У апошнія дні студзеня ўмовы надвор'я на тэрыторыі краіны будуць вызначаць атмасферныя франты і цёплыя паветраныя масы, якія паступаюць з паўднёвага захаду Еўропы.
На змену маразам ідзе пацяпленне, і ў пачатку лютага ўжо ўсталюецца адліга з ападкамі. Тэмпературны фон будзе павышацца і ў канцы тыдня акажацца істотна вышэй за кліматычную норму, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
У чацвер чарговая сістэма франтоў прынясе новую порцыю цяпла і выкліча на большай частцы тэрыторыі краіны мокры снег з дажджом. Месцамі чакаецца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 6 градусаў па паўночным захадзе да плюс 1 градуса па паўднёвым усходзе, днём будзе ад мінус
3 градусаў да 3 цяпла.
Не абыдзецца без кароткачасовых ападкаў і пятніца. У першы дзень лютага на большай частцы тэрыторыі краіны прагназуецца дождж, месцамі з мокрым снегам. У асобных раёнах чакаюцца туман, галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы будзе ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла, удзень — ад мінус 2 да плюс 3 градусаў.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у гэтыя выхадныя дні чакаецца сапраўды цёплае з ападкамі надвор'е. Магчыма, на наступным тыдні яно перарасце ў адлігу.
Сяргей КУРКАЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/naviny-nadvorya-1