Наша краіна рухаецца да добрага інвестыцыйнага клімату, развіцця канкурэнцыі і беспапернага гандлю, у тым ліку, дзякуючы дапамозе Еўрапейскага саюза, Групы сусветнага банка і Міжнародной фінансавай карпарацыі. Гэтыя міжнародныя структуры прэзентавалі два сумесныя праекты па падтрымцы прыватнага сектара ў Беларусі агульным памерам 8,8 мільёна еўра. Праграма працягнецца да 2021 года.
Як адзначылі прадстаўнікі ЕС і Сусветнага банка, немагчыма прыдумаць ніводнай сферы жыцця, якой не датычыўся б прыватны сектар, — ад медыцыны да прамысловасці. Таму яго па праве можна лічыць адным з рухавікоў эканомікі краіны.
Асноўныя партнёры праграмы — Міністэрства эканомікі, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, Нацыянальны банк і Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь.
«Інвестыцыйны клімат у Беларусі ў апошнія гады мяняецца да лепшага, усе паказчыкі рухаюцца ў верным напрамку», — адзначыў старшыня прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Алекс КРЭМЕР. Сусветны банк дапаможа кансультацыямі ў сферах развіцця малога і сярэдняга бізнесу, прыцягнення і ўтрымання інвестыцый, падрыхтоўкі сістэмы беспапяровага гандлю.
Як падкрэсліла старшыня прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Рэспубліцы Беларусь Андрэа ВІКТАРЫН, чарговыя праекты — гэта лагічны працяг шматгадовага цеснага супрацоўніцтва. ЕС рэалізуе ініцыятывы па павышэнні канкурэнтаздольнасці прыватнага сектара і павелічэнні магчымасцяў беларускіх устаноў — у тым ліку, Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў, Нацыянальнага агенцтва па інвестыцыях і прыватызацыі, Цэнтра дзяржаўна-прыватнага партнёрства.
Праграма тэхнічнай дапамогі, што фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Міжнародным банкам рэканструкцыі і развіцця, накіравана на стымуляванне развіцця прадпрымальніцтва ў краіне. У сваю чаргу, Міжнародная фінансавая карпарацыя ўжо пачала выкананне Праграмы кансультацыйнай дапамогі ўраду па паляпшэнні дзелавога асяроддзя. Гэтая праграма фінансуецца і рэалізуецца пры падтрымцы ЕС і Шведскага міжнароднага агенцтва супрацоўніцтва для развіцця.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/pryvatny-sektar
[4] https://zviazda.by/be/tags/groshy
[5] https://zviazda.by/be/tags/byudzhet
[6] https://zviazda.by/be/tags/investycyi
[7] https://zviazda.by/be/tags/finansy
[8] https://zviazda.by/be/tags/bank