У мінулую суботу, 26 студзеня, споўнілася шаснаццаць гадоў са дня, калі Уладзімір Мулявін пайшоў з жыцця. Да таго ж 2019-ы — год пяцідзесяцігоддзя «Песняроў»: той самы культавы ансамбль, што грымеў на ўвесь Савецкі Саюз і быў вядомы далёка за яго межамі, пачынаў «Лявонамі» ў Мінскай філармоніі, якім 1 верасня 1969 года дазволілі называцца ВІА. Аказалася, у біяграфіі Уладзіміра Мулявіна даволі лакун, але з расказамі яго сваякоў, сяброў і знаёмых прабелы запаўняюцца даволі цікавымі фактамі. Займальных гісторый, апублікаваных у тым ліку ўпершыню, хапае ў кнізе «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недасказанае...» аўтарства музыказнаўца Вольгі Брылон і дачкі музыканта Марыны Мулявінай. Кніга акцэнтуе ўвагу на перыядзе, калі Уладзімір Мулявін жыў са сваёй першай жонкай — артысткай Лідзіяй Кармальскай, той самай, «без якой невядома, ці былі б «Песняры». Разам з Вольгай Брылон мы пакапаліся ва ўпершыню апублікаванай перапісцы, упершыню паказаных фотаздымках і ўпершыню абнародаванай інфармацыі і вылучылі дзесяць, часам нават крыху неверагодных, фактаў пра жыццё знакамітага музыканта.
1. Бацьку Мулявіна арыштавалі за сувязь з сынам Чан Кайшы
Уладзімір Мулявін усё жыццё вінаваціў бацьку ў тым, што той кінуў сям'ю. Аказалася, Акуліна Сяргееўна, маці Уладзіміра, сама спалохалася і збегла са Свярдлоўска ў пасёлак Дзягцярка (сёння горад Дзягцярск), калі ў 1939 годзе яе муж Георгій трапіў пад рэпрэсіі. Георгія Мулявіна асудзілі за сувязь з сынам прэзідэнта Кітайскай Рэспублікі Чан Кайшы, з якім яны разам жылі ў студэнцкім інтэрнаце. Калі Чан Кайшы ў савецкай улады аказаўся ў няміласці, ворагам стаў і яго сын, а ў выніку і Георгій Мулявін. Пасля пераезду Акуліна Мулявіна баялася нават наведваць мужа ў турме, так іх шлюб і распаўся. Георгій Мулявін быў рэабілітаваны і, як расказаў яго сын ужо ад другога шлюбу Ілья, да канца жыцця насіў у нагруднай кішэні партрэт Лаўрэнція Берыі, што абвясціў амністыю, па якой ён зноў апынуўся на свабодзе.
2. Бацькам Уладзімір Мулявін называў свайго дзядзьку Філіпа Палычава
У ліставанні з жонкай Лідзіяй Кармальскай Мулявін часта згадвае бацьку, але мае на ўвазе не Георгія Мулявіна, а свайго дзядзьку Філіпа Палычава, у сям'і якога жыў да трынаццаці гадоў. Калі Акуліна Мулявіна засталася адна з дзецьмі, адзін з яе братоў, якіх у яе было пяць, прапанаваў узяць Уладзіміра да сябе на выхаванне. У Філіпа з жонкай не было ўласных дзяцей, а жылі яны па тых часах даволі заможна — галава сям'і ўтрымліваў абутковую майстэрню.
У выніку «бацька», можна сказаць, вырасціў Уладзіміра Мулявіна, упершыню падштурхнуў да заняткаў музыкай і палюбіў настолькі, што захацеў усынавіць, але маці Уладзіміра гэтага не дазволіла.
3. З першай жонкай Мулявін пазнаёміўся падчас камандзіроўкі канцэртнай брыгады
У канцы 1950-х, калі Уладзімір Мулявін пачаў працаваць у Томскай філармоніі, для кожнага з эстрадных жанраў — акрабатычнага, танцавальнага ці песеннага, — паколькі фанаграм яшчэ не існавала, патрабаваўся акампанемент. Функцыю такога акампанементу выконваў эстрадны квартэт філармоніі, у якім іграў Мулявін. Як частка квартэту музыкант паехаў у свае першыя гастролі, якія тады маглі цягнуцца некалькі месяцаў, а то і паўгода. Ужо хутка на работу ў філармонію паступіла Лідзія Кармальская, якую адразу адправілі даганяць канцэртную брыгаду. У гэтай камандзіроўцы Мулявін і Кармальская пазнаёміліся і пачалі свае адносіны. Мулявіну тады было 18, а Кармальскай — 21.
4. Мінская філармонія адмовіла Мулявіну ў прыёме на работу
Калі Лідзія Кармальская нарадзіла дачку Марыну, Уладзімір Мулявін з Кемерава, дзе яны тады жылі, паехаў шукаць работу бліжэй да Еўропы, а дакладней у Маскву. Перад адпраўленнем цягніка на томскім вакзале музыкант пайшоў у прыбіральню, дзе хуліганы заўважылі яго дарагі гадзіннік і паспрабавалі адняць. У гэты момант у прыбіральні аказаўся хлопец, які валодаў усходнімі адзінаборствамі, і адбіў Уладзіміра і яго гадзіннік. Ім аказаўся акрабат Аляксандр Ван Лі, які таксама шукаў работу ў філармоніі і ехаў у тым жа напрамку, толькі далей за Маскву — у Мінск, куда запрасіў і Мулявіна. Ван Лі ў мінскую філармонію ўзялі адразу, а Мулявіну адмовілі, бо гітарыстаў, маўляў, і без таго хапае. Ван Лі потым казаў, што гэта ён упершыню прывёз Мулявіна ў Мінск.
5. Пэўны час зоркай у сям'і быў не Мулявін, а Кармальская
Лідзія Кармальская была выканаўцай незвычайнага жанру мастацкага свісту, дзякуючы чаму ў 1963 годзе яе з радасцю прынялі ў Мінскую філармонію. Гітарыстаў жа ў Мінску хапала, таму Уладзімір Мулявін быў прыняты на работу, верагодна, як дадатак да Кармальскай. Тут ён працягнуў выконваць другарадную ролю акампаніятара для сваёй жонкі і іншых артыстаў. Але ўсё змянілася з ІV усесаюзным конкурсам эстрады ў Маскве. Філармонія рабіла стаўку на нумар Кармальскай, а «Лявонам», як спачатку называліся «Песняры», давялося яшчэ пазмагацца за магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе асобна. Кіраўніцтва філармоніі доўга не давала згоды, але нарэшце сказала нешта накшталт: «Ну і чорт з імі, хай едуць, аблажаюцца і вернуцца дадому». У выніку выступленне Кармальскай на конкурсе не залічылі з-за ўзросту, а «Лявоны» падзялілі другую прэмію з Львом Лешчанкам (першая прысуджана не была).
6. Мулявіна не хацелі пераводзіць з музычнай роты з-за яго актыўнай дзейнасці
Уладзімір Мулявін служыў тры гады — адзін у музычнай роце, што значыла звычайную салдацкую службу з музыкальнымі заняткамі ў дадатак, і два ў Ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі, які даваў служачым пэўную свабоду. Сярод тых, хто служыў разам з Мулявіным, — заслужаны артыст Расіі Мікалай Маісеенка, заслужаны артыст Беларусі Віктар Стральчэня, заслужаны артыст БССР Міхаіл Зданевіч, зорка маскоўскай аперэты Юрый Ведзянееў. У лістах жонцы Мулявін пісаў, як нясоладка служыцца ў музычнай роце, і жартаваў пра тое, як «ледзь не здох на кросе, а морду хутка разгоніць так, што ён стане выглядаць як старшыня калгаса». Ігар Раеўскі, які ў той час быў начальнікам-мастацкім кіраўніком Ансамбля песні і танца, расказаў аўтарам кнігі, што Мулявіна не хацелі пераводзіць на больш прывабную службу ў Ансамбль, бо паказчыкі музычнай роты дзякуючы яго дзейнасці заўважна палепшыліся. Ігар Раеўскі таксама ўспомніў, як ужо ў ансамблі раздаваў музыкантам партыі, а Мулявін сказаў: «Ігар Іванавіч, я прашу вас, не пішыце мне, калі ласка, маю партыю. Я паслухаю і сам складу». «І фокус быў у тым, што ён слухаў твор толькі адзін раз, а потым уставаў і абвалакваў аркестр нейкай неймавернай гармоніяй», — кажа Раеўскі.
7. Мянушка Муля з'явілася ў музыканта ў арміі
Калі ў 23 гады Уладзімір прыйшоў служыць у музычную роту, там ужо быў адзін гітарыст — Сулейман Абдулаеў. Яны з Сулейманам пасябравалі і сталі іграць разам, пра што Уладзімір згадваў у лістах жонцы, маўляў, сыгралі дуэтам, магло б быць і лепш. А паколькі ў Сулеймана была мянушка Суля, Мулявіна сталі называць Муляй. І называлі так усё жыццё.
8. Мулявіну не дазвалялася насіць цяжкасці
Шмат хто са знаёмых Уладзіміра і Лідзіі казаў, што, калі б не Кармальская, невядома, ці былі б «Песняры». Жонка бачыла талент Уладзіміра і па-добраму не давала яму спуску: прымушала займацца, клапацілася аб адпачынку, не дазваляла насіць цяжкасці, бо трэба берагчы рукі. Марына Мулявіна ўспамінае: самым цяжкім, што мог несці бацька, быў чахол ад гітары. Лідзія Кармальская працавала ў складзе «Песняроў» да 1974 года і нездарма ў яе архівах ляжыць грамата за «актыўны ўдзел у стварэнні і рабоце ансамбля «Песняры».
9. У дзень смерці брата Валерыя Мулявін адыграў канцэрт
Валерый быў старэйшым братам, але ў творчым плане глядзеў на Уладзіміра знізу ўверх. З-за некаторых правін Валерыя лідар ансамбля мог выйсці з сябе настолькі, што іншыя сябры калектыву нават абаранялі калегу і прасілі даць яму шанц. Тым не менш браты былі вельмі прывязаны адзін да аднаго. Калі «Песняры», ужо вельмі вядомы калектыў у СССР, прыехалі ў крымінальны горад Ялта, Валерый адправіўся на спатканне. На наступны дзень яго знайшлі мёртвым, а на вечар у «Песняроў» быў запланаваны канцэрт. Які нельга было адмяніць.
10. Сыход Мулявіна з сям'і быў прадказаны Ганнай Арго
Мулявін з Кармальскай распісаліся 20 красавіка 1960 года ў Калінінградзе, дзе пазнаёміліся і пасябравалі з Ганнай Арго — Вольфам Месінгам у жаночым абліччы. Тады Ганна сказала Лідзіі, што Уладзімір — мужчына, якога тая будзе кахаць усё жыццё. У пачатку 1960-х яны зноў сустрэліся ў Мінску, калі Ганна Арго сама паклікала Лідзію да сябе, каб прадказаць, што ў яе народзіцца сын, якога праз дваццаць гадоў магчыма страціць, і пасля нараджэння дзіцяці яна альбо развядзецца, альбо стане ўдавой. Марына Мулявіна памятае, як маці прыйшла дадому і ў размове з бабуляй сказала: «Ніхто не збіраецца разводзіцца, а паміраць тым больш». Праз паўтара года Лідзія зацяжарыла і нарадзіла сына, развялася з Мулявіным, праз дваццаць гадоў сын трапіў у аварыю, але выжыў.
Запісала Ірэна КАЦЯЛОВІЧ
Кніга «Уладзімір Мулявін і Лідзія Кармальская. Недасказанае...» намінавана на прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/irena-kacyalovich-0
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-mulyavin
[4] https://zviazda.by/be/tags/muzyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/pesnyary-1
[6] https://zviazda.by/be/tags/pesnyary