх. Таксама старшакласнікам раскажуць пра спосабы эфектыўнага запамінання навучальнага матэрыялу і пераадолення перадэкзаменацыйнага стрэсу. Для студэнтаў падрыхтаваны трэнінгі па рацыянальным планаванні працоўнага дня, кантраляванні эмоцый і выбары прыярытэтаў.
Акрамя таго, на фестывалі будуць працаваць сумесныя пляцоўкі для прадстаўнікоў розных узростаў. Школьнікі і студэнты сустрэнуцца на семінарах па развіцці назіральнасці, “расшыфроўцы” невербальнай камунікацыі. На гульні-віктарыне "Абарона ад цёмных мастацтваў: як адрозніць псіхолага ад дэментара?” слухачы даведваюцца аб асаблівасцях працы прафесійных псіхолагаў і хітрыках псеўдаспецыялістаў.
Завершыцца фестываль 22 лютага квэст-семінарам “Cherchez la femme”, прысвечаным славутым жанчынам-псіхолагам. Каманды студэнтаў падрыхтуюць у любым зручным для іх фармаце даклад на адну з прапанаваных тэм і прадставяць яго аўдыторыі і суддзям. Таксама ўдзельнікі вырашаць галаваломкі, падказкі да якіх можна знайсці ў групе [4] фестывалю ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”.
Для ўдзелу ў мерапрыемствах запрашаюцца мінскія студэнты і школьнікі. Для гэтага неабходна зарэгістравацца да 15 лютага.
Кожны ўдзельнік можа зарэгістравацца на некалькі майстар-класаў , але павінен ўлічваць, што колькасць месцаў абмежаваная.
Арганізатарамі фестывалю выступаюць факультэт філасофіі і сацыяльных навук і псіхалагічная служба БДУ.
Праграма фестывалю тут [5].
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] https://vk.com/psyfestivalffsn
[5] http://zviazda.by/sites/default/files/fest-psikh.pdf
[6] https://zviazda.by/be/tags/nyasumny-festyval-psihalogii
[7] https://zviazda.by/be/tags/psihalogiya
[8] https://zviazda.by/be/tags/bdu