Ужо люты настаў, а чарада свят усё працягваецца: днямі ў Паднябеснай адзначылі «сяанянь» — малы Новы год. А ў наступны аўторак у Кітай прыйдзе вясна. Дакладней «Чуньцзэ» — Свята вясны. Так рамантычна тут называюць пачатак новага года. Сёлета гэта 4717-ты. І адзначаць кітайскі Новы год будуць не толькі на яго «радзіме», а і без перабольшвання па ўсім свеце. Як паведаміла інфармагенцтва «Сіньхуа», са спасылкай на міністра культуры і турызму Кітая Ло Шугая, у межах глабальнага праекта «Вясёлае Свята вясны» сёлета мяркуецца правесці больш чым 1500 адметных мерапрыемстваў у 396 гарадах 133 краін і рэгіёнаў. Да святкавання актыўна далучылася і Беларусь. Чым жа адметнае Чуньцзэ і як правільна «гукаць вясну» ў лютым?
Жоўты імператар
Кітайскі каляндар, які папулярны таксама ў Камбоджы, Манголіі, В'етнаме і іншых азіяцкіх краінах, уяўляе сабой цыклічную сістэму з 60-гадовым цыклам. Такая «схема» грунтуецца на... астранамічных цыклах Юпітэра. На працягу 60 гадоў гэтая планета робіць пяць абаротаў вакол Сонца. Зыходзячы з гэтага азіяцкія астролагі падзялілі шлях Юпітэра на 12 частак. Дні пазначаліся камбінацыяй з дзесяці знакаў, так званых «ствалоў», у якія ўваходзілі пяць «зямных стыхій» — дрэва, агонь, зямля, метал, вада. Гэтыя знакі яшчэ класіфікуюцца па прыкметах «ян» (мужчынскі) і «інь» (жаночы), а таксама па 12 «галінах», якія пазначаліся задыякальнымі сімваламі жывёл.
У адпаведнасці з кітайскай традыцыяй гады адлічваюцца ад пачатку праўлення Хуан-дзі — з 2698 года да н. э. Такім чынам і атрымліваецца, што сёлета наступае 4717-ты. Хуан-дзі, або Жоўты імператар, — легендарная асоба, ён лічыцца заснавальнікам даасізму і — ні больш, ні менш — першапродкам усіх кітайцаў. Прынята лічыць, што жоўты колер суадносіцца з характэрным адценнем вады ракі Хуанхэ. Цікава, што гэты колер у Кітаі стаў імператарскім, кіраўнік насіў адзенне залаціста-жоўтага колеру, на спіне звычайна вышываўся залатымі ніткамі іншы сімвал імператарскай улады — лун, які з'яўляецца адначасова і адным з рачных божастваў.
Хуан-дзі пасля цяжкай барацьбы здолеў падпарадкаваць сабе правадыроў асобных плямёнаў і стварыў першую кітайскую дзяржаву ў гарах Куньлунь — на захад ад ракі Хуанхэ. Усталяваўшы мір, Жоўты імператар прынёс ахвяры багам, прызначыў чыноўнікаў-кіраўнікоў і ўвёў першыя ў краіне законы. Усяго Хуан-дзі меў 25 сыноў, 14 з якіх сталі родапачынальнікамі вядомых кітайскіх кланаў. Яму прыпісваецца вынаходства сякеры, лодкі і вёслаў, ступкі і таўкачыка, лука і стрэл, сукенкі і туфляў, а таксама падзел зямлі на надзелы. Яго паплечнікі стварылі іерагліфічную пісьменнасць і каляндар. Хуан-дзі прыпісваюць аўтарства многіх класічных твораў, у тым ліку асноватворных медыцынскіх трактатаў Хуан-дзі Нэй цзін, а таксама кароткага сачынення ў вершах Іньфуцзін, ушанаванага ў даасізме. Прывязку да легендарнага імператара мае таксама «Жабіны канон», які змяшчае прадпісанні па акупунктуры і лячэнні прыпяканнямі.
Дасюль захаваўся маўзалей Хуан-дзі — месца, дзе быў пахаваны легендарны Жоўты імператар. Ён размешчаны за 140 кіламетраў па аўтатрасе на поўдзень ад цэнтра гарадской акругі Яньань правінцыі Шэньсі. Маўзалей з'яўляецца адным з першых аб'ектаў, якія былі ўключаны ў спіс ахоўваемых аб'ектаў культурнай спадчыны Кітая. Ён складаецца з дзвюх частак — Храма Хуан-дзі і залы маўзалея. Паводле легенды, імператар узышоў на неба, таму ў маўзалеі захоўваюцца толькі яго адзенне і капялюш. Шматлікія кіраўнікі Кітая са старажытных часоў прыязджалі сюды ўшанаваць Хуан-дзі.
У 2637 годзе да н. э. на загад заснавальніка кітайскай цывілізацыі ўсталявалася сістэма летавылічэння, у якой базавым стаў поўны 60-гадовы цыкл. Падчас Сіньхайскай рэвалюцыі ў 1911-м кітайцы перайшлі на еўрапейскую сістэму, але, нягледзячы на гэта, дагэтуль выкарыстоўваюць старажытны каляндар.
Тры мільярды пасажыраў
Цягам тысячагоддзяў у Паднябеснай і па ўсім свеце адзначаецца Свята вясны. Штогод дата Чуньцзэ змяняецца, паколькі вызначаецца выключна па месяцава-сонечным кітайскім календары. Адсюль і другая назва — месяцавы Новы год. Пачатак святкавання прыпадае на другі маладзік пасля зімовага сонцастаяння і таму перамяшчаецца ў межах месяца — паміж 21 студзеня і 21 лютага. Сёлета Свята вясны адзначаюць з 5 да 20 лютага, пры гэтым афіцыйныя выхадныя ў кітайцаў будуць доўжыцца ўвесь наступны тыдзень..
Чуньцзэ — сямейнае свята. Мільёны жыхароў Паднябеснай вяртаюцца ў свае родныя мясціны, каб сустрэць Новы год з сям'ёй. Сезон такіх паездак у Кітаі атрымаў адмысловую назву «чун'юнь» і лічыцца найбуйнейшай у свеце міграцыйнай з'явай. Як паведаміла «Жэньмінь жыбаа» анлайн, паводле інфармацыі намесніка старшыні Дзяржаўнага камітэта КНР па справах развіцця і рэформаў Лянь Вэйляна, сёлета падчас вакацый з нагоды Чуньцзэ будзе перавезена каля трох мільярдаў пасажыраў. Уяўляеце сабе «навагодні трафік»!
Цяпер у Паднябеснай час «суботнікаў» — кітайцы павінны прыбраць свой дом напярэдадні свята, прычым робяць яны гэта грунтоўна. Пасля таго як дом вычышчаны, усе мяцёлкі, саўкі, анучы прыбіраюцца ў месца, дзе б іх ніхто падчас свята не змог убачыць. Падчас Чуньцзэ займацца ўборкай непажадана. Паводле народных легендаў, перад наступленнем Новага года богі дораць людзям удачу, якая асядае ў выглядзе пылу. Вось і атрымліваецца, што, прыбіраючы ў гэтыя дні, вы рызыкуеце спудзіць поспех.
Перад святам краіна літаральна расцвітае кумачом. Паўсюль вісяць плакаты з вытанчана выпісанымі на іх іерогліфамі «фу» (шчасце) і «сі» (радасць), гірлянды ліхтароў і іншыя ўпрыгажэнні, і ўсе яны — выключна чырвонага колеру, які азначае поспех і дабрабыт. На дзвярах жыхары наляпляюць парныя каліграфічныя надпісы, выкананыя чорнай тушшу на чырвонай паперы. Змест зводзіцца да выказвання жыццёвых ідэалаў гаспадара хаты або добрых пажаданняў на новы год. На дзверы наляпляюць таксама выявы духаў-ахоўнікаў і божаства багацця ў надзеі, што яны прынясуць у хату шчасце і дабрабыт.
Пельмені і мандарыны
У нашы дні святочны вечар напярэдадні Свята вясны ў Кітаі немагчыма ўявіць сабе без прагляду традыцыйнага навагодняга гала-канцэрта на тэлеканале CCTV. На змену традыцыйным званкам з віншаваннямі і паштоўкам прыйшлі тэкставыя паведамленні па месенджары WeChat (самая папулярная мабільная праграма ў Кітаі). Ноч пад кітайскі Новы год называюць таксама «ноччу сустрэчы пасля расстання». Для кітайцаў гэта самы важны момант. Уся сям'я збіраецца за святочным сталом да навагодняй вячэры, якая адрозніваецца не толькі багаццем і разнастайнасцю страў, але і старадаўнімі традыцыямі. Напрыклад, меню не абыходзіцца без страў з курынага мяса, рыбы і «доўфу» — соевага тварагу (у нас яго называюць «тофу»), бо ў кітайскай мове назвы гэтых прадуктаў сугучныя са словамі, якія азначаюць «шчасце» і «дабрабыт».
Паводле паданняў, у пачатку года ў кожны дом зазірае міфічная істота Нянь і знішчае запасы збожжа, жывёлу, а ў некаторых выпадках — нават дарослых і дзяцей. Таму ў першы дзень Чуньцзэ на ганку пакідаюць трохі ежы, каб задобрыць Няня і такім чынам адкупіцца ад яго. Па адной з легендаў, яшчэ ў старажытныя часы кітайцы аднойчы ўбачылі, як ненасытная істота спалохалася маленькага дзіцяці ў чырвонай вопратцы. Тады людзі вырашылі, што Нянь апасаецца гэтага колеру, і з тых часоў падчас Свята вясны яны апранаюць нешта чырвонае. Акрамя таго, кітайцы з першага да апошняга дня святкавання ўзрываюць феерверкі і петарды, каб гучным шумам адпудзіць злых духаў.
На Свята вясны ў Кітаі прынята абменьвацца падарункамі. Самым распаўсюджаным з'яўляецца чырвоны канверт з грашыма — «хунбаа». Яго прэзентуюць родным і сябрам, а таксама традыцыйна кіраўніцтва кампаній віншуе такім чынам сваіх падначаленых. Чырвоныя канверты — гэта не толькі грошы, але і пажаданне ўдачы і працвітання іх атрымальніку. З развіццём тэхналогій рабіць такія падарункі стала яшчэ прасцей. Той жа WeChat з 2015 года даў сваім карыстальнікам магчымасць адправіць грашовыя «хунбаа» ў асабістыя і публічныя чаты. У старадаўнія часы грошы дарылі ў выглядзе караляў, якія складаліся са ста манет. Гэта было своеасаблівае віншаванне — пажаданне пражыць да ста гадоў. Дарэчы, каралі са ста манет і сёння вельмі папулярныя ў Кітаі.
На поўначы Паднябеснай на Новы год прынята есці пельмені, а на поўдні — «няньгаа» (скрылькі, прыгатаваныя з клейкага рысу). Паўночнікі аддаюць перавагу пельменям, таму што на кітайскай мове слова «цзяацзы» сугучнае са словамі «праводзіны старога і сустрэча новага». Таксама лічыцца, што пельмені нагадваюць сваёй формай традыцыйныя зліткі з золата і срэбра і сімвалізуюць пажаданне багацця. З той жа прычыны жыхары поўдня ядуць «няньгаоа», якія сімвалізуюць паляпшэнне жыцця.
Падчас Кітайскага Новага года праводзяцца масавыя гулянні. Кітайцы пераапранаюцца ў львоў і драконаў, а таксама ладзяць свае знакамітыя выступленні ў маляўнічых касцюмах і на хадулях. Адзначаючы Свята вясны, прынята хадзіць у госці да сяброў, блізкіх і сваякоў і ўручаць падарункі ў чырвонай упакоўцы. Існуе традыцыя, паводле якой, прыходзячы ў госці на Новы год, трэба прыносіць два мандарыны. А падчас сыходу ўжо гаспадары аддаюць свае два мандарыны. Уся справа ў тым, што фраза «пара мандарынаў» на кітайскай гучыць практычна як слова «золата». І атрымліваецца, што такім чынам і госці, і гаспадары жадаюць адзін аднаму дастатку. Навагоднія святы сканчаюцца пасля свята Ліхтароў (Юаньсяацзэ або Дэнцзэ) — на пятнаццаты дзень першага месяца па месяцовым календары.
Нявеста ў арэнду
Такім чынам, 5 лютага наступае год Жоўтай Земляной Свінні. Падобная камбінацыя паўтараецца раз у 60 гадоў. Кожнае кола пачынаецца драўляным Пацуком. Апошняе такое пачало адлік 2 лютага 1984 года, яно завершыцца Вадзяной Свіннёй, гэта адбудзецца 29 студзеня 2044-га. Не многія ведаюць, што свіння патрапіла ў спіс жывёл задыякальнага календара выпадкова. Замест яе там павінен быў знаходзіцца кот, але ён спазніўся на імператарскі прыём, паколькі не быў пабуджаны пацуком.
У Кітаі ёсць такое паняцце, як benmіngnіan — так званы Год лёсу. Жыхары Паднябеснай вераць, што тым людзям, чый год наступіў, наканаваныя выпрабаванні і нечаканыя перамены. Як сцвярджаюць астролагі, асаблівай прыхільнасці гаспадыні года варта чакаць тым, чыя дзейнасць звязана з сельскай гаспадаркай, бо свінка любіць корпацца ў зямлі. Таксама 4717-ы спрыяльны для ўсіх, хто ўступае ў шлюб, і тых, хто імкнецца ўмацаваць адносіны ў сям'і.
У Кітаі лічыцца, што жанчынам належыць выйсці замуж да 30 гадоў, а мужчынам — ажаніцца да 32-х. Тыя ж, хто не створыць сям'ю да гэтага ўзросту, падвяргаюцца бязлітаснай крытыцы ў грамадстве. Ціск шматкроць узрастае падчас Чуньцзэ, паколькі Свята вясны спрадвеку лічылася выдатнай магчымасцю для адзінокіх знайсці сваё каханне. Менавіта таму ў гэты час узрастае попыт на паслугі «жаніх/нявеста напракат». Існуюць спецыяльныя вэб-сайты і агенты-пасярэднікі, якія спецыялізуюцца на гэтым бізнесе. У Taobao, найбуйнейшай у Кітаі інтэрнэт-краме, ёсць цэлы раздзел, звязаны з арэндай жаніха ці нявесты. Кошт паслугі — прыкладна 100 юаняў (16 долараў) у дзень. Але многія адзінокія кітайцы ўсё ж вераць: менавіта сёлета падчас «гукання вясны» пашчасціць адшукаць сваю палавінку. Год жа ўдалы.
Захар БУРАК
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] https://zviazda.by/be/tags/kitay
[5] https://zviazda.by/be/tags/novy-god