У ЗША на Міжнародны юрыдычны конкурс імя Філіпа Джэсапа адправіцца каманда факультэта міжнародных адносін БДУ. Гэта стала магчымым, дзякуючы яе перамозе ў нацыянальным адборачным этапе, які завяршыўся ў Мінску. У склад зборнай увайшлі трэцякурснікі Ганна Зыкава, Кацярына Лагвіновіч, Алісія Іванова і Алена Прыходзька. Акрамя таго, каманда ФМА БДУ перамагла ў намінацыях “Лепшая пісьмовая пазіцыя” і “Лепшая заключная рэпліка”.
Таксама ў ЗША адправіцца і зборная Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, якая заняла другое месца.
Усяго ў нацыянальным адборачным этапе за права прадстаўляць нашу краіну змагаліся 12 каманд: БДУ, БДЭУ, зборная Віцебскага і Гомельскага філіялаў Міжнароднага ўніверсітэта "МІТСО", БІП-Інстытута правазнаўства, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы і Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Спаборніцтва праходзіла ў фармаце гульнявога судовага працэсу ў Міжнародным судзе ААН, дзе будучыя юрысты прадстаўлялі вусныя і пісьмовыя пазіцыі па пытаннях адказнасці дзяржавы за дэградацыю навакольнага асяроддзя, абароны знікаючых відаў жывёл і правоў карэнных народаў.
Конкурс Філіпа Джэсапа — найбуйнейшы і самы прэстыжны студэнцкі конкурс па міжнароднаму праву ў свеце – быў заснаваны ў 1959 годзе. Рабочая мова конкурсу — англійская.
У гэтым годзе пераможцаў аб'яўляла выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі студэнтаў-юрыстаў Леслі Бэн, якая ўпершыню прыняла ўдзел у нацыянальным адборачным этапе ў нашай краіне
У нацыянальным раўндзе былі вызначаныя таксама пераможцы ў розных катэгорыях. Так, каманда юрыдычнага факультэта БДУ была ўдастоена спецыяльнай узнагароды Пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі. Зборная Юрыдычнага каледжа БДУ заваявала тытул “Лепшы дэбют года”. “Лепшымі спікерамі” прызнаныя Кацярына Лагвіновіч, Алена Прыходзька і чацвёртакурсніца юрыдычнага факультэта БДУ Алёна Паторская.
Фінал міжнароднага конкурсу адбудзецца ў пачатку красавіка ў Вашынгтоне.
Надзея НІКАЛАЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/yurydychnaya-alimpiyada
[2] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-imya-filipa-dzhesapa
[3] https://zviazda.by/be/tags/konkurs-pa-mizhnarodnym-prave-imya-filipa-dzhesapa