Выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выпусціць тэматычны слоўнік пра Брэст, прысвечаны тысячагоддзю горада, паведаміў БЕЛТА [1] першы намеснік старшыні гарвыканкама Вадзім Краўчук.
Зараз ствараецца рэдакцыйны савет пад кіраўніцтвам старшыні Брэсцкага гарвыканкама Аляксандра Рагачука. У склад экспертнай камісіі ўвойдуць галоўны архітэктар Брэста, навукоўцы-гісторыкі, кіраўнікі музеяў, бібліятэк і іншых устаноў. "Першапачаткова плануецца выдаць 2 тыс. экзэмпляраў тэматычнага слоўніка. Выданне будзе праілюстравана фатаграфіямі, арыентыровачна ў ім будзе 480-500 старонак", - адзначыў Вадзім Краўчук. Ён дадаў, што слоўнік перададуць не толькі ў бібліятэкі Брэста, але і іншых рэгіёнаў рэспублікі.
Чытачам прапануюць дэталёва пазнаёміцца з гісторыяй і сучаснасцю горада-юбіляра. Тэматычныя падраздзелы будуць змяшчаць звесткі аб органах кіравання ў розныя перыяды, адміністрацыйных тэрыторыях, вуліцах, праспектах і бульварах, прыродных славутасцях. Плануецца расказаць пра эканамічнае развіццё абласнога цэнтра, дэмаграфічную сітуацыю, у тым ліку аб яго доўгажыхарах і ганаровых грамадзянах.
На старонках выдання можна будзе знайсці інфармацыю аб людзях, якія ўславілі Брэст сваімі талентамі і ўкладам у навуку, а таксама гісторыка-культурным набытку і памятных месцах, значных падзеях у грамадскім і культурным жыцці горада.
Чакаецца, што выданне ўбачыць свет напярэдадні афіцыйнага святкавання тысячагоддзя Брэста, якое адбудзецца ў верасні.
Усяго з нагоды 1000-годдзя абласнога цэнтра на працягу года плануецца правесці каля тысячы разноформатных мерапрыемстваў: тэматычнае добраўпарадкаванне і афармленне горада, адкрыццё новых сацыяльных аб'ектаў, арганізацыя міжнародных канферэнцый, конкурсаў, фестываляў, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў.
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/regions/view/tematicheskij-slovar-o-breste-vypustjat-k-1000-letiju-goroda-336238-2019/
[2] https://zviazda.by/be/tags/1000-goddze-bresta
[3] https://zviazda.by/be/tags/belaruskaya-encyklapedyya-imya-petrusya-brouki