Студзень 1944 года. Савецкія войскі цалкам знялі блакаду вакол Ленінграда. На далёкіх франтах адбылася знакамітая кровапралітная бітва пры Монтэ-Касіна — у якой, дарэчы, вызначыліся і многія героі-беларусы; пачалося вызваленне Маршалавых астравоў і Корсунь-Шаўчэнкаўская аперацыя, у выніку якой былі ўзятыя ў акружэнне каля 20 тысяч нямецкіх салдат. На франтах блізкіх таксама горача: працягваецца вызваленне Гомельшчыны і Палескай вобласці... А на ўжо вызваленай ад немцаў тэрыторыі Беларускай ССР жыццё марудна, але ўсё ж пераходзіла на мірныя рэйкі — так, Саўнаркам прыняў рашэнне аб аднаўленні калгасаў і падрыхтоўцы да веснавой сяўбы. Да вясны 1944 года, дарэчы, паводле афіцыйных лічбаў, былі адноўленыя 2880 гаспадарак з больш як 3100 даваенных, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Тым часам партызанскія і падпольныя газеты, якія ўсё гэтак жа выходзяць на акупаванай тэрыторыі, працягваюць пісаць сваю хроніку, перачытваючы якую можна атрымаць больш поўнае ўяўленне пра падзеі чацвёртага года Вялікай Айчыннай вайны.
Безумоўна, галоўнай падзеяй у першых студзеньскіх нумарах усіх беларускіх выданняў стала 25-я гадавіна абвяшчэння БССР. Гэтай даце былі прысвечаны рэдакцыйныя перадавіцы і своеасаблівыя партызанскія справаздачы. Вось, напрыклад, што пісала са святочнай нагоды 1 студзеня 1944-га насценгазета «Голас партызана» 2-й роты партызанскага атрада «За Радзіму» пад кіраўніцтвам адказнага рэдактара Найдзёнава: «Партызаны брыгады Фрунзэ зрабілі многае, толькі за 11 месяцаў знішчана ці пашкоджана: паравозаў — 35, вагонаў з жывой сілай і тэхнікай — 346, аўтамашын — 110, трактароў — 7, разгромлена нямецкіх гарнізонаў — 7, чыгуначных мастоў — 2, парвана ліній сувязі — 2383 м, парваны провад Берлін — фронт — 10 разоў, забіта нямецкіх салдат — 3789, афіцэраў — 194, здраднікаў-паліцэйскіх і іншых шпіёнаў — 572, паранена нямецкіх салдат і афіцэраў — 1575, здраднікаў — 153. Але гэтага мала за тыя ахвяры і здзекі з нашага народа, за ўсе тыя пакуты і слёзы нашых бацькаў, матуль, братоў і сясцёр. Камандзіры і байцы нашага атрада (асабліва 1-я рота, кам. роты Літвіненка, п-к роты Цыбулькін) таксама прыйшлі да свята з вялікімі поспехамі ў справе разгрому нямецкіх захопнікаў. Толькі за лістапад і снежань былі спушчаны пад адхон 3 эшалоны з жывой сілай і танкамі, забіта 999 салдат і афіцэраў, паранена 939».
Барацьба працягваецца
Газета Палескага абкама і Мазырскага гаркама КП(б)Б «Бальшавік Палесся» ў першыя дні 1944-га рапартуе: «25-ю гадавіну існавання БССР мы адзначаем ва ўмовах, калі Чырвоная Армія, адагнаўшы ворага на сотні кіламетраў, ачышчае беларускую зямлю ад нямецкіх акупантаў. АМАЛЬ ПОЎНАСЦЮ ВЫЗВАЛЕНА ГОМЕЛЬСКАЯ ВОБЛАСЦЬ, ЗНАЧНАЯ ЧАСТКА МАГІЛЁЎСКАЙ, ВІЦЕБСКАЙ І ПАЛЕСКАЙ АБЛАСЦЕЙ. Зноў вярнулася жыццё ў Хойнікі і ў Брагін, у Васілевічы і ў Камарын, у Ельск і ў Нароўлю. На вызваленай зямлі аднаўляецца народная гаспадарка і культура, залечваюцца раны, нанесеныя крывавым гаспадараннем гітлераўскіх захопнікаў... Але барацьба яшчэ не закончана. Вораг яшчэ жорстка супраціўляецца. Ён чапляецца за кожны рубеж, за кожны бугарок нашай зямлі. Яшчэ стогне пад фашысцкай пятой наш абласны цэнтр — горад Мазыр. Яшчэ плачуць абяздоленыя фашысцкімі душагубамі жанчыны і дзеці ў Глуску і ў Петрыкаве, у Тураве і ў Жыткавічах. Яшчэ палыхае агонь пажараў у Даманавіцкім, Калінкавіцкім і Капаткевіцкім раёнах».
«Зараз, калі на нашу зямлю павеяў вецер вызвалення, калі мы сустракаемся з нашымі братамі-франтавікамі, нам не сорамна пазіраць ім у вочы. Блізасць нашай сустрэчы з Чырвонай Арміяй абавязвае нас яшчэ мацней біць ворага, знішчаць яго жывую сілу і тэхніку, руйнаваць яго камунікацыі, —- заклікае баявых паплечнікаў герой Савецкага Саюза, камандзір Н-скай партызанскай брыгады Фёдар П. (Адзін з вядомых кіраўнікоў партызанскага руху Фёдар Паўлоўскі, які ўзначальваў 123-ю партызанскую брыгаду імя 25-годдзя Беларускай ССР. Брыгада дзейнічала на Палессі ў Кастрычніцкай партызанскай зоне з цэнтрам у пасёлку Рудабелка. — Аўт.)
«На Мозырскім напрамку войскі Беларускага фронту 11 студзеня перайшлі ў наступленне. Развіваючы поспех, савецкія часці 13 студзеня ўплатную падышлі да гарадоў Мозыр і Калінкавічы, 14 студзеня савецкія войскі авалодалі абласным цэнтрам Беларускай ССР горадам Мозыр, горадам і буйным чыгуначным вузлом Калінкавічы — важным апорным пунктам немцаў на Палескім напрамку», — знаходзім у сярэдзіне студзеня ў зводках Саўінфармбюро.
Тым часам, паводле падлікаў авіяцыйнага аглядальніка Рэйтар, звесткі якога таксама часта друкуюцца ў партызанскіх газетах, «английские и американские самолеты с 1 по 26 января сбросили на Германию и оккупированные ею страны Европы 12 000 тонн бомб».
Агітацыя супраць прапаганды
«Большэвіцкі сцяг» Рудзенскага падпольнага райкама ў адным са студзеньскіх нумароў зларадна цытуе лісты нямецкіх служак на радзіму: «Дарагая, прыгожая Гертруда! — піша Біллі Бек са станцыі Рудзенск. — Учора быў у камандыроўцы ў Мінску. Усю ноч быў у дарозе. Гэта найбольш цяжкі шлях на рускім прасторы. Не ведаю, як застаўся жывы. Партызаны не даюць ні выйсці, ні праехаць. А Гітлер яшчэ гаворыць пра перамогу. Знішчаць нас тут, калі спознімся ўцячы...» «Нават Адольфу Дэберу — брыгадзіру службы чыгункі станцыі Рудзенск, надакучыла вайна, і ён у пісьме да Берты Дэбер праклінае яе арганізатараў: «Можна ўсё перанесці, толькі не гэту вайну. Сваімі вачамі я бачу, як пагібаюць немцы. Хутчэй бы задушыўся Гітлер і яго прыспешнікі, можа, тады б жыў застаўся...» «Усе гэтыя пісьмы пісаныя перад Новым годам. У іх няма ні аднаго радка радасці. Іх аўтары ў смяротнай ліхарадцы», — канстатуе аўтар, нагадваючы вядомае выказванне Аляксандра Неўскага «Хто з мячом да нас прыйдзе, ад мяча і загіне».
«Вольная праца» Слонімскага райкама партыі ў нумары за 9 студзеня 1944 года нагадвае чытачам: «21 снежня 1943 года обер-бандыт — генеральны камісар Беларусі Готтберг «урачыста» ўтварыў так званую Цэнтральную Беларускую Раду на чале з прэзідэнтам Радаславам Астроўскім, вядомым старым здраднікам беларускага народа... Готтберг хоча, каб беларус страляў беларуса. І для гэтага плануе змабілізаваць новыя тысячы ў паліцыю і самаахову, хоча стварыць тысячы даносчыкаў і даць ім нявінны тытул «старанных гаспадароў». Немцы хочуць кінуць беларусаў на фронт супроць Чырвонай Арміі і супроць партызанаў, што разбураюць тыл ворага. Таннымі абяцанкамі акупанты хочуць купіць беларуса. Тыя, што знішчылі наш край, што нават косці нашых дзядоў і прадзедаў павыкідалі са Слонімскага могільніка, сёння абяцаюць ахоўваць нашу культуру. Абяцанае падвышэнне пайка — гэта сцягванне нядоімак і падвышэнне паставак нашаму селяніну, каб накарміць нямецкіх звяроў. Абяцаная мануфактура — гэта ваенны мундзір беларусу для адпраўкі на фронт. Бясплатная медыцынская дапамога — гэта доктарскі агляд беларуса перад высылкай у нямецкую катаргу. Знаем іх абяцанкі. Помнім і 1918 год, калі напярэдадні свайго адступлення немцы таксама ўтварылі Цэнтральную Беларускую Раду. Так ужо складаецца, што падчас адступленняў ім патрэбныя «рады». БЕЛАРУСЫ! Калі час вызвалення так блізкі, не дайцеся ашукаць: не будзем сваімі рукамі праліваць уласную кроў! Ні адзін чалавек не павінен паступіць на ганебную службу нямецкай паліцыі. Ні аднаго даносчыка! Ні аднаго грама паставак акупанту! Дапамагайце партызанам, хто чым можа», — заклікае газета.
«Пры чытанні нямецкіх газет на беларускай мове кідаецца ў вочы проста здзіўляючая бессаромная ілжа яе пісакаў. Перад намі трэці нумар «Пагоні» ...У кожным радку нямецка-наёмнай прэсы ілжа і махлярства. Край варварскі знішчаецца, яны заяўляюць — «ідзе адбудова, адраджэнне Беларусі». Немцаў выгналі з усёй Жытомірскай вобласці — яны пішуць, што немцы «пакінулі» адну толькі вуліцу Жытоміра. Чырвоная Армія прарывае франты шырынёй на 50—100 км, займае дзясяткі гарадоў, — яны бубняць: «Атакі адбітыя, мясцовыя ўламанні зарыглёваныя». Вось гэтую штодзённую ілжу, ашуканства, круцельства, халуйска-нявольніцкую службу немцу танныя халуі гітлерызму хочуць назваць «беларускай справай», «беларускім зместам». Без махлярскай брахні сабакі з Баранавіч, Мінска і Берліна не могуць абысціся, бо яны вартуюць двор акупанта», — кпіць газета ў яшчэ адным студзеньскім нумары.
Лёсы паміж радкоў
Падпольны і партызанскі друк аператыўна расказвае пра паспяховыя баявыя вылазкі і падрывы эшалонаў, пра рух наперад Чырвонай Арміі і дасягненні саюзных войскаў, змяшчае праграмныя прамовы першых асоб і важныя ў маштабах усёй савецкай краіны матэрыялы (напрыклад, тэкст новага гімна СССР). Але залішняга пафаснага аптымізму ні ў кога з аўтараў і рэдактараў газет няма. Усе яны, падтрымліваючы ў чытачах дух супраціўлення і веру ў блізкую перамогу, тым не менш, разумеюць, што барацьба працягваецца штодня, штогадзіны, а таму не меншае на старонках партызанскіх газет расказаў пра карніцкія аперацыі, пра землякоў-герояў, якія сталі такімі пасмяротна.
«Характэрны паход фашысцкага звяр'я з Пухавіч і Рудзенска 22 студзеня гэтага года. Бешанымі ваўкамі ўварваліся яны ў вёскі Скрыль, Слабада, Падвілле і Бор Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна, спалілі пасёлак Падвілле, забралі жывёлу, абакралі сялян. Больш 90 мужчын і жанчын вёскі Бор фашысты пагналі на германскую катаргу...», — расказвае выданне Рудзенскага падпольнага райкама.
Газета «За Радзіму!» партызанскага атрада імя Свярдлова, што ўваходзіў у склад брыгады імя Л. Даватара, расказвае пра сваіх байцоў без лірыкі, толькі факты. «5 студзеня І узвод на чале з разведкай атрада адправіўся пад Любань на засаду. Па дарозе група сустрэлася з праціўнікам. Завязаўся бой. Немцы і паліцыя ў паніцы пачалі бегчы. У гэтым баі былі забіты 2 немцы і 4 паліцэйскія, цяжка паранены камендант паліцыі. Асабліва адзначыліся ў баі разведчыкі тт. Козел К., Аўрэйцэвіч Н., палітрук Т. Радзівонаў і партызан Грыбок. Адважна і ўмела кіраваў боем нач. разведкі атрада імя Свярдлова тав. Паўлаў А. Трафеі не ўзялі, бо быў цяжка паранены наш разведчык тав. Козел К.». У іншым матэрыяле знаходзім і падрабязнасці пра храбрага разведчыка — Канстанцін Аляксеевіч Козел, камсамолец, «яшчэ будучы не ў партызанах, хадзіў некалькі разоў на падрыў эшалонаў». За баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Леніна — але, мяркуючы па тоне заметкі, у гэтым жа студзені 1944-га загінуў...
Пра лёс яшчэ аднаго героя атрада расказвае наступны допіс: «Самаахвярна ішоў у бой і на чыгунку камсамолец тав. Капялевіч Камаль Юдолевіч. Дыверсія — любімая справа тав. Капялевіча. Колькі ініцыятывы, знаходлівасці праявіў ён па набыцці толу, капсулей і іншага выбуховага матэрыялу. Ён плавіў тол з артылерыйскіх снарадаў... пры плаўцы снарад узарваўся. З-за неасцярожнасці загінуў тав. Капялевіч і тав. Бударын».
Такіх заметак вельмі многа, і часта літаральна ў некалькіх радках змяшчаецца ўсё чалавечае жыццё ад нараджэння да смерці. Міжволі прыгадваецца эпізод з фільма «Дажывём да панядзелка», дзе герою паўстання на «Ачакаве» лейтэнанту Шміту ў падручніку па гісторыі было прысвечана ўсяго 15 радкоў. Сотні і тысячы беларускіх герояў-партызан наогул трапілі ў падручнікі толькі ў складзе сухіх лічбаў загінулых, многія не засталіся ва ўспамінах нашчадкаў нават на фотаздымках, толькі вось у гэтых, друкаваных і рукапісных радках на пажоўклых і выцвілых ад часу газетных старонках. Але тым больш каштоўныя — і гэтыя старонкі, і словы партызанскай хронікі, якія захоўваюць памяць...
Вікторыя ЦЕЛЯШУК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/viktoryya-celyashuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/partyzanskiya-gazety
[4] https://zviazda.by/be/tags/prachytau-peraday-drugomu
[5] https://zviazda.by/be/tags/gazeta
[6] https://zviazda.by/be/tags/75-goddze-vyzvalennya-belarusi