5 лютага а 17-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі адбудзецца адкрыццё выстаўкі «Сямейны альбом», прысвечанай 105-годдзю Паўла Масленікава. Цікава, што ўбачыць там можна будзе не толькі яго работы, але яшчэ і карціны сына і ўнука.
Масленікавы — вядомая дынастыя беларускіх жывапісцаў. Сваю творчасць яны прысвячаюць роднай Беларусі, апяваючы яе веліч і прыгажосць. Бязмежныя прасторы, блакітныя азёры ў рaботах мастакоў чаргуюцца з ціхімі ўтульнымі куткамі прыроды, у якіх чалавеку хочацца схавацца ад шуму гарадскіх вуліц і паўсядзённай мітусні.
Натхнёная роднай прыродай творчасць мастакоў змяшчае ў сабе па-сапраўднаму нацыянальныя рысы і асаблівасці. Родапачынальнікам дынастыі стаў Павел Масленікаў (1914—1995). Яго творчая актыўнасць паўплывала на развіццё пейзажнага жанру ў беларускім выяўленчым мастацтве, а грамадская дзейнасць зрабіла значны ўклад у станаўленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і развіццё беларускага мастацтвазнаўства (працаваў рэктарам з 1960 да 1964 года). Яшчэ ў раннім дзяцінстве будучы мастак уважліва вывучаў родную прыроду. Нягледзячы на тое, што ў беларускім выяўленчым мастацтве пасляваенных дзесяцігоддзяў найважнейшым жанрам была тэматычная карціна, гэты аўтар на працягу ўсёй сваёй творчай дзейнасці захоўваў вернасць галоўнай любові — пейзажнаму жанру, не перастаючы пісаць эцюды. У 1997 годзе Магілёўскаму абласному мастацкаму музею было прысвоена імя Масленікава.
Любоў да прыроды творца перадаў сыну Уладзіміру, які цяпер працуе загадчыкам кафедры жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Гэты мастак па-свойму лёгка і нязмушана стварае поўныя святла і паветра панарамы і пейзажы. З не меншай цікавасцю Уладзімір ставіцца і да партрэта, у які пераносіць эмацыянальны зарад прыродных сіл, надзяляючы мадэлі пазітыўнай энергетыкай і пачуццём міру.
Унук Паўла Масленікава — таксама Павел — як і яго бацька, з дзяцінства далучыўся да сямейных традыцый. Пасталеўшы, Павел пачаў пошук свайго стылю, захоўваючы пры гэтым традыцыі мастацтва Масленікавых. У яго творчай манеры бачны сінтэз экспрэсіўнага эцюднага почырку, характэрнага для яго дзеда, і строгай кампазіцыі, выразнага малюнка, прапрацоўкі дэталяў, уласцівых карцінам бацькі.
На выстаўцы ў Нацыянальным гістарычным музеі прадстаўлены работы з сямейнай калекцыі. Гэта карціны Паўла Масленікава, напісаныя з 1970 да 1980 года, а таксама работы Уладзіміра і Паўла, створаныя з 2012 да 2018 года.
Варвара ГОМАН
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-goman
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/vystauka
[4] https://zviazda.by/be/tags/pavel-maslenikau-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/zhyvapis