З пачатку года ў РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі паступіла 1050 дзяцей з чэрапна-мазгавымі траўмамі. З іх 120 — з цюбінгавымі траўмамі. Для параўнання: тых, хто пацярпеў падчас катання на санках, лядзянцы ці на нагах, у шэсць разоў менш — каля 20 чалавек.
— Усе траўмы адбыліся на спантанна сфарміраваных горках. Там, дзе катацца на цюбінгу забаронена катэгарычна: каля школ, у дварах, дзе прыпаркаваны аўтамабілі. Часта дзеці, 9—12 гадоў, ходзяць на горкі без суправаджэння дарослых, — заўважае ўрач нейрахірургічнага аддзялення РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Аляксандр КОРАНЬ.
Чаму колькасць такіх здарэнняў у гэтым сезоне значна вырасла? Урачы называюць дзве прычыны: цюбінгі сталі больш папулярнымі, а матэрыялы, з якіх яны робяцца, больш якаснымі, за кошт чаго павялічваецца хуткасць руху па снезе.
Забараняць «ватрушкі» ніхто не збіраецца, але дзяцей і бацькоў заклікаюць выконваць меры бяспекі.
— Галоўнае — катацца на абсталяваных трасах. Бо спецыяльны схіл для цюбінга — гэта, як правіла, жолаб, там мінімальная імавернасць вылецець з трасы. І вугал нахілу гары не павінен перавышаць 20 градусаў, інакш будзе занадта вялікі разгон, — кажа Намір АЛЬТАН, траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення траўматалогіі 6-й гарадской клінічнай бальніцы. — Таксама трэба выкарыстоўваць цюбінгі, падыходзячыя па памеры. У вялікім дзіця не зможа трымацца за ручкі. Нельга спускацца паравозікам. А калі ўжо ідзяце на неабсталяваную горку, то трэба хаця б спачатку прайсціся ўздоўж, паглядзець, ці ёсць там якія няроўнасці, бо гэта адразу змяняе траекторыю руху цюбінга.
У Мінску камунальшчыкі праводзілі маніторынг усіх схілаў і горак у жыллёвай забудове. Аказалася, што амаль траціна з іх выкарыстоўваецца для катання, хоць абсалютна для гэтага не прызначаныя. Такія горкі пасыпалі пяском, каб папярэдзіць слізганне, на дошках інфармавання павесілі аб'явы, што з'язджаць на цюбінгу тут небяспечна.
Абсталяваць схілы ў жылым сектары сталіцы немагчыма: высокая шчыльнасць забудовы. Але спецыяльныя горкі для цюбінгу ў Мінску ёсць — напрыклад, побач з «Чыжоўка-Арэнай», у Шабанах. Бясплатныя абсталяваныя горкі для гэтай забавы з'явяцца і ў парку Уга Чавеса. Плануецца, што іх будзе дзве: для дзяцей малодшага і старэйшага ўзросту (апошняя — з больш крутымі схіламі).
На адным з прадпрыемстваў, дзе вырабляюць спортінвентар (у тым ліку і цюбінгі), задумваюцца, як зрабіць гэту прыладу для катання больш бяспечнай.
— Мы падрыхтавалі невялікую доследную партыю бяскамерных цюбінгаў — такія не выстраляць, калі раптам матэрыял парвецца. Каб паўплываць на хуткасць, можна зрабіць цюбінг набіўным, — расказвае дырэктар прадпрыемства «Зубрава» Мікалай ШЫРОКІ. — Але наша прадукцыя — кропля ў моры. Ёсць яшчэ шмат кітайскіх, іншых беларускіх вытворцаў.
Ён адзначае, што продажы цюбінгаў крыху знізіліся. Але звязвае гэта не з траўмамі, а з канкурэнцыяй на рынку: людзі набываюць больш танныя «ватрушкі» іншых прадпрыемстваў.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/tags/cyubing
[4] https://zviazda.by/be/tags/gorka
[5] https://zviazda.by/be/tags/sanki
[6] https://zviazda.by/be/tags/byaspeka