Наркотыкі — зло, і дзяржава змагаецца з ім усімі сіламі. І ніхто гэтага не можа адмаўляць. Але аматары «прыгожага» жыцця ўсё роўна знаходзяць магчымасць купляць і прадаваць забароненыя рэчы. Грамадства час ад часу скаланаецца ад гучных спраў, звязаных з наркотыкамі. Ёсць ахвяры, ёсць вінаватыя, ёсць рыдаючыя маці. Дзе мы зараз знаходзімся на гэтым нябачным фронце барацьбы? Паспяхова наступаем або церпім паражэнне? Якія трэба здзейсніць намаганні, каб звесці да мінімуму шкоду ад праклятага зелля? Па тлумачэнні мы звярнуліся да намесніка начальніка 1-га ўпраўлення Галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі МУС Кацярыны Шэлегавай.
— Чатыры гады дзейнічае Дэкрэт Прэзідэнта № 6 «Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў». Якіх вынікаў дабіліся праваахоўныя органы, выконваючы палажэнні гэтага дэкрэта?
— Колькасць зарэгістраваных нарказлачынстваў з 2014 года знізілася на 32,1 працэнта, — паведаміла Кацярына Дзмітрыеўна. — Вельмі значна зменшылася і колькасць выяўленых нарказлачынстваў, учыненых непаўналетнімі або пры іх саўдзеле, — з 332 да 65. Зніжэнне больш чым у пяць разоў! Летась органамі ўнутраных спраў выяўлена больш за тры тысячы злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. Больш за палову з іх звязаны са збытам наркотыкаў, да іх здзяйснення датычны 502 асобы.
Няўхільна падае ўзровень рэцыдыўнай нарказлачыннасці. Толькі ў 2018 годзе яна знізілася амаль на 10 працэнтаў, што прама паказвае на эфектыўнасць заканадаўства, якое прымяняецца ў краіне. Але самае галоўнае, што скарачэнне прапановы сінтэтычных наркотыкаў і актыўная прафілактыка спрыялі захаванню жыцця і здароўя маладога насельніцтва нашай краіны. У тры разы зменшылася колькасць перадазіровак наркотыкамі і ў 22 разы — сярод непаўналетніх. Скарацілася колькасць смяротных зыходаў, а сярод непаўналетніх яны не рэгістраваліся з 2015-га.
Асобна звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў нашай краіне па звестках ААН на 2015 год зафіксавана 0,3 выпадка перадазіровак са смяротным зыходам на 100 тысяч насельніцтва. Гэта ў 15 разоў менш, чым у Расіі, у 22 разы — у Вялікабрытаніі, у 34 разы — у Эстоніі, і ў 54 разы, чым у ЗША.
— Поспехі відавочныя. Трэба думаць, няўхільнасць пакарання да тых, хто распаўсюджвае наркотыкі, апраўдала сябе. А можа, улічваючы шматлікія скаргі сваякоў, і ў прыватнасці, ініцыятыўнай групы «Рух маці 328», варта змякчыць ступень гэтай жорсткасці? Усё ж такі, маладыя людзі атрымліваюць вялікія тэрміны за гэтую, як многім здаецца, «дробязь»?
— Па-першае, маладыя людзі выдатна ведаюць, на што ідуць, — парыруе палкоўнік міліцыі Кацярына Шэлегава. — У нас у краіне няма тых, хто не дасведчаны аб цяжары магчымага пакарання. Па-другое, суд разглядае кожную справу індывідуальна, і ўлічвае ўсе нюансы. Дарэчы, многія з тых, хто атрымліваюць вялікія тэрміны, пападаюцца на захоўванні і гандлі наркотыкамі не першы раз. У кожнага ёсць пэўны вопыт, і на новае злачынства яны ідуць цалкам свядома. Усё гэта, натуральна, улічваецца судом. Кожны атрымлівае тое, што заслугоўвае. У многіх краінах, дарэчы, заканадаўства ў гэтай сферы значна больш жорсткае, чым у нас. Таму змякчаць ступень пакарання няма ніякіх падстаў. Тым больш што яна можа быць зніжана аўтаматычна, па меры таго, як злачынца адбывае тэрмін. Заканадаўствам прадугледжана, што па заканчэнні 2/3 тэрміну, пры ўмове прыкладных паводзін, зняволены адпускаецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленне. І такіх выпадкаў шмат.
І потым, ёсць жа і другі бок пытання. Можна ўявіць сабе пакуты бацькоў, чые дзеці загінулі ад ужывання наркотыкаў. А колькі існуе сем'яў, у якіх жывуць нарказалежныя! Гэтыя людзі сталі закладнікамі сітуацыі, з якой вельмі цяжка знайсці выйсце. Іх жыццё — гэта сапраўднае пекла. Але яны не выходзяць на вуліцу, не крычаць аб сваёй бядзе. І мы павінны дапамагчы ім — у першую чаргу.
— Чаму, нягледзячы на жорсткасць пакарання, усё роўна знаходзяцца тыя, хто выбірае небяспечны бізнес гандлю наркотыкамі? Няўжо настолькі вялікія даходы, што яны гатовыя рызыкаваць сваімі лёсамі?
— Прыбытак сапраўды нямалы. І хуткі, што многіх прываблівае. Але гэта не адзіны матыў, якім кіруюцца злачынцы. Як правіла, амаль усе яны думаюць так: я ж разумней за астатніх, я ўжо сапраўды не пападуся.
— І памыляюцца?
— Так, — пацвярджае Кацярына Дзмітрыеўна. — Многія з іх нават не паспяваюць атрымаць грошы за першую «закладку». Па-першае, нашы супрацоўнікі маюць вялікі вопыт аператыўнай работы. Па-другое, нам актыўна дапамагае насельніцтва, якое катэгарычна не прымае наркотыкі. Так што шанцаў весці свой «бізнес» працяглы час у такіх «прадпрымальнікаў» няшмат.
— Але ж не толькі дробныя прадаўцы затрымліваюцца. Праваахоўныя органы рэгулярна выяўляюць буйныя партыі наркотыкаў.
— Толькі летась з незаконнага абароту канфіскавана амаль 900 кг наркатычных сродкаў і больш за 36,5 кг псіхатропных рэчываў.
— Адкуль наогул паступае гэтая атрута ў нашу краіну?
— Асноўнай крыніцай паступлення наркотыкаў на ўнутраны рынак з'яўляюцца каналы міжнароднага наркатрафіку, якія наладжваюцца транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю. У прыватнасці, мараканскі гашыш, марыхуана, лацінаамерыканскі какаін пастаўляюцца з тэрыторыі Еўрасаюза на тэрыторыю ЕАЭС. Галоўным чынам — у Расійскую Федэрацыю, з наступным перамяшчэннем больш дробнымі партыямі ў Беларусь. Пастаўкі мараканскага гашышу на тэрыторыю Еўрасаюза вядуцца транснацыянальнымі наркагрупоўкамі, якія кантралююцца выхадцамі з краін Усходняй Еўропы (Украіны, Малдовы, Літвы). Транзіт ідзе праз тэрыторыю Іспаніі ў любую з краін Еўропы, у тым ліку Расійскую Федэрацыю. Пастаўкі новых псіхатропных рэчываў з Расіі ў нашу краіну ажыццяўляюцца, галоўным чынам, з дапамогай збытавых сетак праз інтэрнэт.
— Якія віды наркотыкаў вырабляюцца ў самой Беларусі?
— На нашай тэрыторыі дзе-нідзе яшчэ сустракаюцца дзікарослыя каноплі, якія не заўсёды ўдаецца своечасова выявіць і выкасіць. Наркаманы наведваюць такія мясціны, каб папоўніць свае запасы. У параўнанні з тымі ўзорамі, што вырошчваюцца спецыяльна для вытворчасці наркотыкаў за мяжой, гэтыя каноплі маюць малую колькасць канабіноідаў. Але ўсё ж выкарыстоўваюцца нарказалежнымі. Таксама яны спрабуюць знаходзіць дзікарослы мак. Гэта што датычыцца наркотыкаў расліннага паходжання.
Апошнім часам атрымалі больш шырокае распаўсюджванне сінтэтычныя наркотыкі, такія як ЛСД або альфа-РVР. Яны вырабляюцца ў лабараторыях, куды дастаўляецца неабходнае абсталяванне і рэчывы. Але што датычыцца існавання такіх лабараторый у Беларусі, то гаворка ідзе аб адзінках.
— Тут таксама адбілася суровасць Дэкрэта № 6?
— Злачынцы вельмі ўважліва сочаць за тым, якое пакаранне ім пагражае. Цяпер тэндэнцыя такая, што нашы вытворцы сінтэтычных наркотыкаў актыўна перамяшчаюцца ў Расію і іншыя краіны, дзе заканадаўства ў гэтых адносінах значна мякчэйшае, чым у нас.
— Якая прафілактыка праводзіцца сярод моладзі на тэму небяспекі ўжывання наркатычных сродкаў?
— Работа ідзе проста каласальная, — горача запэўнівае мяне Кацярына Шэлегава. — І педагогі, і міліцыя, і грамадскія арганізацыі спрабуюць растлумачыць нашым дзецям, што наркотыкі — гэта дрэнна. Не лезьце туды! Педагогі кажуць аб страшнай шкодзе наркотыкаў у школах. Міліцыя са свайго боку тлумачыць, якое пакаранне прадугледжана за парушэнне закона. Грамадскія арганізацыі таксама ўзялі на сябе частку нагрузкі. Праводзяцца семінары, лекцыі, трэнінгі, спартыўныя мерапрыемствы. Усё накіравана на тое, каб заняць дзяцей у вольны час.
Акрамя таго, мы шырока выкарыстоўваем міжнародны вопыт. Напрыклад, у Брэсце адкрыўся Цэнтр нагляднай прафілактыкі — ноу-хау, якое нашы калегі прывезлі з Кітая. І такія цэнтры мы плануем адкрыць па ўсёй Беларусі. Таксама мы супрацоўнічаем з Германіяй, у якой вельмі высокі ўзровень прафілактыкі наркаспажывання сярод моладзі. Ёсць шмат спосабаў данесці патрэбную інфармацыю да аўдыторыі, і ўсе яны выкарыстоўваюцца ў поўнай меры.
— Калі вярнуцца да Дэкрэта № 6. Ці трэба разумець, што ўзяты дзяржавай курс абраны дакладна і ніякіх паслабленняў у дачыненні да злачынстваў за захоўванне і збыт наркотыкаў чакаць не варта?
— Закон ёсць закон, і ён павінен выконвацца ў поўным аб'ёме. Але да чалавечага лёсу трэба адносіцца з усёй адказнасцю. Напрыклад, тых, хто ўжывае наркотыкі і з'яўляецца хворым, трэба лячыць і пераконваць. А той, хто распаўсюджвае атруту і робіць з маладых людзей наркаманаў, будзе адказваць па ўсёй строгасці.
У тэму
Восенню мінулага года ў Беларусі запрацаваў адзіны інфармацыйны рэсурс «РОMОGUT.BY». Унікальны праект створаны па ініцыятыве МУС пры непасрэдным удзеле ўпраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, Міністэрства аховы здароўя, грамадскіх арганізацый і накіраваны на аказанне практычнай дапамогі людзям, якія сутыкнуліся з праблемай наркаманіі.
На сайце сабрана актуальная інфармацыя аб метадах барацьбы з гэтай хваробай, размешчаны кантакты арганізацый і медустаноў, якія аказваюць паслугі залежным, сузалежным і асобам, якія знаходзяцца ў стадыі рэмісіі. Тут таксама можна знайсці звесткі аб арганізацыях, гатовых дапамагчы з працаўладкаваннем і рэабілітацыяй.
Акрамя гэтага, партал змяшчае матэрыялы, накіраваныя на прафілактыку ўжывання і распаўсюджвання наркотыкаў сярод дзяцей і моладзі, а таксама адрасаваны ўсім неабыякавым да гэтай праблемы. Кожны ахвотны, запоўніўшы спецыяльную форму на сайце, можа бясплатна атрымаць кансультацыю эксперта па пытаннях, якія яго цікавяць.
Стварэнне праекта ставіць перад сабой мэты прымусіць адмовіцца ад ужывання наркотыкаў. Улічваючы рэкамендацыі прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, на сайце сабралі ўсю інфармацыю, што датычыцца праблемы наркаманіі ў рамках аднаго рэсурсу. Паспрабавалі зрабіць яе даступнай, каб яна стала запатрабаванай для тых, хто ў гэтым мае патрэбу. Асноўная задача рэсурсу — забяспечыць кожнага звесткамі аб той праблеме, якая закранула яго самога альбо яго блізкага. Дапамагчы тым, хто апынуўся адзін на адзін са сваёй бядой.
Найважнейшым кампанентам праекта з'яўляецца кругласутачны кансультацыйны цэнтр, адкрыццё якога адбылося ў кастрычніку 2018 года на базе Мінскага гарадскога цэнтра сацыяльнага абслугоўвання сям'і і дзяцей. Патэлефанаваўшы па нумары + 375 (017) 311-00-00, можна задаць пытанне кваліфікаванаму спецыялісту саll-цэнтра.
Рэсурс развіваецца і становіцца ўсё больш запатрабаваны. У сярэднім за месяц сайт роmоgut.bу наведвае больш за 1,1 тысячы карыстальнікаў. З пачатку работы кансультацыйнага цэнтра на тэлефонную лінію паступіла больш за 300 званкоў. Больш як 80 асобам аказана неабходная ананімная дапамога.
Дарэчы, ужо зараз вядзецца распрацоўка другой галіны сайта, якая будзе прысвечана прафілактыцы наркаманіі і злачынстваў сексуальнага характару ў дачыненні да непаўналетніх.
Сяргей КУЛАКОЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/syargey-kulakou
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/milicyya
[4] https://zviazda.by/be/tags/narkotyki
[5] https://zviazda.by/be/tags/psihatropy-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/narkamany
[7] https://zviazda.by/be/tags/mus
[8] https://zviazda.by/be/tags/narkakantrol