Беларускі экспарт сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання летась узрос на 5,3 % у параўнанні з 2017 годам і склаў 5235 мільёнаў долараў ЗША.
Мінулы год быў удалым для вытворцаў мясных прадуктаў (цэны былі вышэйшымі за пазалеташнія) і больш складаным для «малочнікаў». Але, як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Аляксей БАГДАНАЎ, гэта не перашкодзіла мясной і малочнай прадукцыі прынесці краіне больш за тры мільярды долараў.
Галоўным спажыўцом застаецца наша ўсходняя суседка: у 2018 годзе ў Расію пастаўлена 79 % беларускіх сыравіны і прадуктаў, што ўсё ж на 6,3 % менш, чым у папярэднім.
Аграпрамысловы комплекс дыверсіфікуе экспарт, захоўвае стратэгічныя пазіцыі і набывае новых прыхільнікаў. «Беларускае», а значыць, «якаснае». Гэты факт пацверджаны чэргамі ў замежных крамах і пустымі складамі ў Беларусі, але ён жа дадае і адказнасці прамыслоўцам.
Летась беларускія аграрыі гандлявалі на рынках 95 краін свету. Заклік «Купляйце беларускае!» дарэчны нават у Кітаі. Сёння 51 малочнае прадпрыемства, два мясакамбінаты і пяць птушкафабрык маюць сертыфікаты на экспарт у КНР.
Аляксей Багданаў падкрэсліў, што гэта заслуга кіраўніцтва краіны, вытворцаў і перапрацоўшчыкаў, а таксама эканамічных кірункаў абедзвюх краін. Бо ў той час, як Беларусь зацікаўлена ў пашырэнні экспарту, Кітай імкнецца да пашырэння імпарту.
Пастаўкі ў Кітай у 2018 годзе павялічыліся ў 4,4 раза і склалі 82,4 мільёна долараў ЗША. «Малочных» у гэтай суме — 60,5 мільёна (186,5 тысячы тон). Такім чынам, экспарт малочнай прадукцыі ў грашовым выражэнні ўзрос у дзевяць разоў, а ў натуральным — у 13. Сярод дасягненняў мінулага года Аляксей Багданаў назваў і старт паставак мяса птушкі. Стратэгічная задача — сертыфікацыя на права паставак субпрадуктаў, якія карыстаюцца поспехам у Кітаі.
У краіны Афрыкі пастаўлена прадукцыі ў пяць разоў больш (8,7 мільёна долараў), дзвюх Амерык — на 48 % (9,1 мільёна). Асноўныя спажыўцы — ЗША і Венесуэла. Усяго экспарт у краіны далёкага замежжа ў мінулым годзе ўзрос на 66,7 % і склаў 519 мільёнаў долараў, у краіны Азіі і Акеаніі — у 2,2 раза (151,4 мільёна долараў).
Здаецца, прасцей і зручней арыентавацца на еўрапейскі рынак, але, калі мытная пошліна, напрыклад, на малочную прадукцыю, складае 50 %, зручнасць гэта неапраўданая. Разам з тым экспарт у краіны ЕС летась узрос на 66,6 % і склаў 233,5 мільёна долараў ЗША.
Беларусь мае намер наладзіць яшчэ больш сур'ёзнае супрацоўніцтва з краінамі СНД, Азіі і Акеаніі, Персідскага заліва, Афрыкі, ЕС і Амерыкі.
У міністэрстве сёлета ставяць мэту павялічыць экспарт да 5,7 мільярда долараў ЗША. У прыватнасці, на расійскі рынак плануецца паставіць 3710 тысяч тон малака і малочнай прадукцыі, 320 тысяч тон мяса і мясной прадукцыі.
Да таго ж Беларусь настойліва прапануе пазбавіцца ад прадукцыі з заменнікамі малочнага тлушчу ва ўзаемным гандлі Саюзнай дзяржавы. Наяўнасць «пальмавага» тлушчу ці сапраўднага — гэта пытанне даверу, а на ім заснаваны выбар пакупнікоў. Малако павінна быць «сумленным», упэўнены Аляксей Багданаў.
Акцэнт у АПК робіцца не толькі на павелічэнні аб'ёмаў, але і на вытворчасці тавараў з максімальнай дабаўленай вартасцю. Як паведаміў Аляксей Багданаў, пакуль што надвор'е дазваляе спадзявацца на добры ўраджай, а значыць, і на лепшую кармавую базу. І калі ўсё пойдзе па плане, Беларусь здолее павялічыць прысутнасць на рынках і бліжніх суседзяў, і далёкіх сяброў.
Варвара МАРОЗАВА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/varvara-marozava
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/gandal
[4] https://zviazda.by/be/tags/selskagaspadarchaya-vytvorchasc
[5] https://zviazda.by/be/tags/belaruski-ekspart
[6] https://zviazda.by/be/tags/ptushka