Выстава гравюраў Германа Штрука, выстава робатаў, кірмаш беларускіх майстроў і выстава-шоу грызуноў, тхароў і кролікаў – афіша "Звязды" з 28 студзеня па 3 лютага.
Дзе: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20)
Калі: З 31 студзеня па 24 лютага
Колькі каштуе: Удакладняць на касе
Аснову экспазіцыі складаюць 50 работ, створаных на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Латвіі ў час Першай сусветнай вайны, калі Штрук служыў у германскай арміі на Усходнім фронце.
Выдатны майстар нямецкай гравюры Герман Штрук нарадзіўся ў 1876 годзе ў Берліне ў артадаксальнай яўрэйскай сям’і. Скончыў Берлінскую акадэмію мастацтваў, хутка праславіўся як майстар літаграфіі і афорта, увайшоў у берлінскую мастацкую эліту, удзельнічаў у творчым аб’яднанні «Берлінскі Сецэсіён». Шмат падарожнічаў, пабываў у Даніі, Палестыне, Швейцарыі, Швецыі, Вялікабрытаніі, ЗША. У кожным падарожжы рабіў шмат замалёвак.
У гады Першай сусветнай вайны Штрук, будучы нямецкім афіцэрам і членам Яўрэйскага камітэта дапамогі Польшчы і Літве, аб’ездзіў занятыя нямецкімі войскамі тэрыторыі Польшчы, Літвы, Латвіі і Беларусі. Пры гэтым ён, як звычайна, рабіў замалёўкі ўсіх тых месцаў, што сустракаліся на яго шляху. Вынікам гэтай працы сталі графічныя альбомы «Замалёўкі Літвы, Беларусі і Курляндыі» (1916) і «Аблічча ўсходняга яўрэйства» (1920), выдадзеныя ў Берліне.
Аснову экспазіцыі гэтай выставы склалі гравюры, якія ўвайшлі ў альбом «Замалёўкі Літвы, Беларусі і Курляндыі». Гэта пейзажы гарадоў Беларусі, Літвы і Латвіі, бытавыя замалёўкі, партрэты мясцовых жыхароў розных прафесій і нацыянальнасцей.
Дзе: ГРЦ "Тытан" (пр-т Дзяржынскага, 104)
Калі: З 26 студзеня па 10 сакавіка
Колькі каштуе: дзіцячы квіток 15-18 рублёў, дарослы – 19-23 рублі
"Робаполіс" - гэта міжнародная навукова-інтэрактыўная выстава робатаў для ўсёй сям'і. Вашай увазе – 50 робатаў з усяго свету, спецыяльны тэатр робатаў, цэлых 6 віртуальных рэальнасцяў. Вы зможаце пакіраваць квадракоптарам, паўдзельнічаць у майстар-класах і многае іншае. У "Робаполісе" нават дзеці ад 2-х гадоў здолеюць адчуць сябе сапраўднымі вынаходнікамі.
Дзе: ГЦ "Сталіца" (пр. Незалежнасці, 3)
Калі: 2 і 3 лютага
Колькі каштуе: уваход вольны
На выходных у цэнтральным атрыуме гандлёвага цэнтра "Сталіца" на 1-м паверсе пройдзе кірмаш беларускіх майстроў "Louis Market". Там можна будзе паглядзець і наюыць разнастайныя аўтарскія вырабы, цацкі з тэкстылю, нататнікі з дрэва, вырабы са шкла, керамікі і металу.
Дзе: Палац спорту (пр. Пераможцаў, 4)
Калі: 2 і 3 лютага
Колькі каштуе: удакладняць у касе
На два дні Палац спорту ператворыцца ў дом для братоў нашых меншых. Больш за 200 грызуноў, тхароў і трусоў 30 разнавіднасцяў і парод прывязуць не толькі з Беларусі, але і з Латвіі, Расіі, Украіны. У наведнікаў будзе магчымасць палюбавацца на шыншыл, мышападобных, сірыйскіх, джунагрскіх хамячкоў, пацукоў, дэкаратыўных мышэй, марскіх свінак, трусоў, афрыканскіх вожыкаў... Сумна не будзе! Асабліва такія выставы падабаюцца дзецям.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/tags/raim-shadzic