Якую бялізну — што прываблівае мужчынскія погляды ці функцыянальную і бяспечную — насіць жанчыне, ці ўплывае кармленне дзіцяці грудзьмі на іх форму, чым пагражае праседжванне ноччу ў сацсетках, і ў цэлым аб захаванні здароўя гутарым з загадчыкам аддзялення анка-2 (мамалагічнага) Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы Аляксандрам Хомбакам.
Як хвалі ўплываюць на клетку
— Аляксандр Міхайлавіч, давайце пачнём размову з таго, што вызначым, наколькі ўплывае эмацыянальны фон жанчыны на яе здароўе?
— Ад эмацыянальнага стану залежыць узровень гармонаў: пазітыўны настрой вызначае баланс эстрагенаў і прагестынаў, а патрэбнае спалучэнне гэтых гармонаў станоўча ўплывае на структуру малочнай залозы. Адна з прычын, па якой у ёй адбываюцца змены (што прыводзіць да мастапатыі, а ў далейшым і да злаякасных новаўтварэнняў) — гэта парушэнне гарманальнага фону. На яго ўплывае практычна ўсё: хранічны стрэс, недахоп сну і фізічнай нагрузкі, і гэта адбіваецца на гарманальным дысбалансе. Апошні, у сваю чаргу, прыводзіць да значных змен у структуры малочнай залозы. Мінімальна — гэта кістозныя ўтварэнні, затым можа з'явіцца фіброзная тканка, што далей можа прывесці да ўтварэння злаякаснай клеткі. А калі на гэты фон напластоўваецца спадчынная схільнасць, рызыка развіцця раку значна павялічваецца.
У цэлым рак малочнай залозы з усіх злаякасных новаўтварэнняў у жанчын знаходізіцца на першым месцы. Таму каб прафілактаваць гэтае захворванне трэба падыходзіць, як мы кажам, да ўсяго правільна і прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Такое стаўленне да сябе складаецца з невялікай колькасці кампанентаў: гэта правільныя харчаванне, псіхаэмацыянальны стан, задаволенасць сваім жыццём, прафесіяй, пазітыўнае стаўленне да свету, імкненне максімальна адыходзіць ад шкодных фактараў, якія нас акружаюць і ўсё больш і больш спрабуюць...
— ... узяць у кола?
— Яны ўжо нас ўзялі. І мы павінны паспрабаваць разарваць ланцужок. З аднаго боку, гэта бытавая тэхніка, якой усё больш і больш. Яна — крыніца розных нізкачастотных хваляў, якія на нас уздзейнічаюць з усіх бакоў. А мы яшчэ імкнёмся, не ўсведамляючы таго, каб гэтае ўздзеянне было кругласутачным: камп'ютар, прас, чайнік уключаны, тэлефоны...
— І фітнес-трэкер? — паказваю на модную навінку на сваёй руцэ.
— Ну вядома! А яшчэ чалавек прыдумаў, каб у святая-святых — спальні — паставіць тэлевізар, мабільнікі побач, што катэгарычна непрымальна. Ноччу неабходна спаць, і для гэтага прырода адвяла час — мінімум восем гадзін. Колькі сёння цывілізаваная прыгожая жанчына спіць і калі яна кладзецца? Пасля дванаццаці ночы, таму што працуе за камп'ютарам, сядзіць у сацыяльных сетках. Усё гэта шкодна. Калі цёмна, у вочы не павінна трапляць святло. Гэта час для мелатаніна (рэгулятара гарманальнай сістэмы). Калі ён з дзяцінства, юнацтва не выпрацоўваецца ў дастатковай колькасці, ужо ў маладосці пачынаюцца праблемы, якія прыводзяць да мастапатыі.
А цяпер моладзь тэму ўплыву тэхнікі не ўсведамляе. З аднаго боку — гэта ўзровень цывілізацыі — віртуальная рэальнасць, якая бярэ верх, а з другога — тэхніка выпраменьвае пэўныя хвалі, і яны павольна на нас дзейнічаюць. Даказана: тыя, хто вядзе начны лад жыцця — маюць вышэйшую рызыку развіцця паталагічных працэсаў у малочнай залозе, чым тыя, хто вядзе здаровы лад жыцця.
Усё вызначае генетыка
— Ці ўплывае памер грудзей на з'яўленне паталогіі?
— Такой заканамернасці (чым больш малочная залоза, тым вышэйшая рызыка развіцця раку) і дакладных даных няма. А вось чым большая яна па аб'ёме, тым складаней для дыягностыкі — такі момант існуе. Таму што яе памер вызначаецца не толькі жалезістай тканкай. У постменапаўзе аб'ём павялічваецца за кошт тлушчавай праслойкі, а жалезістая памяншаецца — яна становіцца невялікай, але агрэсіўнай. Малочная залоза вялікая, крыніца раку маленькая і пракантраляваць яе з-за аб'ёму ўжо складана. Не ўсялякі мамограф зможа ацаніць адэкватна, нават мамаграма можа прапусціць вонкавы квадрант, які не трапляе ў зону абследавання.
Я хачу сказаць, што пры вялікіх памерах грудзей верагоднасць злавіць анкалагічны працэс у пачатковай стадыі меншы, чым у каго яны меншыя. Чым большы памер, тым складаней для дыягностыкі.
— Ці адбіваецца доўгае кармленне дзіцяці на наступных паводзінах малочнай залозы?
— Доўгае кармленне дзіцяці — больш за паўгода — з'яўляецца фактарам абароны ад развіцця раку малочнай залозы. Нішто не можа ў прыродзе замяніць матчына малако! І нежаданне карміць сваё дзіця грудзьмі толькі таму, што зменіцца іх форма — таксама не апраўданне. Усе вызначае генетыка. У некаторых жанчын форма захоўваецца нават пасля трох родаў і наступнага кармлення, іншыя нарадзілі адзін раз і выгляд іншы. Гэта — генетыка, тут ні пры чым кармленне.
— Калі закранулі тэму генетыкі: наколькі спадчынная схільнасць можа ўплываць на развіццё анкапаталогій?
— Існуе так званая спадчынная форма раку малочнай залозы, пры якой маюцца мутацыі генаў BRCA1/ BRCA2 (яны адказваюць за ўзнікненне раку малочнай залозы і раку яечнікаў). Мутацыі ў гэтых генах перадаюцца ад пакалення да пакалення і спрыяюць з'яўленню злаякасных пухлін. Рэалізацыя захворвання, хто мае мутацыі ў гэтых генах, да 80 %. Як правіла, у пакаленнях выразна прасочваецца сувязь у сваякоў першай-другой лініі: маці, сястра, цётка, бабуля. Адпаведна, гэтым жанчынам неабходна вызначыць мутацыі з пункту гледжання атрымання інфармацыі аб сваім здароўі і далейшым прагнозе.
— Ці існуюць механізмы, якія стрымліваюць развіццё анкапаталогіі?
— Так, вядома. Існуюць пэўныя рэчывы, якія блакуюць назапашванне свабодных радыкалаў у арганізме, што ўплываюць на з'яўленне злаякаснай клеткі: вітаміны А, Е, С, лікапін, селен. Гэтыя важныя кампаненты, якія досыць эфектыўныя для прафілактыкі злаякасных утварэнняў (не толькі для прафілактыкі раку малочнай залозы, а ў цэлым усяго арганізма), розныя кампаненты-флаваноіды, якія спрыяюць ўтварэнню гармонаў у дастатковай колькасці, іх правільнаму балансу.
Харчуемся і апранаемся правільна
— У кітайцаў ёсць падыход «ежа — як лекі» (яны не любяць лячыцца, але аддаюць перавагу пэўнаму набору прадуктаў, багатаму мікраэлементамі, вітамінамі, ужыванне якіх замяняе ім паход да ўрача). Чым харчавацца, каб заставацца здаровай?
— Прынцып філасофіі, якую вызнаюць кітайцы, абсалютна слушны: у арганізм павінны трапляць рэчывы і кампаненты, у якіх ён мае патрэбу паўсядзённа. Ва ўсіх, напэўна, на слыху міжземнаморская дыета. Гэта галоўным чынам морапрадукты. Яны багатыя на антыаксіданты, пра якія мы ўжо казалі: вітаміны А, Е, С, селен і гэтак далей. У дыеце менш рэчываў, якія мы лічым смачнымі, але яны шкодныя для нас — жывёльныя тлушчы і ў вялікай колькасці.
— А як жа кавалачак сальца?
— Вядома, кавалачак сала з цыбулькай-часначком — гэта цудоўна! Але тры разы на дзень наўрад ці неабходна. Я хачу сказаць: чым разнастайнейшае харчаванне, тым больш гэта мэтазгодна для арганізма. Галоўнае — не кідацца да крайнасцяў, выбіраючы супермодныя дыеты ў надзеі, што яны створаць цуды.
— Ці можна казаць пра ўзаемасувязь няправільна падабранага, напрыклад, бюстгальтара «з костачкамі» і лакалізацыяй паталогіі ў месцы пастаяннага траўмавання?
— Вядома, бялізна мае вялікае значэнне. У цэлым, ёсць агульныя патрабаванні: яна павінна быць зручнай, бясшкоднай і «дыхаць». Натуральна, яна не павінна траўмаваць цела. Гэта датычыцца модных бюстгальтараў «з костачкамі» — яны траўмуюць тканкі малочнай залозы. Усе траўмы (нават дзесяцігоддзі таму) абавязкова рэалізуюцца, і маецца выразная сувязь паміж атрыманай траўмай і ўзнікненнем анкалагічнага працэсу. Бываюць траўмы вострыя (удар, напрыклад) і хранічныя (тымі ж «костачкамі»). Гэта ўздзеянне на жалезістую тканку, ацёк у гэтай зоне і фактар рызыкі развіцця новаўтварэнняў. Таму неабходна знайсці баланс паміж прыгажосцю і ўласным камфортам.
— Калі мы ўжо згадалі фактары рызыкі, давайце пералічым іх...
— На першым месцы знаходзіцца спадчынная схільнасць з мутацыяй генаў BRCA1/ BRCA2. Фактарам рызыкі з'яўляецца ўзрост пацыентак: пасля 50 гадоў развіццё раку малочнай залозы ўзрастае. Захоўваецца значная рызыка раку другой малочнай залозы ў жанчын, якія перанеслі рак у адной з іх. Небяспечныя моцнае іанізацыйнае апрамяненне, праліфератыўныя фіброзна-кістозныя змены.
Сярэднія і менш інтэнсіўныя фактары рызыкі: ранні пачатак першай менструацыі (да 13 гадоў), позняя першая цяжарнасць (пасля 30 гадоў), адсутнасць або кароткае кармленне грудзьмі дзіцяці, адсутнасць родаў, позняя менапаўза (пасля 54 гадоў), атлусценне ў постменапаўзе, захворванні жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (рак яечнікаў, рак цела маткі, перанесеныя траўмы малочнай залозы, мастыты). Са шкодных звычак на першым месцы — алкаголь. Нават не гаворым аб аб'ёмах: рэгулярнае спажыванне алкаголю адносіцца да фактараў рызыкі.
— Наколькі эфектыўная скрынінгавая праграма па раннім выяўленні раку малочнай залозы сярод жанчын ва ўзросце 50—69 гадоў?
— На сёння даных, што будуць знойдзеныя эфектыўныя лекі ад раку, няма. А калі так, то трэба разлічваць на рэальныя магчымасці — гэта лячэнне анкалагічнага працэсу ў пачатковай стадыі. А выяўляць яго мы можам. На гэта накіраваны скрынінг. Пацыентак з першай стадыяй раку малочнай залозы выяўляем больш чым у 50 % выпадкаў, калі сярод агульнай катэгорыі толькі 35—36 %. У скрынінгавай групе з першай-другой стадыямі — 90 %. Вядомая дакладная заканамернасць: пры лячэнні рака малочнай залозы першай стадыі пяцігадовая выжывальнасць дасягае да 90 %. Другая стадыя — крыху ніжэй. А ў цэлым, гэта самы лепшы вынік лячэння. Скрынінг вельмі эфектыўны і альтэрнатывы яму сёння няма.
Вольга АНУФРЫЕВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/volga-anufryeva
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/zdaroue-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/zdaroue
[5] https://zviazda.by/be/tags/urach
[6] https://zviazda.by/be/tags/mamolag
[7] https://zviazda.by/be/tags/grudzi
[8] https://zviazda.by/be/tags/rak-malochnay-zalozy