«Ну, за Марыю Іванаўну!» — кажуць мужчыны, падымаючы трэцюю чарку. «Якую такую Марыю Іванаўну?» — не, не ды і спытае нехта з кампаніі. «А кожны за сваю... Каханую. Альбо любімую». Наша, напрыклад, ну вельмі цікавая жанчына — знешне, ды і наогул... Цудоўна гатуе, вышывае крыжыкам, шмат чытае. І тут вось што цікава — змест кнігі пераказвае лёгка, а вось тое, што напісана ў газетах... «Гэта ўжо нешта з маёй галавой? — спытала яна надоечы. — Я так чытаю? Ці вы так пішаце?» Мы — хочацца верыць, не так.
Дэфіцыт
Горад, скрыжаванне, дзве жанчынкі наперарэз — заклапочана пытаюць (па-руску):
— Вы не падкажаце — недзе тут гарадок політэхнічнага?
Кажам, што гэта блізка, паказваем, як прайсці...
— І там жа, — перапыняюць, — вуліца Броўкі?
— Так...
Яшчэ раз паказваем і расказваем. Жанчыны слухаюць, усміхаюцца, дзякуюць (ужо па-беларуску), але не сыходзяць: яны трошкі разгублена дадаюць:
— Ну што б яшчэ ў вас папытаць, каб жывую мову паслухаць?
Камплімент
Дзеду Валянціну ўжо за 80. Адзін жыве. Два разы на месяц да яго прыязджае дачка, два разы на тыдзень прыходзіць сацыяльны работнік. Больш візіцёраў, як правіла, няма. Хіба надоечы?
У дзверы нейкая маладзіца пазваніла — з нататнікам у руках, спытала, ці ёсць у яго дзеці школьнага ўзросту?
— Не, — прызнаўся гаспадар.
— Дзякуй, — штось «пісануўшы» ў блакнот, сказала візіцёрка.
— Вам шчыры дзякуй, — аж пакланіўся дзед.
— Гэта ж за што?
— Ды за камплімент.
Вучыся, нябожа...
Горад, цырульня. Раней тут добрыя майстрыхі былі. Цяпер — новыя. Усе. Але ж зараз не да выбару — спешка.
Мусіць, згледзеўшы гэта, на касе пытаюць:
— А вы не супраць, калі манікюр вам зробіць вучаніца?
— ?
— Не хвалюйцеся: яна ўмее, да яе нават запіс ёсць, — лапоча адміністратар... І ўмольна дадае: — Ну трэба ж дзяўчыне вучыцца.
Хто б спрачаўся, тым больш што пазногці — не вушы, ды і дзяўчына досыць сімпатычная — з бэйджам на грудзях «Малады спецыяліст».
Заўважце — ужо не вучаніца!
З гэтай нагоды анекдот.
Раніца, бальніца, абход. «Прафесар, я чуў, аперацыю мне будзе рабіць студэнт. Гэта што — праўда?» — хвалюецца хворы. «Так, — адказвае доктар, — прычым выдатнік!» — «Але ж раптам у яго рука здрыганецца, раптам дрэнна ўсё зробіць? Што тады?» — «Тады мы яму двойку паставім».
З той жа «серыі» малюнак мастака: аперацыйная зала, стол, на ім — пацыент (з-пад прасцінкі ногі тырчаць). Побач — ці не той жа хірург-студэнт: паказвае прафесару (ён у дзвярах з'явіўся) выдалены орган і пытае: «Гэта хіба не апендыкс?»
Што ўжо казаць пра пазногці...
Рабі, што трэба
Чым бы дзіця ні цешылася...
Тады вельмі «модна» было збірацца разам, хадзіць у лес, капаць зямлянкі. Адну — яны прыдумалі — для ўсіх, а другую — камандзірскую.
Доўга працавалі: варочалі зямлю, потым «падлогі» ўсцілалі яловымі лапкамі, столь перакрывалі жэрдкамі, для маскіроўкі зверху на іх клалі квадрацікі дзёрну... Вось-вось, здаецца, і засяліліся б, «зажылі»...
Зрабіць гэта перашкодзіў дзядзька Васіль. Ён выпадкова натрапіў на «лагер», агледзеўся там, зазірнуў унутр пабудоў, убачыў, як сагнуліся-правіслі жэрдкі пад цяжарам дзірвану і неяк жа давёў юным «партызанам», што так і да смерці блізка...
Малыя пасля гэтага, не дужа шкадуючы працы, «разбамбілі» ўласны «лагер» сіламі не тое сваёй, не тое варожай авіяцыі, іншы занятак знайшлі...
Павырасталі, ды што там, нават састарэлі ўжо. Рэдка сустракаюцца. Як зямлянкі будавалі, помняць. Як «бамбілі» іх — таксама. Дзядзьку Васіля?
Ну, здаецца, быў такі...
Хто працуе, той і мае?
Іванаўна адна гадуе сыноў — двух, змалку...
Цяпер, дзякуй богу, яны немаленькія. Адзін дык нават дарослы, можна сказаць. Праўда, не зарабляе, ва ўсякім разе — пакуль. І ў яе зарплаты як кот наплакаў, аліментаў — таксама. А да ўсяго — кватэра адносна новая. Калі засяляліся, — там голыя бетонныя сцены былі.
Але ж яны разам усё спланавалі і... Грошай трохі збяруць (з усіх магчымых і немагчымых крыніц) — глядзіш, нешта зробяць ці купяць, потым — зноў збіраюць...
Хоць гэта і вельмі цяжка! А ўжо ж марудна... «Да 55, пакуль мне на пенсію, наўрад ці ўсё паспеем, — перажывала жанчына, — а потым і пагатоў ужо».
Цяпер — «павесялела», не плачацца: «пасунулі» пенсійны ўзрост, з'явіўся шанц.
Розныя часы... І норавы
У чэргі некалі запісваліся, у іх адзначаліся, стаялі (на мэблю, дываны, машыны — гадамі, на жыллё — дык нават дзесяцігоддзямі)! Там жа сварыліся, біліся, знаёміліся, прызнаваліся ў каханні...
Цяпер вось такога, можна сказаць, няма. Прыходзіш на пошту, у банк ці паліклініку, націскаеш на маленькую кнопачку, бярэш паперку з нумарам электроннай чаргі і стой сабе ці сядзі — чакай, пакуль не паклічуць.
Але ж гэта — калі кнопачка тая працуе, калі не — усё вяртаецца на кругі свае:
— Хто ў 401-ы? Усе?! — віруе натоўп у паліклініцы. — Вы апошні?
— Я.
— А хто перад вамі?
— Вось тая маладая дзеўка...
«Хм... Раней такіх не было, — з даверлівай усмешкай паведамляе нам пажылы мужчына, што стаіць побач. — Вось старыя дзеўкі — тыя былі. Іх яшчэ векавухамі звалі. А маладых... Паслухайце: іх жа і цяпер, мусіць, няма? Гадоў да 14-15 яны ж дзеці яшчэ, потым адразу жанчыны».
«Чума» ХХІ стагоддзя
Мусіць, яшчэ раз (і ці апошні?): блытае людзей сусветная павуціна... Ці яны ў ёй, як мухі...
Косціха за 30 вёрстаў на курсы ў райцэнтр ездзіла, камп'ютар асвойвала. Як высветлілася, не для таго, каб рэцэпты ды выкрайкі шукаць, каб з дачкой ды зяцем па скайпе размаўляць, — каб жаніха знайсці.
Спісалася з нейкім, прыехаў. Другі месяц гасцюе: смачна есць, позна спіць, потым, па-гаспадарску адставіўшы пуза, у споднім ходзіць па хаце і курыць. «Ты нашто яму дазваляеш? — крадком спытала суседка. — Ён жа ўсё запаскудзіць тут, закуродыміць?» — «Ну і няхай сабе, — з усмешкай адказвае Косціха, — затое ў доме мужчынам пахне!»
З таго форсу і яе саму ўжо не пазнаць: валасы начарніла, бровы падвяла, вусны кожную хвіліну фарбуе...
— Ён мне, — хваліцца, — і дроў, і вады ў хату нанасіў, сцежкі ад снегу расчысціў... Замуж кліча. Але ж у вёсцы, мне кажа, жыць не прывык. Хоча, каб я тут свой дом прадала і да яго ў горад паехала...
— А ты ўжо што — і вушы развесіла? Слухаеш?! — злуецца суседка. — Ды ў яго ж, паглядзі, на твары напісана, што жулік, што ён і вокам не міргне — усё тут прадасць. А цябе, дурную, можа, і звязе куды... На паўгода. Потым жа — павер майму слову — грошы патраціць і кіне, пойдзе сабе новую жонку шукаць. А ты куды вернешся?
— Ну вось чаму ты такая? Чаму ты не верыш людзям! — не разумее суседку Косціха...
Што цікава — жанчына вясковая...
Пра тое, як падобныя жаніхі падманвалі, на вялікія грошы разводзілі гарадскіх, ці не ўсе ўжо і чулі, і бачылі. «Хвароба» (ці нават эпідэмія?) дайшла да вёсак.
Прычыны?
Знаёмая акушэрка расказвала пра адну з маладзенькіх парадзіх. Ёй, беднай, 15 не было. «Ранавата», «І як жа так?» — гаварылі медыкі прымаючы роды. «Кінаў наглядзелася», — адказала ім дзяўчынка-маці.
Міністэрства папярэджвае...
Анекдот: «У кожнага мужчыны павінны быць порткі, у якіх сорамна выйсці ў краму».
Калі яны, вось такія, выкідаюцца і купляюцца новыя? Ды калі мужчына кладзецца ў бальніцу ці едзе ў санаторый.
Што так, тое так, але ж — было, бо цяпер, здаецца, ужо ніхто нічога не саромеецца (а дзіркамі на каленях дык нават ганарацца) — гэта па-першае. А па-другое, на змену порткам прыходзяць шорты. Іх цяпер многія носяць дома. І ў іх жа маладыя насельнікі студэнцкіх інтэрнатаў выходзяць пакурыць — восенню-зімой, на вуліцу...
Як папярэджвае Міністэрства аховы здароўя, курэнне вельмі небяспечнае — развіццём анкалогіі, хвароб сэрца, сасудаў... А вось такое — у шортах і сланцах на холадзе — мусіць, не толькі імі.
Доўгая дарога дадому
Ягораўна з паўгода назад яшчэ дужай была, сама ў кухні столь пабяліла, новыя шпалеры паклеіла. І ў садзе-гародзе парадак трымала: чаго там толькі не расло! Нявестка з унучкай тады часцяком наязджалі — адпачывалі ды і з сабой набіралі ўсяго-ўсяго...
Ягораўна аддавала, нічога ім не шкадуючы, бо сірацінкі ж, бо сынок (адзіны яе!) пяць гадоў як зямельку парыць — памёр, пакінуў іх.
Як ні дзіўна, сэрца ў маці тады не разарвалася, але ж балець стала.
Вось і надоечы яе зусім прыхапіла: на «хуткай» забралі, тры тыдні ў кардыялогіі адляжала. А сталі выпісваць, — не ведае, што і рабіць: хата халодная, сама ледзь жывая... Папытала ў нявесткі, можа, пад'едзе, забярэ яе з бальніцы, завязе дамоў, дапаможа там трохі асвойтацца. Тая адказала, што не зможа — у яе не атрымаецца. «Ну тады, — спытала свякроў, — можа, возьмеце да сябе, хоць на тыдзеньчык, пакуль падужэю?» — «А куды? — развяла рукамі нявестка. — У старой кватэры — кватаранты жывуць, на год дагавор заключаны, у гэтай — мы з дачкой. Вас няма дзе спаць палажыць».
Маці — а што было рабіць — паехала дамоў. Адна. Таму па дарозе, хоць і нельга было, думала пра нябожчыка-сына, які б у дошку разбіўся, а ёй дапамог! Міжволі ўспамінала, як даваліся ім (і ёй жа таксама!) грошы на абедзве тыя кватэры ды ўсё іх «начынне», крыўдзілася на нявестку і ўнучку, якім аддавала апошняе і якія...
Дома ёй таксама нельга было насіць дровы і ваду, мерзнуць у стылай хаце, паліць у печы, плакаць...
Але не плакаць яна не магла!
...І на гэты раз «хуткая» ўжо не паспела.
Час страт і знаходак
...На дзевяностым годзе жыцця пісьменніца Лідзія Арабей (светлай памяці!) наракала зрэдчас на памяць, прычым ці не найбольш, калі гублялася... слова. «Ну вось жа, — злавала, — круціцца яно ў галаве... І патрэбнае (пісала яна да апошняга), а ўспомніць ну ніяк не магу».
«Час пошукаў» вымяраўся, бывала, гадзінамі, днямі і нават тыднямі, пасля якіх страта раптам з'яўлялася, аднекуль выплывала — сапраўдным падарункам!
Вось як мне надоечы кароткае:
Наперадзе
ўся твая сцежка —
Ты крышачку
толькі прайшла...
Хай з вочак
не сходзіць усмешка,
Хай сэрца
не страціць цяпла!
Гэта, відавочна, пісаліся да нейкай даты, некаму. А вось каму?
Некалі, можа, успомніцца ці сустрэнецца той чалавечак? Пакуль жа проста цікава, ці далёка зайшоў?
Валянціна Доўнар
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-dounar
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/prostaya-mova-0
[4] https://zviazda.by/be/prostaya-mova